Гомельцы сумавалі па еўрапейскіх брэндах, а прыйшоў «Беллегпрам»
У горадзе адчынілі стокавую краму беларускага вытворцы
Тое, што гэтая вопратка там прадаецца па нібыта нізкім кошце, нікога не суцяшае. Нагадаем, менавіта «Беллегпрам» яшчэ некалькі гадоў таму актыўна выступаў за тое, каб у Беларусі ліквідавалі нават сэканд-хэнды.

Уся справа ў тым, што ні кошты, ні якасць, ні стыль адзення, што вырабляецца «Беллегпрамам», часцяком не здольны скласці канкурэнцыі нават “бэушным” рэчам еўрапейскіх брэндаў. Пасля пачатку вайны ва Украіне Беларусь закранулі санкцыі – многія еўрапейскія брэнды з нішы мас-маркета з краіны сышлі. І вось у Гомелі адкрылася … стокавая крама «Беллегпрама».
Пра гэта напярэдадні Дня работнікаў лёгкай прамысловасці дзяржжурналістам «СБ» распавяла старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Таццяна Лугіна. Але, здаецца, нават яна ў гэтыя крамы не вельмі верыць. Прыводзім цытату:
«Крама працуе практычна 2 месяцы. Мы паглядзім, як яна сябе праявіць. Якія будуць вынікі, як яе ўспрыме аўдыторыя. Ці будзе наогул запатрабаваная падобная прадукцыя на рынку. І потым будзем прымаць рашэнне (рашэнне пра тое, ці адчыняць новыя стокі «Беллегпрама» – Рэд)».