Аздабленнем зборніка паэзіі пад назвай “Побач” займалася вядомая беларуская мастачка Святлана Сафія Дземідовіч.
“У Варшаве прэзентуем сігнальны варыянт. А далей ужо у Беларусі мусіць выйсці ўвесь наклад”, — зазначае аўтарка.
У паведамленні ў сацыяльных сетках паэтка распавядае пра тое, як яна планавала раней прэзентаваць кнігу: “Я марыла зладзіць вялізны тур па ўсіх гарадах Беларусі, уяўляла, як буду ездзіць, адкрываць для сябе Беларусь, знаходзіць сваіх чытачоў па ўсёй краіне. Мне вельмі хацелася пераадолець менскацэнтрычнасць культуры ў рэшце рэшт і адчуць, што мы ўсюды разам. Пакуль што тур адкладаецца. Але кніга друкуецца ў Беларусі і будзе даступная для беларусаў, гэта галоўнае…”
Наста Кудасава — беларуская паэтка, нарадзілася ў Рагачове. Друкуецца з 1999 года. Аўтарка некалькіх зборнікаў паэзіі, у тым ліку “Лісце маіх рук” (Логвінаў, 2006), “Рыбы” (2013), “Маё невымаўля” (2016), “Вясна. Вуснам цесна” (2021).
У 2022 годзе, пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны, Наста прыняла рашэнне аб ад’ездзе з Беларусі. Пра прычыны эміграцыі паэтка распавяла “Штодню” ў гутарцы “Паэтка Наста Кудасава: У Беларусі было адчуванне, што я паставіла сябе на паўзу”.
Прэзентацыя кнігі “Побач ” адбудзецца ў Варшаве 26 лістапада, у 15.00 – 16.00. Гістарычны кніжны кірмаш у 2022 годзе. Месца: Аркады Кубіцкага каралеўскага замка ў Варшаве. Уваход з вул. Гродзка.