На сайце Будаўнічага трэста №14 значыцца ўжо зусім іншы кіраўнік: Фёдар Бельковіч. Біяграфія ў новага гендырэктара Будаўнічага трэста №14 — багатая. У 2020 абраны старшынёй Гомельскага аддзялення “Беларуская федэрацыя бокса”, быў начальнікам рачнога порта “Беларускае рачное параходства” (рачны порт “Гомель”), дырэктарам філіяла Упраўлення вытворча-тэхналагічнай камплектацыі “Будаўнічы трэст №14”. Новага генеральнага дырэктара Будаўнічага трэста №14 прызначыў кіраўнік Гомельшчыны Іван Крупко. Новапрызначаны гендырэктар скончыў ГДУ імя Ф. Скарыны, Інстытут Нацыянальнай бяспекі РБ, Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце.
Імя папярэдняга гендырэктара Будаўнічага трэста №14 Станіслава Сільчанка стала вядомае пасля закрыцця Карчмы “Будзьма”. Гэты Будаўнічы трэст акурат валодае памяшканнем па вуліцы Прывакзальная, 3а, дзе і знаходзілася доўгі час Карчма.
Рэстаран беларускай кухні быў закрыты пасля сумных падзей 2020 года. Карчма “Будзьма” ў кастрычніку 2020 года падтрымала агульнанацыянальны страйк і заявіла, што не будзе працаваць у гэты дзень у знак салідарнасці з беларусамі. Пасля гэтага з рэстаранам, які месціўся на Прывакзальная, 3а, была ў аднабаковым парадку скасаваная дамова арэнды. 13 лістапада 2020 года на старонцы карчмы ў Фэйсбуку з’явілася паведамленне: “З болем у сэрцы паведамляем, што 15 год гісторыі падышлі да канца…Рэстаран закрыты назаўжды”.
.
На дзяржаўным тэлебачанні, а менавіта на канале “Беларусь 4. Гомель” Станіслаў Сільчанка потым выступіў з заявай. Маўляў, прадстаўнікі Карчмы нядобрасумленна плацілі за арэнду, а таму Будаўнічы трэст скасаваў з імі арэнду. Нібыта прадстаўнікі ведалі пра скасаванне дамовы арэнды яшчэ ў маі, то бок да абвяшчэння страйку восенню 2020. “Цягам года назіраліся несвоечасовыя аплаты, аплаты не ў поўным аб’ёме за паслугі, якія прадстаўляў Будаўнічы трэст №14”. Мы падалі хадайніцтва ў эканамічны суд аб скасаванні дамовы з мэтай высялення няпэўнага арандатара”, — заявіў на той момант Станіслаў Сільчанка.
На пасадзе Генеральнага дырэктара Станіславу Сільчанку не дапамагло і тое, што ён выступаў у падтрымку змяненняў у Канстытуцыю, якія былі вынесеныя на рэферэндум у 2022 годзе. Так, у “Лоеўскім краі” у лютым 2022 выходзіў артыкул пад назвай “Станіслаў Сільчанка: Канстытуцыя ўлічвае меркаванні ўсіх катэгорый грамадзян”, якім на той момант яшчэ гендырэктар Будаўнічага трэста адзначаў станоўчы эфект ад таго, што ўзрост кандыдата ў прэзідэнты збіраюцца павялічыць на пяць год: “Цяпер рэспублікай змогуць кіраваць людзі сталыя, якія разумеюць павестку дня і якія цвяроза ацэньваюць патрэбы грамадства”.
26 чэрвеня 2022 года Станіслаў Сільчанка яшчэ быў гендырэктарам Будаўнічага трэста №14. Менавіта гэты будтрэст кіраваў руйнаваннем будынка басейна “Дэльфін”, які за гады існавання стаў сімвалам для гомельцаў. Пасля гэтага сляды Станіслава Сільчанкі губляюцца.
Для гомельцаў Будаўнічы трэст №14 запомніўся тым, што спрычыніўся да закрыцця ўлюбёнага месца адпачынку Карчмы “Будзьма” і зносу будынку любімага гараджанамі басейна “Дэльфін”.