Гомельскія вулічныя гадзіннікі. Альбо хто прамяняў радзіму на расійскую імператрыцу

by ZB

Без чаго немагчыма ўявіць святкаванне Новага года? Без ялінкі, мандарынаў і, канешне ж, бою гадзінніка, які падказвае, што можна пералістваць каляндар. Звычайна мы сочым за цыферблатам у інтэрнэт- ці тэлетрансляцыі. А ці захаваліся ў Гомелі месцы, дзе можна палюбавацца бегам стрэлак на ўласныя вочы? Штодзень адшукаў для вас такія лакацыі.

Самы вядомы гомельскі гадзіннік месціцца на вежы палацава-паркавага ансамбля. Калі гадзіннік з’явіўся тут упершыню, дакладна невядома. Але адбылося гэта, на думку гісторыкаў, раней за 1863 год.

Вежа на карціне А. Ідзкоўскага (1835 г.) яшчэ не мае гадзінніка
Крыніца: Вікіпедыя

На малюнку Напалеона Орды (1877 г.) гадзіннік ужо ёсць. Крыніца: Вікіпедыя

Добра бачны гомельскі гадзіннік і на выяве невядомага аўтара (1883 г.) Крыніца: Вікіпедыя

Падчас ІІ Сусветнай вайны вежа, як і ўвесь палац, моцна пацярпела.

Разбураны палац у вызваленым Гомелі. 1944 г. Крыніца: wwii.space

Аднавіць гадзіннік узяліся толькі ў канцы 1960-х., па эскізах, зробленых канторай «Моспроект». У якасці музычнай кампазіцыі абралі «Люблю наш край, старонку гэту» (словы Канстанцыі Буйло, музыка Міколы Равенскага).

У 2000-х, калі паўстала неабходнасць абнаўлення механізма, вырашылі вярнуцца да дызайну, максімальна падобнага на дарэвалюцыйны. Менавіта гэтым гадзіннікам можа зараз палюбавацца кожны наведвальнік парку.

Стары механізм замянілі на электронны, меншы па памерах. Гукавы сігнал падаецца кожныя 15 хвілін. А кожную гадзіну гучыць песня, на жаль, ужо зусім не беларуская – ваенны марш “Гром победы, раздавайся!” (словы Гаўрыілы Дзяржавіна). Гэтая кампазіцыя была неафіцыйным рускім нацыянальным гімнам канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Ёсць добрыя песні пра Беларусь, можна знайсці кампазіцыі пра Гомель, але гучыць над Сожам чамусьці музычны твор, што змяшчае радкі “Славься сим, Екатерина!”…

Наступны герой нашай вандроўкі з’явіўся на свет у 2007 годзе на фасадзе Гомельскага тэатра лялек. На сайце вытворцы (лічыцца, што гадзіннік швейцарскі, але зроблены ён расійскім прадпрыемствам MobaTime) можна нават азнаёміцца з асноўнымі тэхнічнымі характарыстыкамі. Напрыклад, дыяметр складае 1,3 м, вага – 80 кг. “Спявае” гадзіннік песню з дзіцячай кінастужкі “Прыгоды Электроніка”. Песня добрая, але, на жаль, зноўку зусім не беларуская.


Гарадоў, слынных з відовішча, якое дорыць бой гадзінніка, хапае. Так, у Мюнхене раз у дзень побач з цыферблатам з’яўляюцца ажно 32 фігуркі, якія нагадваюць і пра вяселле манарха, і пра эпідэмію чумы. На пражскай ратушы можна пабачыць 12 апосталаў, а ў Познані – козлікаў, што б’юцца адно з адным.

“Шпацыр” апосталаў у Празе. Крыніца: Вікіпедыя

Гадзінніка, які б такім чынам цешыў вока, у Гомелі пакуль што няма. Затое ў нас ёсць цікавостка для меламанаў! Некалькі год таму на пр. Кастрычніка, насупраць Гомельскага маторарамонтнага завода (і па ініцыятыве яго кіраўніка) была пабудаваная часазвоня. Добрай архітэктурай будынак пахваліцца, на жаль, не можа. Але на часазвоню трэба не глядзець. Яе трэба слухаць. З сёмай раніцы і да адзінаццатай увечары пачатак кожнай гадзіны азначаецца пэўнай мелодыяй. І не абы якой, а нашай, беларускай! На кожную гадзіну – свае гукі. Чаго тут толькі няма: ад народных песень да класікі (паланэз Агінскага), ёсць і сучасныя хіты. Дзе яшчэ хлопец можа прызначыць дзеўчыне спатканне не банальна ў 17.00, а падчас “Бывайце здаровы”? Гадзіннік і электронныя званы змайстравала італьянская фірма. Яшчэ адна адметнасць часазвоні – праваслаўныя святыя, чые лікі размешчаны на сценах, маюць дачыненне да гомельскай зямлі.

Працэс узвядзення званіцы ў 2018 годзе. Фота: Гомельскія ведамасці

Гадзіннікі, усталяваныя ў ХХІ ст., з’яўляюцца хутчэй архітэктурным элементам, вострай неабходнасці ў іх, як гэта было ў мінулыя часы, няма. Але ёсць у Гомелі месца, дзе гадзіннік актыўна выкарыстоўваецца па прызначэнні – чыгуначны вакзал. Сапраўды, калі спяшаешся на цягнік, ды яшчэ з валізкамі, лезці па мабільны, каб удакладніць час, не вельмі зручна. Гомельскі вакзальны гадзіннік не мае нейкіх дызайнерскіх ці канструкцыйных асаблівасцей, не выдае гукаў. Выключна функцыянал.

Гадзіннік на будынку прыгараднага вакзала. Крыніца: https://railwayz.info/

Акрамя звычайных, хапае ў Гомелі і электронных гадзіннікаў. Частка з іх за апошнія дзесяцігоддзі знікла з-за заняпаду прамысловых прадпрыемстваў (менавіта на будынках заводаў і фабрык часцей за ўсё з’яўляліся табло з часам) ці пры рэканструкцыі забудовы. Так, нельга пабачыць час і тэмпературу на будынку закінутага Завода вымяральных прыбораў (колькі пакаленняў гомельцаў з трывогай паглядалі на табло па дарозе на працу – не спазніцца б).

Іншыя працягваюць працаваць, замяняюцца новымі мадэлямі пры рамонце будынкаў.

Электронны гадзіннік фабрыкі 8 сакавіка
Крыніца: wikimapia.org

Табло з часам на будынку гомельскага аўтавакзала.
Крыніца: tourister.ru

А які з гомельскіх гадзіннікаў вам падабаецца найбольш? Мо ў вашым жыцці была нейкая цікавая гісторыя, звязаная з гарадскім гадзіннікам? Калі так, падзяліцеся з намі!

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png