“Пакуль мы разам, мы без паразаў”

Гісторыя знакамітай чылійскай пратэстовай песні

by ZB

Беларусь дала Чылі Ігната Дамейку. А што мы атрымалі ўзамен? Не, не бульбу – за гэта варта дзякаваць Балівіі і Перу. Падобна, што галоўны падарунак ад гэтай далёкай краіны – фраза «Пока мы едины, мы непобедимы» (“Пакуль мы разам, мы без паразаў”). Гісторыяй песні El pueblo unido jamás será vencido «Штодзень» працягвае цыкл «Музыка перамен».

 

Фота: npa45.org

 

Лозунг «Пока мы едины, мы непобедимы» ў Беларусі, як ні дзіўна, выкарыстоўваюць бакі з цалкам супрацьлеглымі поглядамі. Гэтыя словы скандзіравалі прыхільнікі перамен падчас пратэстаў 2020 года. Карыстаюцца імі і беларускія ідэолагі, асабліва, калі пішуць пра свежа прыдуманае свята «Дзень народнага адзінства».

 

 

Не менш папулярная цытата ў Расіі (асабліва пасля 2014 года), Паўднёвай і Паўночнай Амерыках і іншых краінах свету. Але нават тыя, хто неаднойчы ўжываў гэтыя крылатыя словы, часам не ведаюць, што гэта адаптаваны пераклад кавалка чылійскай песні El pueblo unido jamás será vencido.

 

 

З вялікай долей верагоднасці гісторыя кампазіцыі пачалася яшчэ ў 1940-я гады. Падобная фраза прагучала ў прамове Калумбійскага лідара Хорхэ Эліесэра Гайтана. У 1970-я, падчас маніфестацый у Чылі, яе сталі выкарыстоўваць прыхільнікі кааліцыі Unidad Popular. Серхія Артэга Альварада выпадкова пачуў, як юнак выкрыквае аналагічны лозунг на вуліцы Сант’яга. Гэта і натхніла чылійскага музыку на стварэнне песні, якую ўпершыню выканаў гурт Quilapayún (у перакладзе з індзейскай мовы мапучэ «Тры барадача» – не толькі ZZTop!)

 

Гурт Quilapayún ў 2017 годзе. Фота: wikipedia.org

 

Зорны час Venceremos прыпадае на сумныя падзеі 1973 года, калі ў Чылі быў здзейснены вайсковы пераварот. Кампазіцыю можна пачуць вуліцах і стадыёнах. 11 верасня 1973 журналісты радыёстанцыі Magallanes спяваюць El pueblo unido jamás será vencido у прамым эфіры, які перарываецца стрэламі вайскоўцаў хунты… З 50 супрацоўнікаў Magallanes ніводны не выжыў… А Quilapayún былі вымушаны неадкладна іміграваць у Італію.

З Чылі лірычны марш хутка разляцеўся па ўсім свеце. У перакладзе на порту, разам з Grândola, Vila Morena, пра якую мы пісалі раней, El pueblo unido… гучала падчас рэвалюцыі гваздзік у 1974. І так склалася, што кампазіцыя, створаная і папулярызаваная чылійскімі левымі сіламі, стала адным з музыкальных сімвалаў барацьбы з дыктатурай, блізкім асобам самах розных поглядаў. Добры доказ таго, што падзел левыя-правыя і таму падобнае – гэта толькі ўмоўныя тэрміны, любыя ідэі могуць як змяніць жыццё да лепшага, так і пагоршыць стан да катастрафічнага. Рознасць поглядаў павінна не дзяліць народ на варожыя лагеры, а ўсяго толькі дазваляць з іншых бакоў пабачыць агульную мэту – развіццё краіны.

З надыходам ХХІ стагоддзя El pueblo unido не адышла ў гісторыю. Гучала яна, напрыклад, у Грэцыі ў 2007 годзе. У туніскіх і егіпецкіх пратэстах “Арабскай вясны” папулярны лозунг “Народ патрабуе змены рэжыму” выконваўся ў рытм гэтай песні.

Не магла яна не гучаць і ў Чылі падчас пратэстаў 2019 года.

 

 

 

І сёння “El pueblo unido…” працягвае гучаць на пратэстах у розных краінах – ад Іспаніі да Палестыны, ад ЗША да Украіны. Бо яна нагадвае: толькі калі людзі аб’яднаныя – яны непераможныя.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png