3 лістапада спаўняецца 140 год заснавальніку сучаснай беларускай літаратуры Якубу Коласу.
Паэт часта бываў у творчых камандзіроўках на Гомельшчыне. Аднак мала хто ведае, што пасля вызвалення Гомеля ў 1943 годзе Колас выступіў на сцэне “Везувія” (будынак дома культуры запалкавай фабрыкі, якая пачала працу ў 1879 годзе). Творца зачытаў нарыс “На руінах Гомеля”.
“Вясёлы, прыветны, радасны быў наш мілы Гомель. Утульна выглядалі праз пышныя дрэвы садоў чысценькія домікі на акраінах горада. Прыгожа ўзнімаліся і свяціліся ў сонцы новыя мураваныя будынкі гарадскога цэнтра. Звонкім маладым гоманам поўніліся вуліцы, бульвары і паркі. Велічна красаваўся над Сожам парк і палац Паскевіча, як жывы помнік старажытнасці…З кожным годам рос і шырыўся Гомель, адзін з прыгажэйшых беларускіх гарадоў.” – Адзначаў Якуб Колас у сваім нарысе. – “(…) Нельга без пачуцця жалю (…) пазіраць сягоння на руіны Гомеля. Папялішчы спаленых будынкаў, абгарэлыя дрэвы садоў, груды друзу, бітай цэглы і скручанага віхрамі агню жалеза — вось што засталося ад Гомеля. (…) З халоднаю развагаю адпетых вырадкаў-разбойнікаў прайшлі тут гітлераўскія каменданты і генералы фашысцкіх ордаў. Тое, што аставалася пасля бамбёжак, узарвана і спалена. …Мы залечым раны свае зямлі, адбудуем нашы гарады, падымем іх з попелу руін, бо мы адштурхоўваемся ад цемры. Мы ідзем у ясныя далі, дзе свеціць сонца і ззяюць прыгожыя вечныя зоры.” (Тэкст пададзены ў скарачэнні – заўв. рэд.).
Падавалася, тэма вайны для Гомеля заставалася толькі ў кнігах, нарысах і падручніках па гісторыі. І вось пасля 24 лютага 2022 года яна зноў стала актуальнай для горада. І нарыс “У руінах Гомеля” можна быць прачытаны па-новаму. Зусім блізка ад Гомеля, усяго ў 40 км, таксама цяпер ідзе вайна. Там таксама “з халоднаю развагаю адпетых вырадкаў-разбойнікаў прайшлі генералы ордаў”. І там таксама “папялішчы спаленых будынкаў, абгарэлыя дрэвы садоў, груды друзу, бітай цэглы”.