100 гадоў з моманту нараджэння гомельца, кіраўніка Нарыльскага паўстання Рыгора Клімовіча
“Штодзень” публікуе малавядомыя факты пра аўтарытэтнага дзеяча антысавецкага супраціву, якога паважалі нават партыйныя начальнікі
Адзін з лідараў Нарыльскага паўстання, аўтар паўстанцкага гімна і ўдзельнік беларускага антысавецкага супраціву ў Гомелі Рыгор Клімовіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Шляхецкая Ваколіца, сёння гэта вёска Цярэшкавічы Гомельскай вобласці (у расійскіх крыніцах у 1926 г.). Паходзіў са шляхецкай сям’і, з Клімовічаў-Цераніцкіх. Паводле ўспамінаў Рыгора Клімовіча, яшчэ ў дзяцінстве ён чытаў беларускія кніжкі, што не прайшлі цэнзуры, і гэта паспрыяла яго далучэнню да беларускай ідэі. Паступіў у Гомельскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, у якім вучыўся да пачатку вайны.
З маладосці Рыгор Клімовіч пісаў вершы. У адным з інтэрв’ю ўзгадваў яго сын Юрый:
– Пісаў вершы, прычым дапісаўся да таго, што запрасілі яго на дачу Янкі Купалы. І ён паехаў у шэрагу некалькіх маладых хлопцаў і дзяўчат. Ну там якая сустрэча была: прывялі іх, пасадзілі, слухаў-слухаў Купала іх вершы, а потым кажа, што “хадземце гарбату піць”. І потым жонка Купалава частавала іх сочывам. Аб надвор’і гаварылі. 1939-1940-я гады, аб чым там можна гаварыць? Толькі аб надвор’і, і Купала гэта таксама выдатна разумеў.
У 1940-м у яго здарыліся першыя непрыемнасці з уладамі. Ён апублікаваў крытычную зацемку пра нацыстаў у сценгазеце “Еўрапейскі цыклон”, якая выдавалася ў Гомельскім педтэхнікуме. У артыкуле гаварылася пра тое, як ад удараў нацыстоўскай арміі падала краіна за краінай. А ў той момант Нямеччына была фармальным саюзнікам СССР. І такія рэчы нельга было друкаваць. І сценгазета правісела літаральна паўгадзіны, пасля чаго ў аўтара былі вялікія праблемы.
Пасля нападу немцаў на СССР у 1941-м вермахт хутка прасоўваўся па савецкай тэрыторыі: занялі Бранск, Старадуб, Кіеў… Рыгор Клімовіч, паводле некаторых звестак, трапіў у атачэнне ў Кіеўскім катле, пасля чаго нейкі час прабыў на акупаванай тэрыторыі. Але адтуль ён дабраўся да расейскага Саратава, дзе ў канцы 1942-га года паступіў на факультэт журналістыкі эвакуяванага БДУ. Там ён правучыўся амаль два гады.
У 1943 годзе Рыгор Клімовіч быў арыштаваны і асуджаны на 10 год за тое, што быў пад акупацыяй. Пасля яму прысудзілі яшчэ 15 год – за напісаныя падчас зняволення вершы. Так ён трапіў у Горлаг, дзе пазней стаў адным з кіраўнікоў паўстання. Яго ўзгадвалі як дзёрзкага, здольнага ісці на рызыку чалавека.
У 1944 годзе на допыце ў НКВД з яго выбівалі паказанні, спрабуючы дабіцца ад яго, што ён рабіў пад акупацыяй. Тады ён абраў адзіную тактыку: нічога не казаць нават пад катаваннямі. Давесці сваю невінаватасць іншым спосабам было немагчыма. “Я адмаўляюся даваць паказанні, рабіце са мной, што хочаце”, – распавядаў пазней пра сваю лінію паводзінаў на допытах Рыгор Клімовіч. Яго і білі, і спрабавалі ціснуць. У рэшце рэшт, далі 10 год.
Пасля 1947 года Рыгора Клімовіча, які ў няволі пісаў ананімныя вершы з крытыкай сталінізму, перавялі ў Горлаг пад Нарыльскам, які за сваю сумную рэпутацыю лічыўся “лагерам смерці”.
Рэпрэсіі ў часы панавання сталінскага рэжыму прывялі да паўстання вялізных канцлагерных абшараў, месцаў, дзе зняволеныя не проста адбывалі свае вялікія тэрміны, але гублялі здароўе і жыццё. Адным з такіх месцаў стаў Горлаг – адмысловы горны лагер у Нарыльску на Таймыры (Краснаярскі край), створаны ў 1948 годзе.
Зняволенымі Горлагу былі пераважна палітычныя, асуджаныя па 58-м артыкуле, так званыя “ворагі народа”, якіх прымушалі выконваць цяжкія фізічныя працы, да прыкладу, у шахтах. Канцлагер, з якога многія ніколі так і не выйшлі. Акрамя таго, турэмшчыкі Горлагу прыбягалі да непасрэдных забойстваў зняволеных. Вязні галадалі.
ПАЎСТАННЕ: ЯК ГЭТА БЫЛО
Фармаванне Рыгора Клімовіча як беларускага патрыёта прайшло ў Нарыльску. Менавіта там, пачынаючы з 1945 года, ён убачыў тысячы несавецкіх людзей, якія змагаліся супраць камуністычнай імперыі са зброяй у руках. Гэта былі ўкраінцы, якіх саджалі цэлымі вёскамі, сем’ямі. Гэта была катэгорыя вязняў, якіх не было раней у СССР: цалкам антысавецкія, якія не каяліся. Яны адкрыта казалі: “Мы змагаліся супраць, змагаемся, а калі выпусціце, будзем далей змагацца…” Такіх людзей у савецкай Расеі і БССР проста пазабівалі ўсіх яшчэ перад вайной.
У маі 1953 года, пасля смерці Сталіна, у палітычных зняволеных з’явіўся прамень надзеі, але амаль ніхто з іх не трапіў пад амністыю або прынамсі ў менш жорсткія ўмовы ўтрымання. Гэта выклікала бунтарскія настроі сярод вязняў. Але непасрэдным штуршком да пачатку паўстання стала забойства лагернай аховай некалькі вязняў 25 мая 1953 года. Вось як узгадваў пра гэта адзін з лідараў паўстання Рыгор Клімовіч:
– Кіраўнікі нацыянальных грамадаў Горлагу раіліся ўсю ноч. Былі такія, што казалі, быццам без сэнсу пратэставаць. Але на раніцу мы пачалі каваць шаблі, рабіць гранаты, абкладаць грузавікі бетоннымі плітамі дзеля прарыву.
Паўстанне ахапіла ўсе зоны і аддзяленні Горлагу. У зонах вывешвалі лозунгі: “Свабода народам і чалавеку!”, “Свабода або смерць” і іншыя, а таксама чорны сцяг з чырвонай паласой, што сімвалізавала пралітую ў змаганні кроў. Паўстанцы адмовіліся выходзіць на працу, патрабавалі прыезду камісіі з Масквы, перагляду сваіх спраў, скарачэння 12-гадзіннага працоўнага дня.
Актыўнымі падчас паўстання былі вязні-ўкраінцы, “заходнікі”, але таксама беларусы.
Па ацэнках Рыгора Клімовіча, у паўстанні ўзялі ўдзел больш за пяць тысяч беларусаў, чацвёра з якіх узначалілі паўстанцкія камітэты.
Сярод беларусаў-паўстанцаў быў і Мікола Конан – — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву з Глыбоччыны.
ПАЎСТАННЕ: ПАДАЎЛЕННЕ
У пачатку чэрвеня з Масквы ў Горлаг прыбыла камісія высокага ўзроўню. Аднак яе канчатковай мэтай было не выкананне патрабаванняў паўстанцаў, але задушэнне пратэсту. Хоць перамовы з вязнямі і вяліся. “Мы адчулі не страх, а пякучую нянавісць да катаў, – узгадваў Рыгор Клімовіч. – Мы не кінуліся ўцякаць ад небяспекі, а рашуча ставалі на месцы забітых”.
У ноч на 4 жніўня 1953 года Нарыльскае паўстанне было канчаткова задушана. Пачаліся арышты, збіванні, допыты, новыя тэрміны. Сын Рыгора Клімовіча Юрый пра падаўленне паўстання распавядаў так:
– Зразумела, як яно было падаўленае. З гэтых успамінаў, канешне, мяне найбольш уразіла не столькі само паўстанне, колькі яго канец. Тады калону людзей у тысячы чалавек вывозілі з лагера ў тундру. А трэба разумець, што такое тундра ў чэрвені: гэта сантыметраў 10 вады, мох, вада. І людзей станавілі на калені. І вось поле, дзе стаіць тысяч 10 чалавек, і сотню за сотняй, тысячу за тысячай, як яны выходзяць, становяць на калені.
Нарыльскае паўстанне ахапіла перыяд з 26 мая па 4 жніўня 1953 года. Паводле афіцыйных звестак, у выніку загінула 150 чалавек (неафіцыйна называецца да 1 тысячы). Пры гэтым самі паўстанцы выяўлялі не гвалтоўны характар супраціву. Паводле архіваў, лік асуджаных, якія пратэставалі адначасова, даходзіў да 16 378 чалавек.
Паўстанне было задушанае, але ў выніку і Горлаг быў расфарміраваны. Само ж Нарыльскае паўстанне паклала “пачатак канца” рэпрэсіўнай сталінскай сістэмы.
Упершыню інфармацыя пра Нарыльскае паўстанне адкрыта прагучала ў 1991 годзе ў Кіеве на сусветным Кангрэсе ўкраінскіх палітзняволеных. Тады ж упершыню быў публічна названы і аўтар гімна паўстанцаў “Не страшны нам тиранства большевизма” – Рыгор Клімовіч, яго пазнаў адзін з былых вязняў. Гімн быў напісаны ўжо пасля задушэння паўстання.
Нас не зламіць рукой раба-салдата
Свабоды кліч згінае сталь штыкоў
І не стрымаць крывавым вадаспадам
Растучы гнеў антыбальшавікоў.
(радкі з гімна Нарыльскага паўстання ў перакладзе на беларускую мову)
Напярэдадні вяртання на радзіму Клімовіча спачатку перавялі ў турму ў Краснаярску, так званую “краснаярскую перасылку”.
“Уявіце сабе. Рыгор заходзіць у камеру, зэкі ўстаюць, яму ля акна з правага боку, як для “сматрашчага”, пакідаюць у тумбачцы: сала, беламор, цукар горкай ляжыць… Сустракалі як “вора в законе”. Яму гэта было прыемна згадваць. Маглі ж забіць, кінуць у прэс-хату якую, а яго як злодзея ў законе сустрэлі! А чаму так было? Справа ў тым, што сістэма пенітэнцыярная працуе па загадзе з Масквы. Будзе загад – зробяць кепска, а як не будзе, то ўсё будзе норм. І адтуль ён ужо трапіў ва “Ўладзімірскі цэнтрал”, дзе ён прасядзеў амаль тры апошнія гады. Там не было крымінальнікаў, там сядзелі па 58 -м палітычным артыкуле. І хто сядзеў? Напрыклад, львоўскі гісторык, з ім сядзеў таксама адзін з выбітных дзеячоў украінскага нацыянальнага руху Антановіч. Можна сказаць, ён вучыўся ва “Ўладзімірскім цэнтрале” гэтым. Там дазвалялася без абмежаванняў пісаць спіс кніг, а бібліятэка была з канфіскату. Якасць бібліятэкі была настолькі высокая, што напэўна, ні ў воднай савецкай такога не было. Ён, да прыкладу, замаўляў чатырохтомнік Тэадора Мамзэна “Гісторыя Рыма”, гісторыю літаратуры, розных меражкоўскіх, якія немагчыма нідзе было прачытаць. Украінскі прафесар добрыя паўгода чытаў лекцыю пра гісторыю запарожскага казацтва… Вось такія ў яго былі апошнія два гады перад вызваленнем. Таму ў пэўным сэнсе, калі ён прыйшоў у Гомель, прыехаў, гэта была сацыяльная дэградацыя…”
Рыгор Клімовіч, паводле згадак сучаснікаў, быў вельмі валявой і мужнай асобай. На якой бы пасадзе ён не працаваў, паўсюль сустракаўся з павагай падначаленых і кіраўнікоў.
“Грошай у яго не было па вяртанні. Пайшоў рабочым на Вагонарамонтны завод. Працаваў таксама падсобнікам. Дайшоў да сярэдніх кіраўнічых пасадаў, далей быў ход забаронены, трэба было ў партыю ўступаць, але тут, зразумела, справа была закрытая. Дзе б ён ні працаваў, у яго аўтарытэт быў найвышэйшы. Гэта заўсёды ўражвала. Часцяком так бывае, што калі чалавек апазіцыйнага складу мыслення, то ў яго не атрымліваюцца адносіны з уладамі. А ў яго былі выдатныя дачыненні. Кіраўніком транспарту пайшоў на кандытарскую фабрыку “Спартак”. Да яго пачалі звяртацца людзі, якія выходзілі з месцаў зняволення, але не маглі нідзе ўладкавацца на працу. Ён іх браў да сябе. І прыйшоў неяк да іх асабіст з КДБ: “Што гэта такое! У вас 12 грузчыкаў і ў кожнага па 2-3 ходкі. Скажыце, ці ёсць выпадкі крадзяжоў? Павінны быць! Што гэта за брыгада сфармавалася на разгруза-пагрузачных работах?!” Яму адказваюць: “Няма выпадкаў!” Як няма?! А ў бацькі была такая ўмова: сюды прыходзіш – ніякіх крадзяжоў. Адзін там спрабаваў нешта, дык на яго ўся брыгада накінулася, кажуць: “Ты што, Сяргеіча падстаўляеш!” Потым, калі на іх завод прыехаў у пачатку 1960-х Фёдар Сурганаў (высокапастаўлены камуністычны функцыянер – рэд.), быў такі выпадак. Нешта там машыны на пагрузцы скапіліся, ён абыходзіў, пытаў, дзе там начальнік. Яны з Рыгорам Сяргеічам дзве-тры хвіліны пагаварылі. І ён, Сурганаў, у сваёй світы спытаў: “А хто гэта такі?” Чаму?! Таму што ён глядзеў яму ў вочы. У стадзе павіянаў лічыцца як? Нельга глядзець у вочы альфа-самцу. У вочы глянеш – заб’е. Старшыня рады міністраў не прывык, што яму глядзяць у вочы…”
“За ім увесь час КДБ сачыла. Калі ён першы раз ехаў на адпачынак дзесьці ў 1957-1958 гадах, здарыўся самы знакаміты выпадак. Гэта першы ці другі яго адпачынак быў улетку. Ён вырашыў да сяброў ва Украіну паехаць. Даехаў ён да Церахоўкі, якая на мяжы з УССР. Прыйшлі нібыта з прэтэнзіяй: “У вас квіток не на гэты цягнік!” Брыгадзір цягніка: “Ваш пашпарт!”. Ён рукі ў кішэню, а яму рукі з кішэні! І выводзяць з вагону. А ў Церахоўцы стаяць дзве “Победы”. І паўз Гомель яго павезлі ў Менск адразу, у “амерыканку”. Дарэчы, амерыканку тады толькі пабудавалі. Рыгор быў адным з першых сядзельцаў. А там высвятлілася, што сябры, да якіх ён ехаў, былі арыштаваныя. Пазней іх пасадзілі. А яго там толькі пратрымалі тыдзень, да яго прэтэнзій не было, збіралі інфармацыю. Цікавіў проста расклад. Допыт вёў генерал з Масквы. Потым яму выдалі даведку, што ён, маўляў, тыдзень у шпіталі праляжаў…”
“Вербавалі суседзяў, вербавалі з усіх бакоў, каб “стучалі” на яго. І сваякоў… І да 1990-га гэта працягвалася. Тады ён стаў кіраўніком Асацыяцыі беларускіх палітзняволеных, якая займалася дапамогай былым рэпрэсаваным. Ён дапамогу распаўсюджваў. Калі трэба было на мітынгу выступіць, то ён мог хутка арганізаваць актыў з 20 чалавек былых рэпрэсаваных. Гэта ж зусім іншая карціна, калі сівабароды чалавек з бел-чырвона-белым сцягам выступае, а не моладзь. Там людзі такія былі ўзростам у 70-80 год, мітынгі былі з такімі асобамі куды больш якаснымі”
У гады Перабудовы і ў пачатак 1990-х імя Рыгора Клімовіча стала шырока вядомым сярод ветэранаў ГУЛАГу. Ён напісаў успаміны “Канец Горлагу”. У сваёй публікацыі “Паўстанне духу” ён адзначыў: “Прыкра, што ў Беларусі дагэтуль не ведаюць пра паўстанне, у якім беларусаў загінула больш, чым зняволеных іншых нацыянальнасцей”.
Рыгор Клімовіч памёр 1 ліпеня 2000 года ў Гомелі, маючы 75 гадоў, і застаючыся шчырым патрыётам. Усе гады пасля вызвалення ён пражыў пад наглядам спецслужбаў.
Фота: homsk.com, be.wikipedia.org