Навіны горада

Падборка важных тэкстаў, якія вы маглі прапусціць

У 2023 годзе “Штодзень” падрыхтаваў шмат эксклюзіўных матэрыялаў. Прапаноўваем вам падборку важных артыкулаў, якія вы маглі прапусціць за гэты год. Заставайцеся з намі ў наступным годзе. Са святамі!

“Не страшныя нам тыранствы бальшавізму”: 70-годдзе Нарыльскага паўстання

 

У 2023 годзе споўнілася 70 гадоў ад пачатку Нарыльскага паўстання – самага масавага і працяглага паўстання ў гісторыі ГУЛАГу, адным з лідараў якога быў беларус, ураджэнец гомельскай зямлі, Рыгор Клімовіч. Па ацэнках Рыгора Клімовіча, у паўстанні ўзялі ўдзел больш за пяць тысяч беларусаў, чацвёра з якіх узначалілі паўстанцкія камітэты.

Рыгор Клімовіч памёр 1 ліпеня 2000 года ў Гомелі, маючы 75 гадоў, і застаючыся шчырым патрыётам. У сваёй публікацыі “Паўстанне духу” ён адзначыў:

“Прыкра, што ў Беларусі дагэтуль не ведаюць пра паўстанне, у якім беларусаў загінула больш, чым зняволеных іншых нацыянальнасцей”.

Мы і не заўважылі, як памяць пра вайну пераўтварылася ў моцны інструмент ідэалагічнага маніпулявання

Жыццё сучасных беларусаў перапоўнена вайной. Ніводнае агульнагарадское мерапрыемства, нават Дзень горада, не абыходзіцца без згадак трагедыі. Мы і не заўважылі, як памяць пра вайну пераўтварылася ў моцны інструмент ідэалагічнага маніпулявання.

Ці з’яўляецца памяць беларусаў аб падзеях 1939–1945 гг. адэкватнай? Падобна, што не. Галоўная мэта памяці аб вайне – зрабіць усё, што толькі магчыма, каб прадухіліць новыя баявыя дзеянні. Але, як дэманструюць сумныя падзеі ва Украіне, нашая памяць пра вайну аказалася тут мала прыдатнай: частка беларусаў нават не змагла зразумець, хто з’яўляецца агрэсарам і нясе пагрозу…

Якая сувязь паміж фінскім баронам і гомельскім раёнам Манастырок. Гістарычнае даследаванне Штодня

Што агульнага паміж фінскім баронам, Харкаўскім заводам кафлі і гомельскім раёнам Манастырок? Прыклад таго, як гісторыя можа ў літаральным сэнсе знаходзіцца пад нагамі, адшукаў “Штодзень”.

На адной з вуліц Манастырка можна пабачыць самотны кавалак тратуарнай пліткі з кляймом Завода керамічных вырабаў, заснаванага Эдуардам Бергенгеймам, асобай з незвычайнай біяграфіяй.

Лагапед Іна Кулей: “Зваротаў ад беларускамоўных сем’яў стала болей”

Іна Кулей — лагапед, якая працуе з беларускамоўнымі дзецьмі. Нядаўна яна адкрыла свой лагапедычны кабінет у Варшаве. Ейны прафесійны стаж як лагапеда — больш за 30 год. “Штодзень” паразмаўляў з Інай Кулей пра тое, на якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі. Ці сустракалася яна з выпадкамі, калі беларускамоўным дзецям лагапеды ставілі дыягназ “затрымка псіхічнага развіцця”. І ці пабольшала беларускамоўных дзяцей?

“Баяцца білінгвізму не варта, бо мая практыка паказвае, што гэтыя дзеці дынамічна развіваюцца, актыўныя. Яны трошкі павольней засвойваюць маўленне, пачынаюць гаварыць пазней. Але да 4 год у іх раскладаецца па палічках кожная з моў, і яны вельмі хутка рэагуюць на выклікі, яны могуць хутка даць адказ.”

Чым насалілі ўладам светлагорскія журналісты тэлеканала “Ранак”

Брутальныя дзеянні ўлады ў дачыненні да “Ранку” ўсё роўна не ўкладаюцца ў галаву. Гэты тэлеканал да 2020 года цяжка было назваць апазіцыйным ці незалежным, яны ўвесь час падавалі, мякка кажучы, стрыманую інфармацыю…

Пра тое, якія прычыны выклікалі пераслед супрацоўнікаў ранку і ці спыніцца на гэтым рэпрэсіўная машына, распавядае “Штодню” праваабаронца Алена Маслюкова.

“Назіраючы за тым, што адбываецца ў Беларусі, нават тыя, што праяўляюць абсалютную лаяльнасць да ўлады, не маюць індульгенцый. І ўсё больш людзей будзе падвяргацца рэпрэсіям. Гэта прырода рэпрэсіўнай машыны. Узгадайце рэпрэсіі, якія праводзіліся бальшавікамі.”

Мела беларускія карані, праводзіла дзяцінства на Палессі і падкармлівала Бродскага – невядомыя факты пра Галіну Старавойтаву, якія вы дакладна не ведалі

У 2023 споўнілася 25 год з дня забойства легендарнай Галіны Старавойтавай. Для многіх гэтая жанчына стала сімвалам барацьбы за справядлівасць і безумоўным прыкладам бескампраміснага і сумленнага палітыка. Але мала хто ведае, што ў Галіны Васільеўны — беларускія карані.

Бацька Галіны Старавойтавай — Васіль Сцяпанавіч Старавойтаў — з беларускіх сялян. Прозвішча пайшло ад словазлучэння «стары войт», што азначае «стараста вёскі». Нарадзіўся 21 студзеня 1919 года на хутары Даленкі вёскі Марозавічы Буда-Кашалёўскага раёна. І гэта той самы Васіль Старавойтаў, які стаў адным з аўтараў хадавой часткі месяцахода.

Штодзень