На Гомельшчыне з’явіцца новы заказнік

“Пойма ракі Днепр” – так будзе называцца заказнік мясцовага значэння, які зойме больш за 26,6 га тэрыторыі ў Брагінскім і Лоеўскім раёнах на мяжы з Украінай.

by ZB

“Пойма Дняпра тут захавалася ў некранутым стане – са шматлікімі меандрамі, пратокамі і балотамі… Падчас вясновага разводдзя рака разліваецца да 5 км у шырыню”, – піша тэлеграм-канал “Дзікая прырода побач”.

Малюнак-схема будучага заказніка (тг “Дзікая прырода побач”).

Тут шмат паплавоў і хмызняку, чаротна-трысняговых зараснікаў і старыц. Дубальт, драч, малая крычка, звычайны пагоніч, ластаўка-зямлянка і многія іншыя віды птушак лічаць гэтыя тэрыторыі аднымі з найважнейшых для сябе. А яшчэ раней гэтая тэрыторыя атрымала адразу тры міжнародныя статусы: як тэрыторыя важная для птушак, як Рамсарскае ўгоддзе і як аб’ект Смарагдавай сеткі Савета Еўропы.

Звычайны пагоніч (аўтар фота Сяргей Козак).

“Пойма ракі Днепр” – гэта адна з 17 тэрыторый, якія маюць шанец павысіць свой прыродаахоўны статус да 2035 года. Гэта стала магчыма дзякуючы працы экспертаў кампаніі “Дзікая прырода” і Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах.

Дубальт (аўтар фота Сяргей Зуёнак).

Кароткі даведнік:

Меандр – выгіб рэчышча ракі, які ўтварыўся з прычыны выхаду скальных парод або пераважных вятроў.
Ста́рыца, старарэ́чча — частка былога рэчышча ракі.
Рамса́рскае ўгоддзе – водна-балотнае ўгоддзе, якое ахоўваецца ў адпаведнасці з Рамсарскай канвенцыяй (была падпісана 2 лютага 1971 года ў іранскім горадзе Рамсар).
Смарагдавая сетка – сетка прыродных тэрыторый асаблівага агульнаеўрапейскага значэння, якія маюць важнае значэнне для захавання флоры і фаўны ў іх натуральным асяроддзі.

Штодзень

Малюнак-схема будучага заказніка (тг “Дзікая прырода побач”), дубальт (аўтар фота Сяргей Зуёнак), звычайны пагоніч (аўтар фота Сяргей Козак).

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png