Новыя правілы гомельскага СІЗА №3: лекі будуць прымаць яшчэ радзей, а каб трапіць на спатканне, родныя зняволеных ужо дзяжураць пад сценамі ізалятара кругласуткава.
Пра хуткія змены супрацоўнікі самога СІЗА папярэджваюць родных зняволеных.
Кажуць, што з 1 траўня лекі будуць прымаць толькі па аўторках. Прычына: медчастку СІЗА нібыта скараціла выпіску дазволаў на медпрэпараты, і быццам таму вырашыла, што і падстаў перадаваць медпрэпараты таксама павінна стаць менш. Па інсайдарскай інфармацыі, у хуткім часе колькасць медперадач скароціцца роўна ўдвая. Пакуль што дзейнічае старое правіла – лекі можна перадаваць двойчы на тыдзень – па аўторках і чацвяргах з 14.00 да 15.00.
Але гэта не ўсе ўзмацненні жорсткасці рэжыму. З нядаўніх часоў праз перапоўненасць СІЗА для таго, каб запісацца на спатканне са зняволеным, іх сваякі займаюць чаргу з ночы. Асабліва складана даводзіцца тым, хто прыязджае на спатканне з іншых гарадоў. Раней родныя арыштантаў (яны дзяжурылі ля будынка СІЗА) складалі агульны папяровы спіс чаргі, і каб трапіць у яго, можна было запісацца па тэлефоне або праз месэнджары. Але ўжо зараз усе могуць зайсці толькі ў парадку жывой чаргі.
І калі раней, каб прабіцца на спатканне людзі прыязджалі да сцен СІЗА прыкладна да 5 раніцы. То зараз стаяць ля сцен практычна кругласуткава. Трапіць на спатканне ў дзень могуць толькі 18 чалавек. Спатканні арганізоўваюць у дзве змены. Запіс на першую змену спатканняў адміністрацыя СІЗА пачынае з 8.00 раніцы ў працоўныя дні (выходныя – нядзеля, панядзелак), а ў 8.45 пачынаецца сама першая змена. На другую змену запіс вядзецца да 12.00, а на спатканні пускаюць з 13: 45. Шанцаў трапіць на іх вельмі мала. Ля сцен СІЗА ўжо здараюцца канфлікты паміж роднымі зняволеных, якія адчайна спрабуюць прабіцца на спатканне, але не могуць.