Калі краіна стаіць на раздарожжы, кожны застаецца сам-насам з маральным выбарам: рызыкаваць уласным лёсам дзеля лепшай будучыні іншых ці задаволіцца ціхім і спакойным жыццём з адсунутым убок сумленнем. Актыўнасць ці абыякавасць? Дзея альбо пакорнасць? У стужцы іранскага рэжысёра Махамада Расулофа, знятай у знакавым для беларусаў 2020 годзе, паказана, як па-рознаму вырашаюць для сябе розныя героі гэтую праблему.
Чым кіно “Тут няма зла” (There Is No Evil, па-персідску شیطان وجود ندارد) – лаўрэат Берлінскага кінафестывалю – можа быць цікавым беларусам, распавядае “Штодзень”.
Стужка Расулофа адлюстроўвае розныя аспекты чалавечай дзейнасці
Дэталёва прарысаваны сцэнар і выдатная аператарская праца робяць выразным культурніцкі план. Нават той, хто нічога не ведае пра сацыяльна-палітычныя рэаліі сённяшняга Ірана (артыкул “Штодня” пра гэтую краіну можна прачытаць тут), заўважыць разбалансаванасць і дэфармацыю ў арганізацыі жыцця, добра бачную нават у вырашэнні побытавых пытанняў.
Гіпермаркет завалены таварамі, але мяхі з папулярнай ежай – рысам – праз санкцыі, выдаюць па размеркаванні, і не ўсім іранцам, канешне ж, а толькі тым, хто на адказнай працы. (Як не ўзгадаць савецкія пайкі для супрацоўнікаў партыі? Адрознівацца могуць перадумовы для ўзнікнення дыктатур, але вынік для простых грамадзян заўсёды будзе аднолькавы…). Пры наяўнасці ў кожнай сям’і такіх дасягненняў цывілізацыі, як аўтамабіль ці сотавы тэлефон, трэба ехаць у банк, каб атрымаць заработную плату наяўнымі грашыма (тэрміналы для аплаты карткамі ў кадры можна пабачыць, але, падобна, што зноў такі, з-за санкцый, працуюць яны з перабоямі). У элітным доме, з добрымі кватэрамі і падземным гаражом, уваходныя дзверы маюць шмат замкоў (як у нас у 1990-я гг.). А тых жанчын, каго ёсць каму забраць з працы, лічаць шчаслівымі – такія кадры лепш за любую статыстыку дэманструюць узровень злачыннасці ў Іране.
Менавіта вялікай колькасцю злачынстваў і тлумачаць улады шырокае прымяненне смяротнага пакарання. І пэўная частка іранцаў верыць прапагандзе, не звяртаючы ўвагі ні на вар’яцкую антыгуманнасць такога выраку, ні на тое, што палітычных зняволеных у вязніцах куды больш, чым крымінальных.
Што адчувае той, хто паўстаў супраць сістэмы, тыраніі і несправядлівасці
У стужцы “Тут няма зла”, праз чатыры розныя гісторыі, паказваецца адваротны бок праблемы: матывацыя і ўнутраны сусвет тых, хто сутыкнуўся з выбарам “выканаць антыгуманны загад улады, бо гэта твая праца / абавязак, ці захаваць уласную годнасць, зруйнаваўшы лёс, і толькі свой”.
Выконваць смяротныя прысуды ў Іране могуць як наёмныя супрацоўнікі спецыяльных устаноў, так і салдаты, што праходзяць абавязковую вайсковую службу. (Без ваеннага білета нармальнае жыццё для мужчыны тутака немагчыма: кар’еру не пабудуеш, правы кіроўцы не атрымаеш, выехаць за мяжу немагчыма. Таму шмат хто добраахвотна ідзе на вайсковую службу, каб потым жыць добра, верагодна, у іншай краіне).
Рэжысёр здолеў сабраць увесь спектр магчымых пазіцый тых, каго лёс ставіць перад цяжкім выбарам. Есць тыя, хто не адчувае адказнасці і не турбуе свой мозг дылемай, бо “калі ўлада сказала, так павінна быць, іначай мы не пераможам злачыннасць”. Іншы ўсё разумее, але канвертуе ўласнае сумленне ў новую сукенку для жонкі і паход у піцэрыю з дачкой, а цяжкія думкі глушыць жменяй антыдэпрэсантаў. Але, на шчасце, ёсць і тыя, для каго чалавечае жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, якую трэба ратаваць, нават коштам уласнай будучыні.
Добрае кіно павінна быць педагогам. Стужка Расулофа напоўніцу спаўняе гэтую функцыю. У тым ліку і праз гісторыю сапсаванага лёсу таго, хто бяздумна выканаў антычалавечны загад уладаў (хацелася б верыць, што адплата закране кожнага карніка і бяздушную асобу ў кожнай краіне).
Бонусы для гледачоў
Не можам абмінуць некалькі прыемных бонусаў, што чакаюць гледачоў “Тут няма зла”. Аматары замежных моў могуць адчуць (хай і ў невялічкай колькасці) асалоду ад гучання фарсі. Калі адзін з герояў уключае тэлебачанне, гэты момант не быў пераагучаны. На слых можна падумаць, што гучыць нейкая сумесь французскай і нямецкай гаворак. Персідская мова належыць да індаеўрапейскіх, мо і сапраўды ёсць між імі нешта агульнае?.
І галоўная неспадзяванка – “Bella ciao!” па-персідску. Хто любіць гэту песню так, як я, і ведае безліч версій на самых розных мовах, атрымае неверагодную асалоду.
Псіхалагічна фільм не самы лёгкі, маецца пара жорсткіх сцэн, таму лепш глядзець яго без малых дзетак. Падлеткам можна, калі вы гатовы ім патлумачыць сэнс таго, што адбываецца на экране.
Прыемнага прагляду!