Перавыхоўваць складаных падлеткаў у дзіцячым лагеры пад Лоевам збіраюцца ідэолагі і супрацоўнікі пагранкамендатуры

by ZB

Ілюстрацыйнае фота

Гаворка ідзе пра непаўналетніх дзяцей 14-17 гадоў з Лоеўскага, Брагінскага, Хойніцкага і Рэчыцкага раёнаў, якія знаходзяцца ў СНС, на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і патрабуюць павышанай педагагічнай увагі.

Характэрна, што арганізатарамі такога лагера пад назвай Патрыёт значацца Галоўнае ўпраўленне адукацыі і Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, камісія па справах непаўналетніх аблвыканкама, Лоеўскі райвыканкам, а таксама – увага! – вайсковая частка 1242.

Як паведамяць арганізатары гэтага лагера, у якім падлеткам трэба пратрымацца з 7 па 15 жніўня, намаганні спецыялістаў розных ведамстваў нацэлены на сістэмны падыход да выхаваўчай працы. Задача №1 – прафілактыка правапарушэнняў, злачынстваў, алкагольнай і наркатычнай залежнасці сярод моладзі, а таксама выхаванне маральнай і прававой адказнасці падлеткаў за свае ўчынкі і дзеянні, далучэнне іх да актыўнага адпачынку, прапаганда здаровага ладу жыцця.

Вядома, што “ўрачыстая лінейка”, прысвечаная пачатку лагернай змены, прайшла на базе памежнай камендатуры “Лоеў” вайсковай часткі 1242.

Аб метадах выхавання, якія будуць прымяняць да гэтых падлеткаў, застаецца толькі здагадвацца.

Мы ж пагаварылі з прафесійным псіхолагам, каб задаць яму пытанне, як насамрэч трэба працаваць са складанымі падлеткамі.

“Шчыра кажучы, мне страшна за гэтых хлопцаў. Асабліва разумеючы, што працаваць з імі там збіраюцца, відавочна, не людзі са спецыяльнай на гэта падрыхтоўкай. А ўлічваючы, што гэта альбо ідэолагі, альбо людзі з вайсковай закалкай, то магу выказаць здагадку, што праз тыдзень мы атрымаем дзяцей з яшчэ горшымі траўмамі і праблемамі, – каментуе псіхолаг Вольга Н(дадзеныя змянілі з меркаванняў бяспекі – рэд.). – Хочацца данесці да людзей, якія збіраюцца працаваць з цяжкімі падлеткамі вось якую думку: сутнасць іх перавыхавання складаецца не ў ломцы механізму псіхалагічнай абароны, а ў тым, каб гэты механізм нейтралізаваць. І па-першае, зрабіць гэта за тыдзень нерэальна. А па-другое, рабіць гэта трэба дакладна не ў вайсковай частцы. Перш за ўсё, вакол такіх падлеткаў трэба стварыць атмасферу эмацыйнай падтрымкі і добразычлівасці. Толькі гэта на першых этапах працы дазволіць знізіць іх насцярожанасць, агрэсію, напружанне, недавер да навакольнага свету і з часам выключыць неабходнасць прымяць свой ахоўны механізм ад адмоўных эмоцый. Калі скончыцца гэты этап, падлеткаў трэба ўключыць у сістэму шматбаковага ацэньвання (гэта павінна адбывацца не менш, чым праз 3 тыдні працы). Сутнасць гэтай сістэмы складаецца ў тым, каб падлетак меў магчымасць ацаніць сябе сам, а таксама пачуць ацэнку самога сябе ад іншых, і з часам выбраць самому свой адэкватны эталон ацэнкі. Справа ў тым, што для цяжкага падлетка магчымасць ацэньваць лічыцца нязвыклай і прэстыжнай, і гэта вельмі падахвочвае яго спачатку да аналізу атрыманых вынікаў, а затым да дзеянняў. У тым ліку і карэкцыі сваіх учынкаў і паводзін. Ну і, вядома ж, з такімі падлеткамі павінны працаваць спецыялісты-псіхолагі. Але дакладна не ваенныя і ідэолагі”.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png