Навіны горада

Дзень народзінаў за кратамі сустракаюць адразу дзве палітзняволеныя гамяльчанкі – Ірына Слаўнікава і Таццяна Канеўская

Давайце падтрымаем іх разам

Ірына Слаўнікава


Ірына Слаўнікава
– журналістка. Сёння ёй спаўняецца 53 гады. Гэта ўжо другі яе Дзень народзінаў у зняволенні. 30 кастрычніка 2021 года Ірыну  затрымалі ў аэрапорце, калі яна разам з мужам вярталася з адпачынку.

Спачатку асудзілі да 15 сутак нібыта за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». 15 лістапада другі раз запар журналістка атрымала 15 сутак па абвінавачванні ў «дробным хуліганстве».

26 лістапада стала вядома, што Ірына стала падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

У канцы красавіка 2022 Следчы камітэт паведаміў, што Ірыну таксама абвінавацілі ў кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем паводле ч. 1 арт. 361-1 КК.

3 жніўня 2022 года суддзя Мікалай Доля прызнаў Ірыну вінаватай і прызначыў ёй пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

16 снежня 2022 г. палітзняволеную ўключылі ў Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Вядома, што Ірына шмат працуе ў швейным цэху гомельскай калоніі, праз што ў яе моцна пагоршыўся зрок. Таксама Ірына амаль не атрымлівае лістоў ад сяброў і знаёмых — толькі ад самых блізкіх сваякоў.

Таццяна Канеўская

Таццяне Канеўскай сёння спаўняецца 57 год. У Гомелі жанчына была вядомай актывісткай, а падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі стала даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Вядома, што ў актывізм яна прыйшла праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле – была прадстаўніцай ініцыятывы Матчын рух 328”.

Дагэтуль, у парламенцкіх выбарах-2019, яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты.

Вечарам 6 жніўня 2020 года ў доме Таццяны Канеўскай правялі вобшук, а на наступны дзень прыйшлі з паўторным ператрусам, пасля якога арыштавалі і прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК (“Удзел у масавых беспарадках”), а таксама па арт. 292 КК (“Захоп будынкаў”).

4 траўня 2021 суддзя Аляксей Хлышчанкоў прысудзіў Таццяне 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Вядома, што з лістапада 2021 Таццяну двойчы змяшчалі ў ШІЗА агулам на 30 сутак. Акрамя гэтага, за “парушэнні” яе змяшчалі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на тры месяцы.

Давайце падтрымаем гэтых цудоўных жанчын разам. Напішам лісты, у якіх павіншуем з Днём народзінаў і нагадаем, што на іх не забыліся, і што кожную з іх мы вельмі чакаем на волі.

Адрасы для лістоў

Ірыне Слаўнікавай: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Таццяне Канеўскай: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Штодзень