Штогод у Гомелі выдаецца кніг па гісторыі горада трошкі больш за нуль

by ZB

Нядаўна, падчас наведвання Гомеля, мае госці пажадалі набыць кнігі па яго гісторыі. Наведанне мясцовых кнігарняў, дзе, акрамя дзясятага перавыдання кніг А. Рогалева і А. Макушнікава (даўно ўжо набытыя!), нічога новага не знайшлося, выклікала заканамерныя пытанні і нават бурную спрэчку. З цягам часу спрэчка пайшла цікавым шляхам, які можна абагульніць наступным пытаннем: “У 500-тысячным горадзе Гомелі ёсць шэсць універсітэтаў і інстытутаў, кожны з якіх мае асобную кафедру філасофіі і гісторыі, а адзін мае нават цэлы гістарычны факультэт і штогод выдае выпускнікоў. Пры ўсім гэтым кніг па гісторыі Гомеля і вобласці за год выдаецца крыху больш за нуль. У чым прычына такой гістарычнай аморфнасці гомельскіх гісторыкаў і гістарыяграфіі?”.

Корпус гістфака ГДУ імя Францыска Скарыны

Пытанне рытарычнае, але пагадзіцеся, яно абсалютна слушнае і заканамернае. Сапраўды, чаму так? Чаму па гісторыі іншых абласных цэнтраў можна значна болей знайсці кніг, чым па гісторыі Гомеля? Гэта складанае пытанне і простага адказу тут быць не можа. Давайце паспрабуем разабрацца.

Культавае выданне знакамітага гомельскага археолага Алега Макушнікава

Можна сказаць, што “Стары Гомель” і “Старажытны Гомель” (гэта, дарэчы, розныя перыяды гісторыі горада!) быў значна меншым за астатнія сучасныя абласныя цэнтры, таму і яго гісторыя значна меншая, а адпаведна і пісаць амаль няма пра што. Тэзіс, канешне, сумнеўны, але калі б у меншага горада было менш яркіх гістарычных падзей у мінулым, значыцца тая колькасць аматараў і прафесіяналаў гісторыкаў, якія аўтаматычна ёсць у другім па колькасці жыхароў горадзе Беларусі, маглі бы ўжо даўным-даўно дасканала вывучыць усю тою “нешматлікую” гістарычную спадчыну, што ў ім была, вывучыць сваю гарадскую гісторыю так, каб ужо ніякіх “белых плям” не засталося. Аднак у выпадку Гомеля гэтага не адбылося, тут за любы перыяд ці тэму можна смела брацца і амаль аўтаматычна станеш “вядучым спецыялістам” у ёй. Але не таму, што лепей за ўсіх ведаеш, а таму што будзеш адзіным, хто гэтай тэмай заняўся. Астатніх проста няма. У такіх умовах лідарства аўтаматычна гарантаванае.

Таму не будзем прыбядняць гісторыю Гомеля, тут тэм для гістарычных даследаванняў неймаверная колькасць, на любы густ і методыкі. Відаць, прычына адсутнасці даступных прац па гісторыі Гомеля хаваецца не ў якасці “матэрыяла”, а ў “даследчыках”.

Як ужо вышэй адзначалася, штогод гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта выпускае ў сярэднім прыблізна каля 50 маладых гісторыкаў розных кірункаў, якія скончылі дзённае аддзяленне (без уліку завочнікаў). Першы выпуск спецыялістаў адбыўся яшчэ ў 1948 г. і з таго часу са сцен корпуса на вуліцы Кірава выйшла вялізная армія гомельскіх гісторыкаў. Зразумела, што далёка не ўсе з іх сталі навукоўцамі ці хаця б краязнаўцамі, але такая колькасць павінна была нешта выдаць. А выдаліся чамусь адзінкі – і даследчыкаў, і аўтараў кніг па гісторыі.

Можна было б спісаць на невялікія зарплаты навукоўцаў-гісторыкаў, адсутнасць доступу да архіваў і да т.п., але не думаю, што ў гэтым плане сітуацыя ў Чарнігаве, Магілёве, Гродне ці Віцебску выразна адрозніваецца ад сітуацыі ў Гомелі. А кніг пра гісторыю гэтых гарадоў існуе непараўнальна больш, чым пра Гомель, які нашмат большы за іх па людскіх і эканамічных рэсурсах. Справа ў нечым іншым. Праблема тут комплексная і шматузроўневая. “Гісторыкі мала пішуць” – верна толькі часткова, бо кожны выкладчык і музейны супрацоўнік па сваёй прафесійнай дзейнасці павінны штогод выдаваць пэўную колькасць апублікаваных навуковых артыкулаў. Як правіла, яны выходзяць у зборніках канферэнцый ці навуковых часопісах, якія ў Гомелі не знайсці. Навуковыя гістарычныя канферэнцыі ў самім Гомелі таксама вельмі рэдкія. Нейкую перыядычнасць яны набылі толькі за апошнія чатыры-пяць гадоў (раней іх ледзь не дзесяцігоддзямі ўвогуле не было ў нашым горадзе). Зборнікі з матэрыяламі гэтых канферэнцый выдаюцца мізэрнымі тыражамі, звычайна каля 100 экзэмпляраў (гэта на паўмільённы горад, дзе толькі сярэдніх школ больш за 70!). Дастаць сабе такі зборнік нерэальна, яны раздаюцца аўтарам, высылаюцца ў гарадскія бібліятэкі, іх не прадаюць у кнігарнях, электронныя варыянты ў вольны доступ не выкладаюцца. Часам Абласны архіў выдае тэматычныя зборнікі дакументаў, але іх даступнасць такая ж, як і ў зборнікаў канферэнцый. Цяжка зразумець, як можна выдаваць патрэбны ў горадзе прадукт і не прадаваць яго, пры тым, што кожнай бюджэтнай арганізацыі даведзена, колькі фінансаў павінна быць прыцягнута з па-за бюджэтных сродкаў.

З іншага боку, мізэрныя тыражы зборнікаў навуковых артыкулаў – гэта не прымха тайнага ордэна гісторыкаў і арганізатараў канферэнцый, якія не хочуць дзяліцца сваімі сакральнымі ведамі. Гэта вынік тых мізэрных сродкаў, якія ім атрымліваецца выкленчыць у гарадскога, абласнога начальства ці іншых спонсараў. І размова ідзе не пра нейкія фантастычныя сумы (у рэальнасці гэта капейкі – тры-чатыры тысячы беларускіх рублёў), каб выдаць каляровы зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Частка грошай магла б акупіцца, калі б гэтыя зборнікі можна было б свабодна прадаваць, але гэта немагчыма па адміністрацыйных прычынах (там нешта накшталт патрабавання, што друкаваная прадукцыя, выдадзеная за бюджэтны кошт неліцэнзаванымі выдаўцамі, не можа прадавацца). Усё гэта разам сведчыць пра малую зацікаўленасць перш за ўсё мясцовых улад у гістарычных даследаваннях Гомельшчыны.

У гэтым плане Гомель, відавочна, адрозніваецца ад, напрыклад, любога заходняга горада, нават самага малога, дзе захаванне і перадача маладому пакаленню памяці пра лакальнае гістарычнае мінулае ва ўсёй яго разнастайнасці і паўнаце, а не толькі перыяду Другой светавой вайны і савецкага часу, з’яўляецца адным з галоўных і вядучых кірункаў дзейнасці мясцовых улад. Бо выбраныя на адкрытым нефальсіфікаваным галасаванні мясцовыя ўлады асабіста і кроўна зацікаўлены ў пошуку, выяўленні і папулярызацыі любых, нават самых дробных лакальных асаблівасцяў, у тым ліку гістарычных: хто з вядомых асоб тут нарадзіўся, што з народнай культуры і прыроднага асяроддзя ёсць толькі тут і нідзе болей, як гэта папулярызаваць і зрабіць мясцовым брэндам і г.д. Бо ўсе гэтыя рэчы дазваляюць рабіць горад унікальным і непаўторным, цікавым жыхарам і турыстам, прыцягваць у яго прамыя інвестыцыі, фармаваць устойлівую гарадскую абшчыну, зацікаўленую ў развіцці свайго роднага горада.

Іншымі словамі – на гістарычныя даследаванні горада павінны быць попыт мясцовых улад. Але гэтага няма ў Гомелі. Канешне, гарадскія чыноўнікі, як і любы жыхар Гомеля, з радасцю прачытаюць што-небудзь новенькае пра яго гісторыю, але загадзя выдзеліць грошы на гэтыя мэты – гэта не пра нас. Чаму яны шкадуюць грошы на рэальныя даследаванні па гісторыі горада? Таму што амаль нічога не ведаюць пра іх і па праўдзе не разумеюць іх рэальную важнасць і аддачу.

Такім чынам, кола недаразвітасці гомельскай гісторыі замкнулася. Гісторыкі мала пішуць пра гомельскую гісторыю, бо правесці сур’ёзныя даследаванні і апублікаваць іх асобнай кніжкай каштуе шмат грошай і намаганняў. Грошай на гэта ніхто не выдзяляе, а ганарары за апублікаваную кнігу сімвалічныя і не кампенсуюць нават мінімальных затрат на яе падрыхтоўку (якая займае гады карпатлівай даследчай працы). Адпаведна, жыхары горада, у тым ліку і гарадскія чыноўнікі, мала ведаюць пра яго гісторыю, яе важнасць, практычнасць і перспектывы выкарыстання ў рэальным гарадскім жыцці. У выніку гараджане і чыноўнікі не лічаць гісторыю Гомеля важнай сферай, якая патрабуе мэтанакіраванага штогадовага ўкладвання грошай і не выдзяляюць іх (напрыклад, у адрозненне ад сумнеўных гарадскіх свят і добраўпарадкавання). Адсюль вынікае, што гісторыкі пішуць толькі свой неабходны на працы мінімум і не пераймаюцца папулярызацыяй сваёй працы сярод гараджан. Пры гэтым ўсе ў горадзе заўжды будуць шчыра рады даведацца нешта новае пра яго гісторыю ў перадачах на мясцовым тэлебачанні, артыкулах у мясцовых газетах і пабліках, роліках на ютубе.

Трэба адразу пазначыць, што размова ідзе не пра нейкія неймаверныя сумы, а пра нейкія смешныя для паўмільённага горада выдаткі. Ну, напрыклад, аплата археолага з Мінску з Акадэміі навук складае недзе рублёў 50-60 за суткі. Гэта абсалютнае нішто для паўмільённага горада. А ёсць жа і мясцовыя гомельскія археолагі, фінансаванне работы якіх абыдзецца яшчэ менш…

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png