HomelDays_Logo_Main-mobil

Рэчычан абурыў помнік за 62 тысячы рублёў: “Няўжо больш няма куды патраціць грошы?”

“Беларуснафта” збіраецца выдаткаваць 62,64 тысячы рублёў — каля 20,5 тысячы долараў — на памятны знак у гонар здабычы 150-мільённай тоны нафты. Манумент плануюць усталяваць у Рэчыцкім раёне. Навіна выклікала абурэнне ў часткі мясцовых жыхароў: людзі пытаюцца, навошта марнаваць дзясяткі тысяч рублёў на чарговы помнік, калі ў горадзе хапае больш надзённых праблем.

Паўтараметровы помнік 150 мільёнам тон

Да здабычы юбілейнай, 150-мільённай тоны нафты “Беларуснафта” рыхтуецца загадзя. Кампанія размясціла адпаведную закупку. Плануецца набыць памятны знак — паўтараметровую стэлу з граніту з элементамі з бронзы або латуні. Усталяваць яе хочуць на 55-м кіламетры трасы Гомель — Калінкавічы, непадалёк ад вёскі Маўчаны ў Рэчыцкім раёне. На закупку гатовыя выдаткаваць 62 640 рублёў, што складае каля 20,5 тысячы долараў. Пры гэтым для нафтавікоў гэта не першы падобны манумент. У кастрычніку 2021 года, калі ў Беларусі здабылі 140-мільённую тону нафты, у Рэчыцкім раёне таксама з’явіўся памятны знак.

“Каму ён патрэбны? Там паломнікі будуць збірацца?”

Навіна пра кошт новага помніка выклікала бурную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Частка жыхароў Рэчыцы лічыць, што дзясяткі тысяч рублёў можна было б выкарыстаць больш практычна.

“Каму ён патрэбны, там што, паломнікі будуць збірацца? Дапамажыце дзіцячым дамам, людзям з інваліднасцю. Накачалі нафты, нібыта жывём у Эміратах”, — абураецца адзін з каментатараў.

“Няма куды грошы патраціць”, — коратка рэагуе іншы.

Яшчэ адна жыхарка прапануе замест манумента ўкласці сродкі ў гарадскую прастору:

“20 тысяч долараў маглі б ператварыцца ў прыгожую алею, у дзясяткі дарослых дрэў, якія нарэшце дадуць цень, ачысцяць паветра і зробяць Рэчыцу прыгажэйшай. Замест гэтага нам зноў прапануюць кавалак каменю”.

Успомнілі рэчыцкія і стан мясцовай ракі:

“А пачысціць раку ад водарасцяў грошай усё яшчэ няма? Такая прыгожая набярэжная была, а цяпер нейкія зараснікі”.

Іншыя прапаноўвалі накіраваць гэтыя грошы на школы, бальніцу, добраўпарадкаванне горада або дапамогу дзецям, якім патрэбнае лячэнне.

Але ёсць істотнае ўдакладненне

У дыскусіі прагучаў і аргумент у абарону праекта: гаворка ідзе не пра выдаткі гарадскога бюджэту, а пра закупку “Беларуснафты”.

“Гэта відавочна грошы „Беларуснафты“, да бюджэту горада яны не маюць дачынення. Няхай робяць з імі што хочуць”, — піша адзін з удзельнікаў дыскусіі, нагадваючы таксама, што кампанія шмат робіць для Рэчыцы і забяспечвае працай мясцовых жыхароў.

Але гэтае тлумачэнне пераканала не ўсіх. Для крытыкаў гісторыя з памятным знакам стала хутчэй пытаннем прыярытэтаў: ці варта дзяржаўнаму прадпрыемству траціць больш за 62 тысячы рублёў на манумент чарговаму вытворчаму паказчыку, калі ў нафтавай сталіцы Беларусі самі жыхары бачаць значна больш практычных патрэб.

Адзін з каментатараў падсумаваў дыскусію яшчэ карацей:

“Савецкае мінулае нас ніколі не адпусціць, відаць”.

Штодзень

Слайдар пастоў