Разьбяны дэкор Гомельшчыны: унікальнасць і заняпад

by ZB

Мова Гомель прапануе невялікі экскурс у гісторыю разьбянога дэкору паўднёва-усходняй Беларусі разам з гісторыкам, кандыдатам мастацтвазнаўства Яўгенам Малікавым.

Яўген Малікаў

Яўген Малікаў з Гомеля – адна з тых рэдкіх асоб, якія шмат могуць распавесці на тэму разьбянога архітэктурнага дэкору. Да таго ж Яўген – аўтар кнігі “Традыцыі разьбянога дэкору ў народнай архітэктуры паўднёва-усходняй Беларусі: канец ІХ – пачатак ХХ ст.”, якая стала вынікам грунтоўнай працы і шматлікіх экспедыцый. Кніга выйшла ў 2016 годзе, але праца яшчэ не завершаная і мае вялікі патэнцыял.

Даследчык выдзеліў чатыры традыцыі разьбянога архітэктурнага дэкору: пагарынскую, бярэзінскую, ніжнепасожскую і ніжнепрыпяцкую. Зразумела, па назвах адпаведных рэк. Мы ж прыглядзімся падрабязней разьбяному дэкору, распаўсюджанаму ў раёне Гомеля і рэгіёна. І гэта невыпадкова. Менавіта тут дэкор найбольш багаты і разнастайны.

Багаты разьбяны дэкор – карані на Гомельшчыне

Ніжнепасожская традыцыя разьбянога архітэктурнага дэкору ахоплівае паўднёва-усходнія раёны Гомельскай вобласці, яна – самая яркая і выразная. Ядро ж гэтай традыцыі ўтвараюць  гарады Гомель, Ветка, Добруш, а таксама Рэчыца і часткова Чачэрск.

Нашы продкі, аздабляючы вокны, дзверы, карнізы, брамы і так далей не проста ўпрыгожвалі свае дамы, але такім чынам пакідалі нам своеасаблівыя пасланні пра сваю культуру, свае магічныя і сімвалічныя ўяўленні.

Вось што кажа Яўген Малікаў:

– Дэкор развіваўся з часам, але таксама і геаграфічна. Да прыкладу, на захадзе Гомельскай вобласці і ў Брэсцкай ён вельмі моцна адрозніваецца ад гомельскага дэкору. Калі на захадзе дэкор больш просты, можна сказаць лінейны, то на Гомельшчыне ён больш разнастайны, складаецца з розных элементаў: ромбікаў, крыжыкаў, авалаў і так далей.

Даследчык звяртае ўвагу, што такая ж тэндэнцыя прасочваецца не толькі ў разьбяным дэкоры. Калі параўнаць, да прыкладу, традыцыйныя ручнікі заходняга Палесся і паўднёвага ўсходу Беларусі, то заўважым тое самае: на захадзе – лініі, на ўсходзе – ромбікі, авалы і разнастайныя ўзоры. Гэта ж можна прасачыць і ў традыцыйным адзенні, і нават у планіроўцы сялянскіх двароў: на захадзе вёскі традыцыйна забудаваны лінейнымі дварамі, на ўсходзе – “вяночныя” двары ў форме квадратаў або прамавугольнікаў.

Нашы продкі, ствараючы сваё асяроддзе, закладалі ў яго свае ўяўленні аб прыгожым, свае ментальныя асаблівасці ўспрыяцця навакольнага свету. На думку Яўгена Малікава, гэтыя ментальныя асаблівасці, зафіксаваныя ў аздабленнях, засталіся і ў сучасных беларусаў, хоць з часам яны змяняліся.

Феномен паўднёвага ўсходу

Чаму ж на паўднёвым усходзе Беларусі склалася такая яркая і своеасаблівая народная традыцыя, у тым ліку разьбянога дэкору? Вось што кажа Яўген Малікаў:

– Я тут бачу шмат чыннікаў, якія на гэта паўплывалі. Найперш трэба зазначыць, што з глыбокай старажытнасці ў гэтым рэгіёне была завышаная схільнасць да дэкаратыўнасці. І гэтая схільнасць хвалямі падмацоўвалася мастацтвам з паўднёвага ўсходу, якое даходзіла праз прылеглыя тэрыторыі сучасных Расіі і Украіны. Але з іншага боку, у гэтай частцы краіны сходзіцца некалькі рэк, якія ў выніку аб’ядноўваюцца ў “аўтабан” пад назвай Днепр. І можна меркаваць, што па гэтых шляхах-дарогах ездзілі не толькі людзі і тавары, але таксама і мастацкія ідэі. І маем такі вынік. Да таго ж, на Гомельшчыне мала каменя, але шмат лесу, таму здаўна людзі ўмелі з гэтым дрэвам працаваць. То бок, тут шмат чыннікаў, якія накладваюцца адзін на другі і ў выніку атрымліваем тое, што на тэрыторыях паўднёва-усходняй Беларусі і сумежных тэрыторыях паўночнай Украіны і заходняй Браншчыны адбыўся выбух традыцыі драўлянага народнага архітэктурнага дэкору.

 Такім чынам, паводле даследчыка, на Гомельшчыне трэба шукаць карані дэкору, і гэтыя карані адносяцца як мінімум да другой паловы 19-га стагоддзя.

 

 

Заняпад, знішчэнне. Што далей?

Знішчэнне драўлянай архітэктуры Гомельшчыны пачалося ўжо даўно. Зразумела, што такія падзеі як вайна нішчаць усё, не зважаючы, але на гэта мы не мелі ўплыву. Найгорш тое, што людзі знішчаюць сваю спадчыну свядома. Як вынік, той жа Гомель страціў сваё ўнікальнае аблічча, калі яшчэ ў нулявыя гады пачаўся знос драўляных дамоў сядзібнага тыпу канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэты працэс працягваецца і вуліцы становяцца ўсё больш бязлікімі.

– Цяпер сітуацыя з захаваннем драўлянага дэкору ў Беларусі – катастрафічная. Шматлікія будынкі руйнуюцца, тут варта прыгадаць хаця б толькі дамы на вуліцы Валатаўской у Гомелі, знесеныя ў апошнія гады, – канстатуе Яўген Малікаў.

Хоць даследчык кажа, што частку драўлянага дэкору ўдалося ўратаваць, зняўшы з дамоў, што ішлі пад знос, але ў тым маштабах, у якіх адбываецца знішчэнне, сабраць і захаваць усё, а нават і самае адметнае, няма нават фізічнай магчымасці.

У Беларусі агулам, і на Гомельшчыне ў прыватнасці няма ніякіх дзяржаўных праграм па захаванні драўлянай спадчыны. Спрычыніліся да знішчэння і мясцовыя жыхары, якія казалі, што, маўляў, нам трэба жыць і трэба будавацца. Таму драўляная архітэктура знікае бясследна, удаецца часам захаваць толькі асобныя фрагменты, напрыклад, ліштвы.

Такім чынам, пакуль мы толькі страчваем…

Штодзень

Фота з кнігі Яўгена Малікава “Традыцыі разьбянога дэкору ў народнай архітэктуры паўднёва-усходняй Беларусі: канец ІХ – пачатак ХХ ст.”

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png