Дыскамфорт пры звароце ў паліклінікі глуханямыя жыхары Гомеля адчувалі дзесяцігоддзямі, пры гэтым рашэнне праблемы ляжала на паверхні.
Свайго роду ноу-хау ўкаранілі ў Гомельскай гарадской паліклініцы №9. Каб у пацыентаў з парушэннем слыху не было праблем у зносінах з медыкамі, медустанову, у прыватнасці рэгістратуру, абсталявалі планшэтам, на сувязі з якім пастаянна знаходзіцца сурдаперакладчык. У любы час праз гэты планшэт з сурдаперакладчыкам можа звязацца медык, да якога звярнуўся пацыент з парушэннем слыху.
Прыкладна такі ж прынцып працы некалькі год таму на ўзбраенне сабе ўзялі экстранныя службы горада. У 2019 годзе ў Гомелі пачаў кругласуткава працаваць Цэнтр прыёму-перадачы паведамленняў ад жыхароў горада з парушэннем слыху ў экстранныя і іншыя службы. Там на прамой лініі ў відэафармаце працуюць чатыры перакладчыка жэставай мовы.
Той выпадак, калі вопыт у экстранных службаў быў пераняты вельмі ўдала. Хоць і праз некалькі гадоў.
На шчасце, 9-я паліклініка – даволі прагрэсіўная. У гэтай жа медустанове, дарэчы, на ўваходзе ўсталявана кнопка выкліку медработніка (яна ўстаноўлена для пацыентаў з праблемамі апорна-рухальнай сістэмы), ёсць спецыяльныя паказальнікі для пацыентаў з парушэннем зроку, а ў хуткім часе ў паліклініцы плануюць укараніць і шрыфт Брайля.
Па афіцыйных дадзеных, якія агучваюць гомельскія чыноўнікі, усяго ў гарадскіх паліклініках назіраюцца 1090 чалавек з парушэннем слыху. Таму хочацца спадзявацца, што сувязь з сурдаперакладчыкам, а таксама іншыя спецыялізаваныя цывілізаваныя ўмовы для людзей з інваліднасцю хутка з’явяцца і ў іншых установах Гомеля. І не толькі ў медычных.