Новая кніга пра Алеся Бяляцкага ў свабодным доступе

by ZB

У сеціве выклалі ў свабодны доступ кнігу пра нобелеўскага лаўрэата, цяперашняга палітвязня, Алеся Бяляцкага. Кніга “За беларускае жыццё” выдадзеная намаганнямі беларускіх арганізацый Беластока, у тым ліку Беларускім Радыё Рацыя, тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва” і Цэнтрам Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь.

Змест кнігі складаюць размовы з Алесем Бяляцкім з цыклу “Вочы ў вочы”, якія гучалі на Беларускім Радыё Рацыя, успаміны Алеся Бяляцкага пра музей Максіма Багдановіча, Нобелеўская прамова, якую зачытвала жонка лаўрэата Наталля Пінчук, апошняе слова Бяляцкага на палітычным карным працэсе і яго лісты з савецкага войска. Апошняе друкуецца ўпершыню.

Кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа заўважае, што кніга напоўненая ўнікальнымі фотаздымкамі і дакументамі, якія раней не былі даступныя шырокай публіцы:

Аснова кнігі – гэта невялікая частка таго, пра што гаварылася з Алесем Бяляцкім у эфіры Радыё Рацыя. Кніга ілюстраваная фотаздымкамі з розных перыядаў жыцця Алеся, якія раней не публікаваліся. Але тут ёсць найважнейшае для разумення гэтага чалавека – эпісталярная спадчына, лісты Алеся з савецкага войска. Ён пісаў у Гомель. Ужо тады, у моманце яго сталення, мы бачым шырокі гарызонт мыслення Алеся, ягоныя думкі пра Беларусь. Калі Алесь у 2022 годзе атрымліваў Нобеля, я падумаў, што гэты Нобель – за беларускае жыццё. І гэтая назва пазней стала загалоўкам кнігі. Свядомы выбар змагання і цярпення за беларускае жыццё. Мы знаёмыя з Алесем яшчэ з 1990-х, у нас з ім усталяваўся адразу добры кантакт, бо мы абодва з Палесся, хоць і з розных частак. А яшчэ, што дакладна паўплывала на яго светапогляд, дык гэта ягоная сямейная гісторыя. Відаць, калі ў дзяцінстве ён з сям’ёй апынуўся ў расейскай Карэліі, то гэта дало яму разуменне тугі да Бацькаўшчыны. Ён ужо тады зразумеў, наколькі важная Бацькаўшчына ў жыцці кожнага чалавека.

Нягледзячы на пагрозу арышту, Алесь Бяляцкі працягваў заставацца ў Беларусі пасля пратэстаў 2020 года. Яго, як і некалькіх іншых калег па “Вясне”, затрымалі 14 ліпеня 2021 года. Ужо знаходзячыся ў турме, Нобелеўскі камітэт уганараваў беларускага праваабаронцу прэстыжнай узнагародай.

3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна суддзя Марына Запаснік агучыла прысуд
старшыні “Вясны” і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, намесніку старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, каардынатару кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Міжнародная праваабарончая супольнасць асудзіла гэтыя выракі.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png