Навіны горада

“У 2023 мы ўсе, нарэшце, пабачымся і абдымемся”. Вядомыя гомельцы падсумоўваюць “самы драматычны” год у сваім жыцці

“Штодзень” правёў апытанне гамяльчан пра іх настроі падчас Калядаў

У 2022-м годзе здарылася найгоршае з таго, што магло здарыцца пры жыцці нашага пакалення. Вайна. Гэтая падзея і без таго ўскладніла сітуацыю ў самой Беларусі, у якой найлепшыя людзі краіны сядзяць у турмах па сфабрыкаваных справах, а многія тысячы беларусаў вымушаныя пакінуць родныя дамы. “Штодзень” звярнуўся да вядомых гомельцаў, каб яны падзяліліся сваімі думкамі пра тое, якім быў мінулы год і чаго чакаць ад 2023-га.

Святлана Кароль, грамадская дзяячка, педагог:

Здаецца, за ўсё жыццё (у 2023-м годзе мне споўніцца 62) сыходзячы год — самы пакутлівы. Адлік пачаўся 24 лютага і душа пакутуе кожны дзень. Спачуваю ад усяго сэрца людзям, якія апынуліся ў гэтым горы! Веру, што ў надыходзячым годзе вайна скончыцца. Сумую па сябрах, якія цяпер знаходзяцца ў беларускіх турмах. Крыху лягчэй было, калі ліставалася з імі, зараз такой магчымасці не стала: лісты ні ім, ні ад іх не даходзяць. Леанід Судаленка, Дзіма Грышчанка, Ігар Галушка, Яуўген Меркіс і Ларыса Шчыракова, Максім Пучынскі, Наста Лойка і Даша Лосік — мае добрыя знаёмыя і праз іх, хаця б віртуальна, дасылаю словы салідарнасці ўсім, хто за кратамі. Хачу верыць, што ў 2023 годзе ўсе апынуцца на свабодзе, дома! Як “вішанька на торце” гэтага “ачмурэннага” года, яшчэ й нечакана памёрла мая адзінаццацігадовая котка Нюша… Сумую неймаверна па гэтым пушысціку. Грэе душу ўспамін пра лета. У вёсцы, у дзедавай хаце, з дзецьмі, унукам і сабакамі было ціха, радасна, спакойна і пяшчотна. Хай шчасціць ім, маім даражэнькім. Прывітанне ўсім, хто апынуўся адарваным ад сваякоў. Веру, што ў 2023 усе, нарэшце, пабачымся і абдымемся. Міра, свабоды і душэўнага святла добрым людзям у надыходзячым годзе!

 

Ілля Міронаў, валанцёр:

Сябры, віншую ўсіх з Калядамі і надыходзячым новым 2023 годам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сілы духу, ну, і вядома, каб усе палітвязні як мага хутчэй выйшлі на волю! Гэты 2022-ы для мяне быў цяжкі, бо я знаходзіўся ў турме і быў пазбаўлены права на перапіску, маючы зносіны толькі з мамай. У канцы мінулага года я даведаўся, што мяне адзначылі ў вобласці праваабарончай дзейнасці ў намінацыі “Пішыце лісты”. І гэта надало энергіі і сіл, гэта дазволіла мне пераадолець увесь гэты шлях , пісаць лісты на волю, аж да свайго вызвалення. Гэта быў цуд, калі мяне вызвалілі з залы судовага паседжання! Я ўпэўнены, гэта адбылося толькі дзякуючы вашай падтрымцы, сумленныя беларусы! Дзякую! Таму я працягнуў займацца грамадскай дзейнасцю, у тым ліку прадуктовымі перадачамі, маніторынгам судоў і напісаннем лістоў салідарнасці. Практычна адразу ў адносінах да мяне пачаліся рэпрэсіі і ціск як з боку праўладных СМІ, так і таксічных асобаў у сацыяльных сетках. Пасля выклікаў на прафілактычныя размовы мяне двойчы арыштоўвалі і прыгаварылі ў сукупнасці да 17 сутак адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй тэлефона. Усё гэта сведчыць пра тое, што робіцца ўсё, каб я спыніў грамадскую дзейнасць, а яшчэ лепш выехаў з краіны. Але гэта мне толькі надае сіл і ўпэўненасці ў правільнасці абранага шляху. Я не збіраюся пакідаць сваю радзіму толькі з нечае прыхамаці і далей працягваю займацца тым, чым займаюся на працягу апошніх гадоў: падтрымліваю тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, як падтрымлівалі мяне, калі я знаходзіўся пад вартай.

Упэўнены, што 2023 год будзе лепшым за гэты. Палітвязні выйдуць на волю, спыніцца рэпрэсіўная машына і гэта залежыць толькі ад нас, толькі ад нашай салідарнасці і ўзаемнай падтрымкі!

Валерый Сляпухін, грамадскі актывіст:

2022 год для мяне — гэта вайна ва Украіне, сотні і тысячы бежанцаў, гэта амаль 3 месяцы валанцёрства. Гэта злом усіх планаў, новае месца жыхарства ў новай краіне. Гэта атрыманне новай адукацыі па мясцовым самакіраванні ў Польшы. У 2022-ым годзе ўдалося дабіцца перайменавання скверу ў Кіеве ў гонар Кастуся Каліноўскага. У 2023-м чакаю на перамогу Украіны, паляпшэнне сквера Каліноўскага ў Кіеве, выхад з няволі палітвязняў.

Уладзіслаў Наважылаў, музыка:

Не раблю такіх вынікаў апошнія два гады. Хачу толькі перамогі Украіны, каб Беларусь жыла, каб усе тыраны зніклі.

Яўген Малікаў, кандыдат мастацтвазнаўства, гісторык:

Вынікі гэтага году для мяне вызначаюцца некалькімі падзеямі: 1) Вайна змяніла мае жыццёвыя планы. 2) З трэцяй спробы на трэці год пошукаў я ўсё-такі знайшоў невядомы ў Беларусі інвентар Гомельскага староства 1717 г. Буду рыхтаваць яго да публікацыі. Было яшчэ мора іншых цікавых знаходак, але гэтая найбольш запомнілася, бо я за ёю доўга ганяўся.

 

Штодзень