Новыя кіраўнікі ў Гомелі: хто яны і чаго ад іх чакаць

30 чэрвеня Лукашэнка ўзгадніў прызначэнні кіраўнікоў мясцовых органаў улады ў Гомелі. Горад атрымаў новых кіраўнікоў двух галоўных адміністрацыйных раёнаў — Савецкага і Цэнтральнага. Іх аб’ядноўвае досвед працы ў дзяржаўнай сістэме і «моцны гаспадарчы» імідж, характэрны для цяперашняй уладнай вертыкалі.

Андрэеў: чалавек з адміністрацыйнай сістэмы

Сяргей Андрэеў прызначаны кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна. Да гэтага ён працаваў намеснікам старшыні Гомельскага гарвыканкама і курыраваў пытанні прамысловасці і гандлю.

Сяргей Андрэеў. Фота: гомельскія ведамасці

Сыходзячы з ягоных публічных выказванняў, мы маем справу з тыповым кар’ерыстам. Так, падчас адной з сустрэч з працоўным калектывам Гомельскага хімзавода Андрэеў падкрэсліў, што будучыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці «без указкі з-за мяжы», і нагадаў пра важнасць «самастойнага выбару». Такая рыторыка цалкам укладваецца ў афіцыйную лінію, якая актыўна прасоўваецца дзяржмедыя.

Згурскі: з цеплатэхнікі — у кіраўнікі Цэнтральнага раёна

Дзмітрый Згурскі стаў кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Ён прыйшоў у сістэму ЖКГ з прамысловай сферы: па адукацыі інжынер па прамысловай цеплаэнергетыцы, вучыўся ў Гомельскім політэхнічным інстытуце імя Сухога і прайшоў перападрыхтоўку ў ГДУ імя Скарыны.

Згурскі кіраваў «Гомельаблцепласеткай», быў начальнікам упраўлення ЖКГ Гомельскага аблвыканкама, а апошнім часам — гендырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці».

Дзмітрый Згурскі. Фота: гомельская праўда

Яго профіль і стыль працы сведчаць пра арыентацыю на «парадак», «тэхнічную надзейнасць» і жорсткі кантроль за інфраструктурай. Публічных палітычных выказванняў у яго амаль няма — ён тыповы «ціхі тэхнар».

Чаго ад іх чакаць?

Абодва новыя кіраўнікі — тыповыя прадстаўнікі цяперашняй беларускай вертыкалі: «лукашысты-крэпкія хазяйсцвеннікі». Яны дэманструюць лаяльнасць уладзе, акцэнтуюць увагу на інжынерных і гаспадарчых задачах, пазбягаюць сацыяльных і палітычных дыскусій.

Гомель чакае працяг добраўпарадкавання па савецкім узоры, з акцэнтам на кантроль, рэгламентацыю і «парадак», але, хутчэй за ўсё, без рэальнай грамадзянскай актыўнасці і дэмакратычных ініцыятыў.

Штодзень

 

Слайдар пастоў