Гомелец, які 15 год пражыў у Маскве, вырашыў з’ехаць з Расіі. “Штодзень” распытаў Яўгена (імя змененае), якая была апошняя кропка, што вымусіла яго кінуць добрую працу і новую кватэру ў расейскай сталіцы.
Штодзень: Чаму вырашыў з’ехаць з Масквы? Ты даўно жыў там. І новую кватэру акурат перад вайной набыў.
Яўген: Так, жыў больш за 15 год у Маскве. З’ехаць – гэта было вельмі складанае рашэнне, бо ў мяне быў стабільны заробак, было дзе жыць, дзеці, жонка. Усё быццам бы добра. І на працы казалі, што маецца бронь ад мабілізацыі. Але ў той жа час вельмі цяжка было там, у Маскве, усё перажываць. Калі пачаліся гэтыя хапуны, нейкая агульная нервознасць, увесь час сочыш за тэлеграм-каналамі, увесь час у нейкім напружанні.
Акрамя таго, значная частка людзей, якія нібыта ўсё разумеюць, адукаваныя і не сказаць, што падтрымліваюць Пуціна, але ў той жа час збіраюць грошы на шкарпэткі мабілізаваным, кансервы нейкія набываюць, скідваюцца грашыма яшчэ на нешта для мабілізаваных.
Я пачаў разумець, што я ўвогуле не падзяляю каштоўнасці большасці расейцаў. Мне цяжка з імі. Не хочацца мець нічога агульнага з імі. Цяжкавата стала ўспрымаць усё, што адбываецца навокал. Мяне моцна падтрымалі мае сваякі, бацькі, жонка, якія таксама казалі, што трэба паспрабаваць пачаць жыццё ў іншай краіне. Можа, атрымаецца.
Штодзень: Ці плануеш ты цяпер на некалькі месяцаў наперад? Што думаеш рабіць з нерухомасцю?
Яўген: Натуральна, я пра гэта думаю. Гэта не нейкае імпульсіўнае рашэнне было. Канешне, я думаў, што буду рабіць далей. Я буду спрабаваць уладкавацца на працу і наладзіць побыт, каб потым можна было дзяцей і жонку перавезці. А кватэра нікуды не дзенецца. Яе можна і здаць, і прадаць. Гэта не самая вялікая праблема.
Штодзень: Наколькі расейскае грамадства прымае ці не прымае вайну, прымае ці не прымае Пуціна. Што адчуваецца, калі там знаходзішся?
Яўген: Адчувацца, прынамсі, у Маскве, што гэта іх не датычыцца.
Нібыта гэта нехта там ваюе: той, хто наіўны, пайшоў сам у ваенкамат, хто трапіўся, не змог нідзе ніяк даказаць, што ён непрыдатны.
Людзі ў Маскве лічаць, што вайна іх не датычыць, што іх ніхто не забярэ, не мабілізуе. Таму яны гатовыя дапамагаць тым, каму не пашанцавала, тым, хто быў вельмі наіўны і пайшоў на вайну. Вось як калісьці расейцы жылі нейкімі абшчынамі, у іх забіралі з вёскі на 20 год у войска некалькіх мужыкоў, яны ім сабралі ў дарогу чагосьці. А потым усё добра: іх забралі, значыцца, пяць год яшчэ не будуць нікога забіраць, нам пашанцавала, а ім не. Такое ўражанне, што цяпер людзі ў Маскве прыкладна так і ставяцца да ўсяго, што адбываецца.
Штодзень: Адчуванне віны, раскаяння ў іх няма?
Яўген: Не бачна, каб была нейкая роспач. Канешне, ёсць і такія, але гэта адзінкі. Як мне падаецца, не больш за 5% расейцаў, якія ставяцца да гэтай вайны вельмі крытычна. Мала такіх людзей, якія гатовыя штосьці рабіць, прынамсі, на словах.
Ці наадварот прынцыпова штосьці не рабіць. Напрыклад, не хадзіць на мітынгі падтрымкі, нават калі прымушаюць звальненнем.
У мяне на былой працы прымушалі хадзіць на мітынгі. І людзі ішлі, прычым няважна падтрымлівалі яны вайну ці не.
Яны ідуць, каб пастаяць 15-20 хвілін, пакуль усіх сфатаграфуюць ці здымуць для Пуціна на відэа, каб ён парадаваўся, што яго ўсе падтрымліваюць.
Штодзень: Што стала для цябе апошняй кропкай, калі ты вырашыў усё кінуць?
Яўген: Яно ўсё так навальвалася. Гэтых кропак шмат было. Але вось гэтае разуменне, што я гэтых людзей не разумею, што яны мне чужыя. Нават калегі, з якімі я працаваў 10 год. Не сказаць, што мы сябравалі, але добрыя стасункі былі. Аднак гэтыя пункты гледжання, што трэба збіраць грошы на кансервы, шкарпэткі ці яшчэ нешта для мабілізаваных, – гэта стала апошняй кропляй. Падаецца, што гэта нешта невыразнае. Гэта не хапуны на прыпынках, хоць яны таксама паўплывалі.
Але апошняя кропка – гэта было разуменне, што я зусім тут не падзяляю погляды большасці людзей, нават адукаваных з якімі разам працаваў, з якімі шмат чаго было.
У гэтым момант я зразумеў, што з гэтымі людзьмі ў нас больш рознага, што прынцыповыя моманты нас адрозніваюць. Мне не хочацца, каб дзеці раслі ў Расіі. І самому не хочацца жыць у краіне, дзе такі народ.