“Дарогі і людзі, ды каго яны хвалююць? Галоўнае кукурузы больш пасеяць!”

Чачэрцы абураныя кепскай якасцю дарог у раёне

by ZB

Жыхары Чачэрскага раёна скардзяцца на кепскі стан мясцовых дарог. Асабліва наракаюць вяскоўцы з размешчаных непадалёку ад раённага цэнтру вёсак Матневічы і Сапрыкі. “У гэтым годзе моцныя дажджы асабліва маляўніча падкрэслілі, наколькі разбуранае дарожнае пакрыццё”, – пішуць у сацсетках мясцовыя.

“Кожныя 30-50 м – прамыіна, якая з наступным моцным дажджом можа стаць ярам. Дарожныя адхоны ўсё мацней размываюцца, асфальт абрываецца і здаецца пад націскам сельскагаспадарчай тэхнікі, якая без стомы адваёўвае паласу, якая павінна б абараняць дарогу ад разбурэння і займаць не менш за 2 м ад падэшвы дарожнага насыпу. Але пра “паласу адводу” ў нас не чулі. Ды і ўмацаваныя зараз адхоны зусім не адмысловай травой, якія нельга парушаць узворваннем, а кукурузай. Пра «прыдарожныя палосы (кантраляваныя зоны), прызначаныя для забеспячэння захаванасці аўтамабільных дарог агульнага карыстання і стварэння неабходных умоў для іх утрымання, рамонту і развіцця, уключаюць у сябе зямельныя ўчасткі шырынёй да 100 метраў у абодва бакі ад восі аўтамабільнай дарогі» – даводзіцца толькі марыць”, – пішуць у зваротах вяскоўцы.

Таксама жыхары раёна наракаюць на тое, што мясцовыя сельгаспрадпрыемствы не пераймаюцца нарматывамі бяспекі: “Вось у Матневічах ужо аруць асфальт. Урадлівы пласт ужо да разметкі пасярэдзіне праезнай часткі дабраўся. Камяні, якія замінаюць апрацоўцы палёў, выгружаюць прама на асфальт. Бо што? Правільна, дарогі ў нас для пасеву кукурузы прызначаны і ездзіць па іх не прадугледжана. А калі хто наляціць упоцемках, то сам вінаваты – няма чаго па дарозе ездзіць. Можна, вядома, яго ссунуць. Толькі куды? Назад у поле, каб яго зноў выкацілі? А па-добраму, камень на асфальце і з’яўляцца не павінен быў. Яшчэ кукуруза на мяжы асфальта забяспечвае выдатны агляд. Асабліва на паваротах. Крадзецца аўтамабіль па тунэлі… А калі асфальт увесь скрышыцца, можна будзе араць поле цалкам і не пераймацца. Гэтак жа, як пераараныя дарогі да сельскіх могілак. Тым, у каго сваякі пахаваны на Заложжы ці Ржаўцы, каб наведаць магілы для падтрымання парадку, трэба ці вучыцца лётаць, ці прабівацца праз пасевы. У мінулым годзе можна было ўявіць сябе ласём, які ідзе па кукурузе з інструментамі для рамонту і ўборкі…”

“Краіна ў нас, вядома, аграрная і сельская гаспадарка на першым месцы. А дарогі і людзі, ды каго яны хвалююць? Галоўнае кукурузы больш пасеяць”, – падсумоўваюць чачэрцы.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png