Маці Ларысы Шчыраковай не стала на 80-м годзе жыцця. Летась жанчына цяжка перанесла каранавірус, і пасля гэтага яе здароўе вельмі пахіснулася. Апошнія месяцы жанчына не ўставала з ложку, і яе даглядаў муж – 88-гадовы бацька Ларысы.
Нагадаем, саму Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомелі 6 снежня 2022 года і выставілі абвінавачванні паводле ч.1 крымінальнага артыкула 369 за «дыскрэдытацыю Беларусі», а яе сына забралі ў прытулак. На шчасце, праз нейкі час хлопца перадалі бацьку – былому мужу Ларысы.
Да 2021 года журналістка супрацоўнічала з незалежнымі СМІ, але пасля 2021 года сышла з прафесіі і занялася этнафотасетамі – фатаграфавала людзей у народных строях.
Нядаўна стала вядома, што ёй дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул, але сутнасць абвінавачвання невядомая. Адвакат нічога каментаваць не можа, у яго падпіска аб неразгалошванні. Вядома толькі, што некалькі дзён таму справу Ларысы перадалі ў суд, а сама Ларыса змагла ўпершыню пасля затрымання пабачыцца з сынам.
Цяпер Ларысе Шчыраковай як ніколі раней патрэбная падтрымка. Вы можаце напісаць ёй ліст і выказаць патрэбныя, на ваш погляд, словы. Адрас такі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А