Гэтыя злачынствы, як правіла здзяйсняліся ў 2015-2022 гадах, калі браць выключна 2023 год, іх колькасць мінімальная, заявіў у эфіры рэгіянальнага тэлебачання намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Максім Спрынцын.
«Дзякуючы прынятым мерам, – не магу зноў-такі прайсці міма і нашых калег з КДБ, МУС – у мінулым годзе колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці скарацілася на чвэрць. 539 крымінальных справаў зарэгістравана і знаходзілася ў вытворчасці следчых Гомельшчыны», – адзначыў Спрынцын.
Ён назваў тое, што, па ягоным меркаванні, ўваходзіць у т.зв. «экстрэмісцкія злачынствы»: абраза Лукашэнкі, распальванне сацыяльнай варажнечы, арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, непадпрадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.
«Большасць з гэтых злачынстваў здзяйсняюцца ў сетцы Інтэрнэт, размова ідзе пра вызначаныя выказванні, якія рэгулярна… на сістэмнай аснове маніторацца супрацоўнікамі розных праваахоўчых ведамстваў для прыцягнення такіх асобаў да крымінальнай адказнасці», – справаздачыўся намеснік старшыні абласнога СК.
Паводле яго, за 2023 год у суды накіраваныя 138 крымінальных такіх справаў, усяго было яны адшукалі 343 эпізоды, па некаторых расследванне працягваецца.