Навіны горада

На праектныя працы ў Юравіцкім манастыры выдзяляюць 370 тысяч долараў

На што пойдуць гэтыя грошы?

Амаль 370 тысяч долараў ЗША выдзяляецца з Гомельскага абласнога бюджэту на пошук арганізацыі, якая выканае праектныя і вышуковыя працы на тэрыторыі комплекса былога калегіума езуітаў у Юравічах.

Праваслаўны манастыр у Юравічах. Фота: bsut.by

Пачатак прац, як вынікае з дакументацыі, запланаваны на 29 снежня 2023 года. На што канкрэтна выдзяляецца гэтая сума, з дакументаў не зусім ясна. У тэндары, напрыклад, фігуруе пералік некаторых аб’ектаў, якія ці могуць быць адноўленыя, ці ўзведзеныя з нуля на ахоўнай тэрыторыі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра гасцявы дом пры манастыры і грамадскую прыбіральню.

Фрагмент з суправаджальнай дакументацыі да тэндару.

Там рэальна на тэрыторыі манастыра ёсць гасцявы дом. Ва ўмовах тэндара, праўда, не зусім зразумела, пра што ідзе гаворка. Можа, там запланавана па-за межамі манастыра будаваць новы нейкі гасцявы дом з грамадскай прыбіральняй, бо людзі туды прыязджаюць на экскурсію, а спыніцца няма дзе. Я два разы перачытаў тэндар, але нічога з яго не зразумеў, што ж і дзе там плануюць будаваць. Будзем спадзявацца на лепшае. Можа пашанцуе і корпус манастырскі адновяць, бо ён у рэальна цяжкім стане”, – зазначае гісторык Яўген Малікаў.

Кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў цягам некалькіх год са студэнтамі валанцёрыў на даследаваннях у Юравічах.

Студэнты БелДУТ на даследаваннях у Юравічах пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры “Архітэкутра”, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава. 2017 год. Фота: bsut.by

 

Яўген Малікаў:
– Асноўныя прэтэнзіі ў тым, што тыя, хто займаўся рэстаўрацыяй ці, хутчэй, рамонтам, яны без належнага піетэту ставіліся да захавання некаторых дэталяў. Напрыклад, паглядзім на карнізы на адноўленым храме. Яны атрымаліся вельмі спрошчанымі, нават прымітыўнымі. І гэта ўжо не стыль “барока”, калі параўноўваць з тым, што было ў 18 стагоддзі і часткова дажыла яшчэ да пачатку 21 стагоддзя. Таксама пры рамонце была моцна замененая аўтэнтычная вежа на агароджы комплекса. Да пачатку “рэстаўрацыйных прац” “родных” вежаў заставалася дзве: адна з іх мела пашкоджаны купал, іншая мела абсалютна цэлы купал, які непашкоджаным захаваўся з 18 стагоддзя (можна нават зараз прасачыць яго стан па шматлікіх фотаздымках, у тым ліку змешчаных у інтэрнэце цягам апошніх 15 гадоў). І вось некалькі гадоў таму гэты цэлы купал збілі “пад нуль” і на яго месцы ўзвялі сучасны, з адпаведнай якасці кладкай і меншай па памерах. Я доўга не мог зразумець, навошта гэта зрабілі.  Адзіная прычына такога варварскага ўчынку, якую я змог вытлумачыць, – гэта тое, што ён па сваіх памерах не падыходзіў для новага зялёнага запраектаванага пакрыцця, таму яго і дэмантавалі. Але гэта варварства.

Комплекс будынкаў былога езуіцкага калегіума паўстаў у Юравічах у першай палове 18 стагоддзя. У 19 стагоддзі, пасля таго, як каталіцкія манахі падтрымалі вызвольныя паўстанні супраць расейскага царызму, храм адабралі ў езуітаў і перадалі ва ўласнасць Праваслаўнай царквы. У часы СССР манастыр быў разрабаваны, у ім размясціўся дзіцячы дом, храм мясцовыя жыхары разабралі на цэглу да руінізаванага стану. У 1993 г. будынак былога калегіюма быў перададзены праваслаўнай Турава-Мазырскай епархіі пад жаночы манастыр, што і зберагло яго ад знішчэння. У 2007 годзе пачаліся працы па адбудове комплекса, якія працягваюцца дагэтуль. У дадзены момант на тэрыторыі і ў культавых будынках былога каталіцкага кляштара дзейнічае праваслаўны мужчынскі манастыр.

Цягам некалькіх стагоддзяў у Юравічах захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай, які ўшаноўваўся як каталікамі, так і праваслаўнымі. У дадзены момант арыгінал іконы знаходзіцца ў Кракаве.

Штодзень