Спецпраект-2

«Страйк мог і сарвацца» Як пратэставалі на «Гомсельмашы» ў 1990-м

 

Распавядае Яўген Мурашка, які быў кіраўніком прафсаюза цэха на «Гомсельмашы» і стаяў у вытокаў пратэстаў канца 1980-ых – пачатку 1990-ых гадоў.

У страйку на кавальска-прэсавым цэху на «Гомсельмашы» ўдзельнічалі 250 чалавек за выключэннем майстроў, бухгалтэрыі (падзеі адбываліся ў сакавіку 1990-га года. Пра перадумовы пратэсту чытайце папярэдні артыкул «Штодня» тутзаўв. Рэд.). Я ніколі на іх не сварыўся, бо такая прафесія. Яны заўсёды сядзелі пад бокам у начальніка, рабочаму было лягчэй адкрываць рот, чым бухгалтару, ён адзін, што там з ім разбірацца.

Страйк, дарэчы, мог і сарвацца. Калі ўжо прагучала, што ён будзе, я назваў яго папераджальным і двухгадзінным. Таму што я заўсёды пралічваю наступствы акцыі, якія будуць вынікі, ці не падстаўляю я каго.


У той момант, згодна закону, ад моманту прад’яўлення патрабаванняў да права на забастоўку праходзіла 15-17 дзён. У гэты час адбываліся перамовы і іншае. Цэлая працэдура. Я быў не ўпэўнены, што за гэтыя 15 дзён мае цэхавыя мяне падтрымаюць. Валакіта, самі разумееце.


А папераджальны страйк двухгадзінны не ўваходзіў у закон аб прагулах, па якім можна было абвінаваціць рабочага, калі ён адсутнічае на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Дзве гадзіны нікуды не ўваткнеш. Гэта значыла, што людзей не будуць праследаваць.

Як рэагавала кіраўніцтва заводу на пратэст працоўных? Начальнік цэха сабраў сход, на які запрасілі генеральнага дырэктара і ўсю ягоную «цяжкую артылерыю», якую ён прывалок з сабой: сам, 9 намеснікаў, парторг Барабанаў і прафкам Бухвостаў. Уся гэтая брыгада прыйшла ў цэх. Уяўляеце, актавы зал, народу, не скажу, што ўвесь цэх, бо ўсе не ўлезуць, але даволі шмат, чалавек 150 было. Адразу рабочыя ваяўніча настроеныя: «Жэня, мы ім зараз дадзім!»

Прэзідыум на сцэне: я сяджу як старшыня прафкама цэха, начальнік цэха, гендырэктар і іншыя. Пачынаецца сход: «Людзі выказвайцеся». Тут народ ваяўнічы, крычаць: «Кватэраў няма!», «Мыла не даюць!», «Рукавіц таксама!» Такія бяскрыўдныя пытанні, але патрабуюць. Дырэктар Станіслаў Дрозд піша ўсё на паперку.

Запытваюцца ў мяне: «Мурашка, будзеш выступаць?» Я адказваю: «Ды не, пагадзі». Я не спяшаўся, ведаю, як у іх працуе схема. Спачатку даюць людзям выказацца, а начальнік можа адказаць, і сваімі паводзінамі яны заглушаюць эмоцыі. Таму сяджу. Ужо дырэктар устае: «Ну вось, тут справядлівыя патрабаванні людзей». Людзям цікава, дырэктар адказвае. Дрозд адказаў і зноў у мяне пытаюць: «Будзеш выступаць?» Кажу: «Пачакай». «Ну тады», – і вырашылі ўжо закрываць сустрэчу.

І тут я ўскакваю… І мае словы былі апошнімі: «Мы так жыць не жадаем і не будзем! Хто за страйк?» І практычна ўсе «за».

Вы б бачылі, як яны пайшлі, генеральны дырэктар, галаву ў плечы, сагнуўся.

Тады мы называлі гэта акупацыйны страйк. З моманту абвяшчэння забастоўкі ўся паўната ўлады пераходзіць да страйкавага камітэту. Калі баставалі ў цэху 2 гадзіны, гаспадаром быў Мурашка. Кранаўшчыцы і ўсе астатнія падпарадкоўваліся толькі мне. Начальнік цэха сядзеў у сваім кабінеце наверсе, і ён быў ніхто. Усе загады толькі мае.

Калі баставаў «Гомсельмаш», тады быў галоўным Бухвостаў. Па розных прычынах я ўключыў яго ў камітэт, быў прагматычны падыход.

Людзі павінны былі прыйсці на работу, пераапрануцца, выйсці ў цэх і ісці на свае працоўныя месцы. Але не працаваць. І так усю змену. Ніхто не мог раней сысці з працы, бо мы маглі залічыць яму прагул.
Гаспадаром прадпрыемства станавіўся працоўны калектыў. Начальства не магло бегаць па цэхах і пужаць людзей. Прадстаўнікоў кіраўніцтва «Гомсельмаша», якія не былі на змене, на завод не дапускалі. Проста закрылі.

Вось розніца з пазнейшымі забастоўкамі, у тым ліку ў 2020 годзе. Яны выйшлі ў горад, а пасля іх саміх не пускалі ўжо на прадпрыемства. Мы, працоўны калектыў, сядзім у цэху як у крэпасці. У любы момант гэта тысячы людзей, якія могуць узяць у рукі арматуру і манціроўкі. У гэтым была сіла.

Калі мы сыходзілі з цэхаў, мы пакідалі там дружыны. Не было сабатажу, дыверсіяў. Калі мы бралі адказнасць за прадпрыемства, то адказвалі і за яго бяспеку.

Чаму тады атрымаліся страйкі, а пазнейшыя не былі такімі?

 

Гледзячы што ставіць за мэту. Гаспадаром прадпрыемства з’яўляецца той, хто аддаў паўжыцця прадпрыемству: бацькі працуюць, дзяды працавалі. Гэта было іх асабістае, частка жыцця. Мы ж тады хацелі замахнуцца і прыватызаваць свой цэх. Згодна з гэтым, кожны чалавек, які звальняўся, меў бы права на частку прыбытку, ягоны цэх адлічаў яму дывідэнды. Людзі ведалі, што абараняць, за што змагацца.


Мы ніколі не выстаўлялі прэтэнзій тыпу выбары нелегітымныя, дэмакратыя. Не. У нас былі чыста жыццёвыя патрабаванні. Усё жыццё залежыць ад матэрыяльнага становішча менавіта кожнага з нас на сваім працоўным месцы. А «За родину, за Сталина» – такое не праходзіць.

Рабочаму не хапае адзінага – звычайнай павагі. Я начальнік – ты дурань. Так заўсёды было. Чалавек працы заслугоўвае павагі.

Працяг будзе…

Штодзень

Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net

Матэрыялы