Нездарма ў самы чарадзейны час — на Каляды — прынята загадваць жаданні. Нягледзячы на цяжкія часы, чалавеку хочацца верыць, што ўсё лепшае яшчэ будзе. І таму мы верым, марым, уяўляем і з надзеяй загадваем. Бо надзея ж – памятаеце?! – ідзе побач з верай і любоўю.
Кажуць, што ажыццявіць жаданні нашмат прасцей, чым здзейсніць мары. Гэта сцвярджаюць тыя, хто не ўмее ставіць мэты, не мае смеласці, мэтанакіраванасці, настойлівасці, выразнага плана і вялікага жадання дамагчыся вызначанага.
Напрацягу года беларусы ўпарта крочылі наперад, да сваіх мар: давалі прытулак і матэрыяльную падтрымку ўкраінскім бежанцам, дапамагалі несправядліва абвінавачаным суайчыннікам і іх сем’ям, пісалі паштоўкі палітвязням, распаўсюджвалі і тлумачылі “сонным” людзям праўдзівыя навіны, дзейнічалі, як маглі, у цяперашніх складаных умовах і абставінах. І не пераставалі верыць у лепшае. Чым нас, вялікіх і маленькіх герояў больш — тым святлей робіцца навокал. За кожнай вялікай агульнай справай стаяць звычайныя маленькія людзі-пясчынкі з ліхтарыкамі ў руках.
А пра што марыць беларус?
Пра тое, каб настаў мір, а ў дом прыйшоў дабрабыт, каб блізкія былі побач, шчаслівымі і здаровымі, і каб ніхто не ўмешваўся ў прыватнае жыццё сям’і.
Каб Беларусь вызвалілася ад тэрору і страху, каб расквітнелі новыя выдавецтвы, кавярні і крамы, з’явілася месца для творчых пляцовак, ініцыятывы і прадпрымальніцтва.
Каб развівалася новая сістэма адукацыі, у якой кожнае дзіця магло б атрымаць той узровень падтрымкі, які яму неабходны. Каб вучні маглі смела дыскутаваць з настаўнікамі , вучыліся думаць і выказваць сваё меркаванне. Каб у праграме было больш годных беларускіх твораў і аўтараў.
Каб людзі цікавіліся беларускай мовай і спадчынай. Каб у Беларусі стала больш адрэстаўраваных замкаў і сядзіб, музычных і літаратурных фестываляў, месцаў для сямейнага адпачынку.
Каб усе палітвязні выйшлі на волю. Каб сумленныя журналісты маглі надалей праўдзіва асвятляць навіны.
Каб усе, хто з’ехаў з Беларусі, як мага хутчэй змаглі сюды вярнуцца і ўздыхнуць вольна . Каб расцілі тут сваіх дзяцей і ведалі пра іх бясхмарную будучыню.
Каб слова “чалавек” не з’яўлялася пустым гукам. Каб перамагло дабро, справядлівасць і здаровы сэнс. Каб у краіне пачаў праваць закон і за кратамі апынуліся толькі злачынцы. Каб улада пачыналася з кожнага грамадзяніна — з кожнага з нас.
Каб вуліцы нашых гарадоў і вёсак былі названыя ў гонар беларускіх герояў, спартсменаў і творцаў, а не савецкіх палітычных дзеячаў.
Каб Беларусь нарэшце зажыла пад сваім сапраўдным сцягам, са сваім гербам і гімнам,
Пра што марыць беларус?.. Выходзіць, што не так многа нам і патрэбна:
ХЛЕБА, СОЛІ, ЗЯМЛІ, ВОЛІ.
З маімі суачыннікамі мне не страшна загадваць і рухацца наперад, у новы год (год коцікаў, дарэчы), да сваіх мар. Я веру, што разам мы дзейснім іх.
І няхай Неба пачуе нас!
Аўтар: Мар’яна Ліс