Роўна год таму палітзняволены мастак Алесь Пушкін памёр у лякарні, куды яго занадта позна прывезлі з турмы №1.
«Дзякуй за твой ліст падтрымкі, за такія добрыя паштоўкі – з такімі цытатамі! Так прыемна! І адну паштоўку я скарыстаю з той цытатай – каб даць каму вестачку, шматзначную – бо не ўсё можна пісаць, атрымліваць – цэнзура», – пісаў Алесь гомельскаму актывісту Іллі Міронаву.
Ён радаваўся, што цэнзар прапускае да яго паштоўкі з вядомымі творцамі, але адзначыў, што ім там «усім не салодка».
«Ды і фламастараў не хапае – чорных і чырвоных! (Памятаеш як ва ўкраінскай песні пра кашулю, што маці вышывала…) Крэпімся!» – дадаў Пушкін.
«Сэрца сціскаецца ад болю. Год таму, 11 ліпеня, памагатыя рэжыму забілі Алеся Пушкіна – за партрэт нацыянальнага героя Беларусі, Яўгена Жыхара», – у сваю чаргу напісаў Ілля.
Ён падкрэслівае, што «Алеся заключылі ў турму за яго патрыятызм, а потым пазбавілі жыцця, адмовіўшы ў своечасовай медыцынскай дапамозе».
«Мы не забудзем Алеся – смелага, сумленнага чалавека, які аддаў жыццё за волю сваёй краіны. Ягоная памяць будзе жыць у нашых сэрцах, а мы будзем змагацца за справядлівасць і свабоду ў Беларусі!» – кажа Міронаў.