“Помслівая і славалюбная”. Узлёты і падзенні высокапастаўленай чыноўніцы Аксаны Рудзянок

by homieldays

Калі набраць у пошукавіку імя і прозвішча гераіні гэтай публікацыі, то ўсплыве шмат інфармацыі пра яе кар’еру, сям’ю і нават згадкі пра нейкія дробныя скандалы. У адрозненне ад многіх чыноўнікаў, гэтая асоба не супраць таго, каб пагрэцца ў промнях славы. Яна ахвотна дае інтэрв’ю і пазіруе перад фотакарэспандэнтамі дзяржаўных выданняў. Што праўда, любові падначаленых ад гэтага не дадаецца. “Штодзень” падрыхтаваў матэрыял пра жыццёвыя пуцявіны вядомай у Гомелі чыноўніцы Аксаны Рудзянок.

 

Узначальвае ўсё, што толькі можна ўзначаліць

У дадзены момант Аксана Канстанцінаўна Рудзянок (у дзявоцтве Караткова, 1973 г. нар.) працуе намесніцай старшыні Навабеліцкага райвыканкама Гомеля. На гэтай пасадзе яна – з 2020 года. “Нешта яна доўга тут затрымалася”, – гавораць людзі, якія блізка сутыкаліся з Рудзянок па службе. І сапраўды, калі паглядзець на яе кар’еру, то дзе толькі яна не працавала. Але асабліва доўга на працоўных месцах не затрымлівалася і практычна паўсюль пакінула пра сябе не надта добрую памяць. “Перад мужыкамі яна проста млее, хвост распускае, а вось жанчын, якія ад яе залежаць, яна люта ненавідзіць”, – пра такую рысу яе характара распавядаюць знаёмыя Рудзянок.

Аксана Рудзянок фігуруе ў некалькіх спісах, у якія занесеныя асобы, якія спрычыніліся да рэпрэсій у дачыненні да апанентаў улады. У 2020 годзе яна пагражала цэлым працоўным калектывам, якія спрабавалі адмаўляцца ад удзелу ў праўладных мітынгах. На яе сумленні – звальненні нязгодных, непрацягненне кантрактаў нелаяльным уладзе людзям і арганізацыя прапагандысцкіх акцый. Таксама яна нязменна арганізоўвае выбары. Яе любоў да кіравання людзьмі выяўляецца таксама ў тым, што яна ўзначальвае ўсё, што толькі можна ўзначаліць. Напрыклад, яна з’яўляецца старшынёй Навабеліцкага раённага аддзялення “Беларускі Саюз Жанчын”, ачольвае партыю “Белая Русь” на ўзроўні свайго раёна, яе прозвішча пазначанае ў якасці кіраўніка мясцовага аддзялення “Беларускі Фонд Міра”.

 

“Ужо анекдотам з’яўляецца яе любоў да пасадаў, прычым часта даходзіць да абсурдных рэчаў. Яна не любіць быць у падпарадкаванні. Калі ёй некалі прапанавалі быць дырэктарам у палацава-паркавым комплексе ў Гомелі, яна адмовілася, бо там ёсць яшчэ пасада генеральнага дырэктара. Не ведаю нават, як яна трымаецца з 2020 года на пасадзе намесніцы старшыні райвыканкама ў Навабеліцы. Якая павінна быць сіла волі, каб такі здзек цярпець”, – са смехам распавядае пра славалюбства Рудзянок чалавек, які вельмі добра ведае акалічнасці ейнага кар’ернага росту.

Не любяць ні тыя, ні іншыя

Падчас падрыхтоўкі матэрыяла мы пагаварылі з дзясяткам людзей, якія сутыкаліся па працы з Рудзянок. Усе рэспандэнты адзінадушна схіляюцца да таго, што падначаленыя нідзе і ніколі не любілі сваю начальніцу. Зрэшты, наколькі ўдалося выясніць, Аксана Канстанцінаўна не надта папулярная і сярод абласнога начальства. Прынамсі, нам паведамілі неафіцыйна, што цяперашні кіраўнік Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў цярпець не можа намесніцу старшыні Навабеліцкага райвыканкама, але ўсё ж вымушаны мірыцца з яе прысутнасцю. Гавораць, што Уладзімір Прывалаў, прымаючы кадравыя рашэнні, заўжды ўлічвае, наколькі чалавек эфектыўны ў сваёй рабоце. У сітуацыі з Рудзянок якраз можна канстатаваць, што яна вельмі дзейсная ў пытанні арганізацыі рэпрэсіўных захадаў, што, сваёй чаргой, робіць яе запатрабаванай. Таксама не варта скідваць з рахункаў наяўнасць у Рудзянок высокіх заступнікаў, што выратоўвала яе не адзін раз. “Прывалаў бы пазбавіўся ад яе, але цэніць тое, як яна ўмее распраўляцца з апанентамі і нязгоднымі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра апазіцыянераў. Яна часта разбіраецца з тымі, хто проста смее нешта там крытыкаваць”, – гавораць людзі, знаёмыя са стылем кіравання Аксаны Рудзянок.

Забаўная дэталь: Уладзімір Прывалаў, будучы намеснікам старшыні Навабеліцкага райвыканкама, быў падначаленым Аксаны Рудзянок. Выглядае на тое, што потым ён адыграўся на начальніцы. Калі ён стаў “мэрам”, то былую кіраўніцу прызначыў на тую самую пасаду, якую калісьці займаў сам.

Аксана Рудзянок нарадзілася ў Гомелі ў 1973 годзе. У 1996-м скончыла Мазырскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”. У 2012 атрымала дыплом “Спецыяліста ў галіне дзяржаўнага кіравання” ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Кар’ерны шлях Аксаны Рудзянок пачаўся ў 1990-м, калі яна ўладкавалася ў сярэднюю школу №23 піянерважатай. Пазней выкладала рускую і беларускую мовы ў школах і вучэльнях Гомеля. Яе кар’ерны ўзлёт прыпадае на 2011 год, калі яе ўладкоўваюць начальніцай аддзела адукацыі Гомельскага гарвыканкама. Праз два гады яе прызначаюць намесніцай старшыні Гомельскага гарвыканкама.

Цікава, што пікам кар’еры Аксаны Рудзянок з’яўляецца менавіта пасада намесніца старшыні Гомельскага гарвыканкама. Дарэчы, у гэты перыяд Аксана Канстанцінаўна адзначылася шэрагам абсурдных забарон масавых мерапрыемстваў апазіцыі, у выніку чаго Гомель займеў рэнамэ аднаго з самых антыдэмакратычных гарадоў Беларусі.

Тройка найбольш абсурдных адмоваў у правядзенні акцый

Ахвяра культа “перамогашальства”

Зорны час у кар’еры Аксаны Рудзянок доўжыўся да мая 2016 года, калі яна, нечакана для многіх, раптам была знятая з пасады. Тады ў мясцовыя СМІ Гомельшчыны была запушчаная інфармацыя пра тое, што звальненне чыноўніцы здарылася праз скандал у Дзень Перамогі. У маі 2016 года ў сацсетках рэгіёна распаўсюдзілася паведамленне ад “жыхаркі” гомельскага раёна Касцюкоўка, якая з абурэннем крытыкавала рашэнне мясцовых уладаў адмовіцца ад святкавання 9 мая ў цэнтры пасёлка. Ананімная кабета сцвярджала, што чыноўнікі праігнаравалі “вялікае свята”, паколькі ў Касцюкоўцы не было ані ўскладання кветак, ані песняў ваенных гадоў. Каб узмацніць эфект ад гэтага паведамлення, было нават напісана пра тое, што на галоўнай плошчы Касцюкоўцы нібыта сядзеў старэнькі “ветэран” і плакаў ад крыўды. Гэты пост трапіў у трэнды, набраў тысячы лайкаў і сотні разгневаных каментароў. Нягледзячы на тое, што пазней інфармацыя пра “расстроенага ветэрана” не пацвердзілася, кіраўніцтва Аксаны Рудзянок скарысталася гэтым інцыдэнтам, каб прыбраць непрыемную асобу як мага далей. Можна сказаць, Аксана Рудзянок стала выпадковай ахвярай культа “перамогашальства”.

Аднак прыгожая версія з “пакрыўджаным ветэранам” аспрэчваецца некаторымі нашымі крыніцамі, якія сцвярджаюць, што сапраўднай прычынай звальнення Рудзянок у пачатку 2016 года сталі абвінавачанні ў карупцыі. Гавораць, што на яе нават надзелі кайданкі і адвезлі на допыт, але гісторыя гэтая не скончылася нічым для яе сур’ёзным.

Да жніўня 2016 года ніякіх звестак пра Аксану Рудзянок не было, пакуль яна не ўсплыла ў якасці дырэктара Кадэцкай вучэльні. Пасля пасады “намесніцы кіраўніка гарвыканкама” новая праца была відавочным паніжэннем.

 “Я вам пакажу, як трэба працаваць!”

Пра Аксану Рудзянок, зрэшты, усе б забыліся, каб не крызіс улады ў 2020 годзе. Вось менавіта тады яе прызначылі на пасаду дырэктара Абласнога драматычнага тэатра. Яна, відаць, павінна была паставіць на месца творчы калектыў. “Акцёры драмтэатра заўжды мелі імідж людзей, якія не маўчалі і маглі выказаць незадаволенасць. Магчыма, гэтым прадыктаванае было прызначэнне Рудзянок. Але яна, як выявілася, была самым прыдуркаватым дырэктарам за ўсю гісторыю тэатра”, – дзеляцца ўспамінамі акцёры драмтэатра.

“У яе пачынаецца псіхоз, калі штосьці не так. Успыхвае на пустым месцы і носіцца нібы з шашкай у руцэ. – Згадвае паводзіны былой начальніцы акцёр Драмтэатра. – З тэхнічным персаналам неяк яна пайшла на ніжнія паверхі тэатру і сказала, каб яны там усё прыбралі. І ў адной падсобцы Рудзянок убачыла нейкую ракавіну, заляпаную будаўнічым матэрыялам пасля рамонту, які там у дапатопныя часы быў. Гэты бруд проста прырос да ракавіны. Яна загадала, каб было вымыта. Крычала. Тэхнічкі ўсё вымылі, але цэмент той не маглі аддзерці ніяк. Пасля доўгіх спробаў прыйшлі ёй даваць справаздачу. Маўляў, не адмылася. І вось Рудзянок не змагла зрабіць нічога лепшага, як загадала, каб адкруцілі тую няшчасную ракавіну і прынеслі ёй прама ў прыёмную. Што і было зроблена. А яна дзеля гэтага сабрала цэлую нараду. І вось стаяць усе ў той прыёмнай, тэхнічкі бегаюць вакол. А Рудзянок гаворыць:

“А ну-ка мне хутка пальчаткі сюды. Я вам пакажу, як трэба працаваць!” І ўжо загадчыца па гаспадарчай частцы не вытрымала: “Не-не-не, Аксана Канстанцінаўна…” І сама пачала спрабаваць аддзерці той бруд. Але не атрымалася ніякімі сродкамі… Вось такая ў нас Аксана Канстанцінаўна!”

Таксама акцёры Гомельскага абласнога драмтэатра прыгадваюць некалькі выпадкаў, калі Рудзянок імкнулася сэканоміць сродкі за кошт дзіўных махінацый з камандзіровачнымі выплатамі падчас замежных гастролей. Калі калектыў спрабаваў адстаяць сваё права на атрыманне сутачных кампенсацый, у тэатры пачаліся ганенні на некаторых актывістаў.

“У аблвыканкаме нават ідэолагі разумелі, што ёй нельга працаваць у тэатры праз яе невыносны характар. Гісторыя пра ракавіну ўсіх настолькі ўразіла, што там адразу пачалі шукаць падставы для яе звальнення. Дакладней, перамясцілі ціха ў Навабеліцкі райвыканкам, дзе яна рабіла выбары. У 2020 годзе, калі яна развітвалася з намі, выклікала ўсіх супрацоўнікаў, артыстаў. З тэхперсаналам не развітвалася, бо гэта ніжэй за яе годнасць. Яна тады заявіла: “Я сыходжу ад вас.” Я перакананая, што яе прыбралі з пасады, бо разумелі ў выканкаме, што яна штосьці наробіць там непапраўнага. Таму прыбралі з установы ў цэнтры горада.

Яна звальнялася са словамі: “Я іду на новы напрамак, вельмі цяжкі, іду рабіць выбары…”, – згадвае адна з супрацоўніц тэатру.

Асабістае жыццё

Пра асабістае жыццё Аксаны Рудзянок вядома, што яна доўгі час была замужам за міліцыянтам, ад якога ўзяла прозвішча ў 1992 годзе. У сям’і ў той жа год нарадзіўся сын Мікіта, які ў прафесійным плане пайшоў па шляху бацькі. Але пазней нешта ў яго не заладзілася і ён стаў таксістам, быў зарэгістраваны ў якасці ІП. У жніўні 2024 года Мікіта закрыў ІП. А вось ягоны бацька, Вадзім Рудзянок, сышоў з жыцця ў канцы 2019 года. Паводле нашых звестак, апошнім ягоным месцам працы была пасада начальніка Цэнтра сацыяльнай адаптацыі для раней асуджаных асобаў, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. “Штодзень” знайшоў людзей, якія ведалі яго асабіста. Нашыя суразмоўцы ахарактарызавалі Вадзіма Рудзянка станоўчым чынам.

Адметна, што ў міліцэйскай ведамаснай прэсе ў 2009 годзе сям’ю Рудзянок разам з іншымі 11 сем’ямі міліцыянтаў узнагародзілі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ў выніку рэспубліканскай акцыі “Сям’я! Служым разам”. Падчас узнагароджання вось што пісалі пра сям’ю Рудзянок у прэс-службе міліцыянтаў: “Аднак нават калі супруга не носіць на плячах пагоны, яна ўсё адно падзяляе клопаты свайго мужа. Напрыклад, у сям’і Рудзянок з Гомеля ў органах унутраных справаў служыць супруг Вадзім, а яго жонка Аксана, дырэктар прафліцэя, стала ініцыятарам стварэння добраахвотніцкай дружыны з навучэнцаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у ахове грамадскага парадку.”

У базе “Кіберпартызанаў”, да якіх мы звярталіся ў працэсе падрыхтоўкі гэтага матэрыяла, у маёмасці Аксаны Рудзянок значыцца кватэра ў адным са шматкватэрных дамоў па вуліцы Дзенісенка ў Гомелі. Ці валодае яна чымсьці яшчэ, на гэты момант выявіць не ўдалося.

“Пра Рудзянок многія баяцца гаварыць, бо яна вельмі помслівая. Але не любяць яе нідзе і ніхто –  ані ідэолагі, ані кіраўнікі. І трымаюць яе толькі таму, што яна знішчае ўсіх, хто наважваецца выступаць супраць. Пакуль у гэтым будзе патрэба, такі кадр не застанецца без працы”, – распавядаюць знаёмыя чыноўніцы.

Штодзень

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png