“Падніміця тую дашку і выньця адтуль маю таску”: шаптухі ды іх таямнічыя шэпты

by ZB

Шэпты, шаптанне, замовы… Ці не кожны з нас сутыкаўся з такой з’явай, чуў пра яе, або і сам карыстаўся паслугамі шаптух. Што рабіць, калі дзіця бесперапынна плача? Як пазбавіцца ад рожы ці каўтуна? А можа хочаце прываражыць каго, а то і адваражыць? На беларускім Палессі (і не толькі) заўсёды добра ведалі, што пры розных жыццёвых клопатах і няшчасцях варта пайсці да шаптухі.

Мова Гомель прапануе глянуць на таямнічы свет беларускіх шаптух і пазнаёміцца з некаторымі шэптамі-замовамі.

Szeptucha Artemiuk Paraskiewa. Parcewo, 2010, fot. Andrzej Sidor/Forum

Памятаю, як у дзяцінстве на хутары ў дзеда летам здараліся надзвычай моцныя навальніцы (а можа мне, малой, здавалася, што яны нейкія надзвычайныя). Хутар стаяў сярод тарфянікаў, асушаных у перыяд савецкай меліярацыі дзеля здабычы таго самага торфу. Ці з гэтай прычыны, ці з іншай, падчас навальніц там былі вялікія маланкі, у тым ліку з два разы давялося мне пабачыць і так званую шаравую маланку. Падчас адной з навальніц, або грымот, як казала мая баба, бегла я праз жытняе поле ад сябрукоў дадому і надта спалохалася. Прыбегла, ускочыла ў сені і аж мяне трэсла ад страху.

Баба, маючы свой багаты жыццёвы досвед, павяла мяне праз некалькі дзён да мясцовай шаптухі, каб перапалох зняць. Такія народныя лекаркі “ад усяго”, пэўна, меліся ў кожным рэгіёне. Наша была ў суседняй вёсцы, у хаце, якая стаяла крыху наводдаль ад іншых. З таго “сеансу” шаптання запомнілася, як тая таямнічая старэнькая кабета нешта шаптала і перасыпала мне пясок праз пальцы ног, ды яшчэ рабіла нейкія дзіўныя рытуальныя рухі з невялікім нажом. Ці дапамагло гэта ці не, дакладна сказаць не магу, аднак ніякіх нервовых наступстваў пасля таго спалоху ў мяне не было, так што можна лічыць, што дапамагло. У маім асабістым жыцці гэта быў адзіны досвед сустрэчы з сапраўднай шаптухай, якая атрымала свае веды ад бабуль-прабабуль, і невядома, ці здолела іх перадаць наступным пакаленнем.

фота: slushna.by

Адным словам, хоць не ў ранейшых маштабах, але шаптухі і сёння жывуць у Беларусі, захаваўшы спрадвечную мудрасць продкаў і таямнічую аўру. У тым ліку і на Гомельшчыне.

Шэпт або замову вылучае таямнічасць, магічнасць і вера ў вялікую моц слова, вера ў тое, што можна навязаць сваю волю вышэйшым сілам, прадметам, абставінам і так далей. Самі замовы маюць старадаўняе паходжанне, але з часам на іх накладаліся хрысціянскія ўплывы. Да таго ж шэпты надзвычай разнастайныя. Умоўна, іх можна падзяліць на некалькі груп паводле прызначэння.

Да прыкладу, вялікую групу ствараюць замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол і так далей). Разнастайнасцю вылучаюцца і замовы, якія ахоўваюць ад усяго ўсякага: ад злых духаў, небяспечных прыродных з’яў, ад ведзьмаў і нячыстай сілы, ад русалкі, ад порчы, а таксама ад звяроў: гадзін, ваўкоў і так далей. Ёсць таксама замовы, звязаныя з сямейнымі, бытавымі справамі: любоўныя (прысушкі, адсушкі), вясельныя, салдацкія і так далей. Вось некалькі прыкладаў:

Ад зглазу з Буда-Кашалёўскага раёна (тут і далей захаваныя моўныя рэгіянальныя асаблівасці):

– Наліць у стакан вады чуць болей палавіны. Затым палажыць у яго нож, вілку, сталовую і чайную ложкі, як бы абмыць іх у стакане і вынуць. Адпіць некалькі глыткоў вады із стакана. Затым легці ў караваць і абцерці вадой ногі, рукі, жывот, грудзі і ліцо. Пастарацца паскарэй заснуць. Пасля сну ад зглазу не застанецца і сляда.

 На благапалучныя роды

– Пад цёмнымі сводамі, цёплымі водамі чалнок качаецца. Каму плысці ў чалнаке – не намі рашаецца. Каго пашле Багародзіца, той у рабы божай (імя) і народзіцца. Памалю Багародзіцу зжаліцца – у добры час няхай дзіця явіцца і ва здравіі маць застанецца. Амінь.

 Чытаць загавор нада ў комнаце рожаніцы, куды ніхто не зайдзе, седзячы пры етым на табурэце. Кругом паставіць і запаліць нячотнае калічаства свечак.

(Запісана ў в. Новая Гусявіца ад Барабанавай Аляксандры Міхайлаўны, 1941 г.н., студэнткай Барабанавай В.)

 

Баба Ванда. Фота Сяргея Лескеця: knihi.by/be/leskiec-siarhiej-sept

 

Расповеды веткаўскай шаптухі:

– Прывезлі ка мне маладога чалавека. Прыгожы, высокі. Мамка яго расказвае, што высах за нядзелю. Яго ў армію забіраць нада, а ён пашавяліцца не можа. Сглазіў хто-та, порчу навёў. Ну, я ўзялася яго лячыць. Тры разы яму пашаптала. С утра на зары, вечарам на зары. Патом апяць на зары. Ачуняў хлопец. Смяяцца ўжо пачаў. Тады яны ў мяне і пытаюць, што з ім такога было. А я і гавару, што гэта бабка дзяўчыны яго, што пакінуў ён, накалдавала. Прысушку нейкую зрабіла. Я пашаптала з іконкай і пасвянцонай вадой, ён і вылячыўся.

– Прыходзіць жанчына, а ў неё каўтун на галаве. Плача, каб я памагла. Я таксама шаптала, шаптала ёй. Атшаптала. Взяла ножніцы рэзаць гэты каўтун, а ён не рэжацца. Ну, тапаром нейк аткалолі яго. Патом трэба ў печцы спаліць яго. А ён шыпіць, пішчыць, а не паліцца. Свіст на ўсю хату стаяў. Ну, я сказала ёй, каб яна яго ў поле занясла і там закапала. Так яна і зрабіла.

(Запісана ў г. Ветка ад Судзілоўскай Надзеі Васільеўны, 1941 г.н., Вяргеенка С.А., студэнткамі Дзямідавай І., Казловай К., Малышавай В., Ракіцкай Ж., Уладыкоўскай К. (2009)

 

Ад спуду з Мазырскага раёна

Перад замовай бяруць нож, і калі чалавек сядзіць на стуле, бабка-шаптуха павінна чытаць замову і гаварыць такія словы:

– Першым разам, лепшым часам.

Пляваць убок тры разы. Нажом над головой ставіць крыж. Затым:

– Другім разам, лепшым часам… і трэцім разам, лепшым часам…

Шаптуха павінна гаварыць пасля абеду:

– Дуб стаіць на полі, на том дубе сядзіць птах. Як таму птаху ў полі не лятаці, так таму дзіцяці век спуду не бываці. Амінь. (Тры разы).

(Запісана ў в. Каменка Мазырскага р-на ад Калацэй Анастасіі Аляксандраўны, 1924 г.н. (нарадзілася ў в. Сітня Калінкавіцкага р-на), студэнткай Трызна В. (2003 г.)

 

Прысушка (Любоўная замова)

Узяўшы ў руку яблык, ці ігрушу, ці якую іншую садавіну, трэба выйсці да сонейка раніцай ці адвячоркам у маладзікову сераду. Трэба, гледзячы на садавіну, казаць:

– На востраве, на Сакалоні стаіць дуб. А на тым дубу дванаццаць кокатаў, а пад тым дубам дванаццаць галубоў. Прашу я вас і ўпрашваю. На сінім моры ляжыць камень. Пад тым камнем ляжыць дашка, а пад той дашкой ляжыць мая таска. Вазьміця той камень. Падніміця тую дашку і выньця адтуль маю таску і аддайця яе Варутунькі».

Нагавораную такім парадкам садавіну трэба перадаць хлопцу.

(Корбіт Валянціна Міхайлаўна, 1934 г.н., в. Слабажанка Хойніцкага раёна)

Замовы – гэта не толькі словы, гэта яшчэ і сімвалічныя дзеянні, рухі, таксама могуць быць важныя час і месца. У розных замовах выкарыстоўваюцца: вада, свечкі, нажы, пясок, соль, лекавыя зёлкі і так далей. Можна сказаць, што гэта цэлая народная навука, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. Дапамагаюць яны ці не – гэта ўжо справа веры кожнага чалавека, але дакладна вядома, што слова мае моц, уплываючы на псіхалагічны стан чалавека.

Беларускі фатограф-дакументаліст Сяргей Лескець на працягу больш як дзесяці гадоў вандраваў па Беларусі, шукаючы носьбітак самай закрытай старадаўняй беларускай традыцыі лячыць словам. Так узнік адмысловы фотапраект «Шэпт», а таксама кніга (яе надалей можна набыць у кнігарнях).

 

фота: ragna.by/product/kniga-shept

 

У інтэрв’ю для dekoder.org Сяргей Лескець распавядаў:

– У даўнія часы традыцыя перадавалася цераз пакаленне, ад дзеда да ўнука. Пераемнік мусіў быць старэйшым альбо малодшым, але не сярэднім. Мусіў мець знатную памяць і добры характар, спагадлівасць да людзей, жаданне дапамагаць іншым. Рыхтавалі будучага знахара з малога ўзросту, з гадоў 7-12. У такім узросце ў чалавека самая крыштальная памяць, пачутае запомніцца на ўсё жыццё. Але толькі перад смерцю стары знахар мусіў перадаць свой дар. Без гэтага дару ўсе тыя веды былі без карысці. Была і іншая катэгорыя знахараў — не спадчынныя, а прыродныя. І яны былі больш моцныя. Гэта тыя людзі, да якіх сілы і словы замоваў прыйшлі ўва сне, ад вышэйшых сілаў.

 

“Традыцыя вельмі хутка знікае, як і сама вёска. Сёння гэта з’ява распаўсюджаная не паўсюль раўнамерна. Напрыклад, на захадзе Беларусі, дзе пераважае каталіцкае насельніцтва, носьбітаў гэтай традыцыі вельмі мала. Каталіцызм там добра «папрацаваў». Болей захавалася на памежных тэрыторыях, на тэрыторыі Палесся. Там яшчэ можна сустрэць знахараў. Калісьці амаль у кожнай буйной вёсцы быў свой такі чалавек”, – кажа Сяргей Лескець.

 

Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы:

– Хрэстаматыя. Вучэбны дапаможнік па раздзеле “Замовы” для для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія”. Гомель 2011 (укладальнік С.А. Вяргеенка);

– Вяргеенка, С. А “На моры-акіяне, на востраве Буяне…” (лекавыя замовы Гомельшчыны): фальклорна-этнаграфічны зборнік Гомель, ГДУ імя Ф. Скарыны 2009;

– «Замовы». Серыя «Беларуская народная творчасць». Мінск, «Навука і тэхніка», 1992 год. (укладальнік Г.А. Барташэвіч).

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png