Навіны горада

Маці палітвязня Валянціна Міронава: «Для мяне гэта можа быць квіток у адзін бок»

"Быццам бы ўсё ёсць. Жывая-здаровая. Дах ёсць, месца, дзе паспаць ёсць. Але, напэўна, не для майго ўзросту гэта ўсё. Неяк цяжкавата. Дома я ведала, чым я магу займацца, той жа дапамогай палітвязням..."

Гамяльчанцы Валянціне Міронавай ужо 73 гады. Яна да апошняга працягвала дапамагаць палітвязням, насіла перадачы ў СІЗА. Але пасля таго, як яе зрабілі падазраванай у справе па садзейнічанні экстрэмізму ёй давялося самой тэрмінова з’ехаць з радзімы. Сын Валянціны, вядомы гомельскі актывіст Ілля Міронаў на той момант быў таксама ў Літве. «Штодзень» спытаў у яе пра абставіны ад’езду, пра тое, як гэта ў сталым узросце наладжваць жыццё ў новай краіне, чаму з’явілася неабходнасць у зборы.

Ілля віншуе маці Валянціну з Днём народзінаў

Чаму давялося бегчы з Беларусі?

Я толькі 22-га студзеня вярнулася з Вільні, праведвала Іллю. Увечары прыехала, у 7 раніцы прыйшлі супрацоўнікі КДБ, РАУС. Прад’явілі мне пастанову на вобшук. Там я ў іх фігуравала як сведка «па справе Dissidenty.by». Правялі вобшук, нешта забралі, галоўнае, што грошы ўсе забралі. Я і не хавала іх, бо яны былі з продажу дома.

Пасля цэлы дзень мяне там дапытвалі, да 7 вечара. Заадно склалі адміністрацыйны пратакол. Быццам бы ў мяне была падпіска на «Стоп Лука». Але з таго часу, як мяне ў сакавіку затрымалі за нейкі лайк, я вельмі старанна, ледзь не кожны дзень усё гэта праглядала, каб не дай Бог. Але аднекуль з’явіўся ён.

Ужо хацелі мяне ў ІЧУ весці, прыйшла жанчына стала завушніцы здымаць, па кішэнях лазіць. Быў там КДБшнік, увесь з сябе інтэлігентны, харошы, сказаў мне: «Ну што тут у вас… Напэўна, абыдзецца штрафам». Кшталту, паклапоціцца. Хаця я як сведка была.

Ён заходзіць, кажу: «Ну дзякуй, паклапаціліся». Ён зноў выйшаў, схадзіў невядома куды, вярнуўся і кажа: «Усё, вас у ІЧУ ўжо не забіраюць». Прыйшла дадому і чакаю, бо пратакол жа складзены.

Суд прызначылі на 2 лютага. А 29-га студзеня выклікаюць у Следчы камітэт і мне прад’яўляюць ужо пастанову, што я падазраваная па ст. 361- 4 ч.2 (cадзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і даюць падпіску пра нявыезд. Але пашпарт не забралі. Можа, спецыяльна выпіхваюць людзей з краіны.

Я прыйшла ў той дзень дадому. Не ведала з кім параіцца, каму паказаць паперы. Але 30-га звязалася з BYSOL. Мне сказалі: «Тэрмінова, усё тэрмінова». Я на наступную ноч ужо дома не начавала.

Заплечнічак сабрала. Кватэру проста кінула, зачыніла і з’ехала. І праз нейкі час апынулася тут, у Літве.

Я, канечне, не думала, што на старасці гадоў такое здарыцца. Разумею, што для мяне гэта можа быць квіток у адзін бок. Плакала, так не хацела ехаць. За мяжой жа зусім іншае жыццё, усё іншае. А мне кажуць: «Лепей памерці на волі, чым у турме». Выбару фактычна не было, нават адкупіцца не прапаноўвалі.

Дзякуй і тым, хто дапамагаў з эвакуацыяй, як быццам за руку вялі.

Як на новым месцы? Як абжываецеся?

Быццам бы ўсё ёсць. Жывая-здаровая. Дах ёсць, месца, дзе паспаць ёсць. Але, напэўна, не для майго ўзросту гэта ўсё. Неяк цяжкавата. Дома я ведала, чым я магу займацца, той жа дапамогай палітвязням. Тут на маршы хадзіць, але падаецца, што там была дапамога больш важная.

Адзін з судоў над Іллём Міронавым, на якім прысутнічала мама актывіста

Таму цяжка, не ведаеш, куды сябе падзець. Пакуль дакументы аддала, Дэпартамент міграцыі вырашае. Праблема, што ў мяне яшчэ не літоўская віза, нешта, магчыма, трэба будзе рабіць.

Гэта я ў РАУСе, Следчым камітэце смелая, што думаю кажу, не саромеюся. Але па жыцці закамплексаваная, мне ў нейкую службу звярнуцца цяжка вельмі. Я не вельмі валодаю, як карыстацца інтэрнэтам. Яшчэ ад гэтага цяжка. Таксама зрок кепскі, раней было кепскаваты, а цяпер прама катастрофа. У снежні была ў другога сына, дык дзве кнігі прачытала, а цяпер у тэлефоне прыглядаюся, не бачу. Са слыхам такая ж гісторыя. Сяджу, чую, што гучна кажуць, але не магу разабраць пра што. Сядзіш з разумным тварам, а ўнікнуць не можаш.

Штодзень