Усяго ў чырвонай зоне адзначаны 21 раён. І гэта абсалютна ўсе раёны Гомельскай вобласці. Дарэчы, Гомельшчына – адзіны рэгіён, дзе цяпер наведванне лясоў забаронена абсалютна паўсюль.
Як паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі, тым, хто парушыць забарону – штраф. Так, да прыкладу, шпацыр па лесе, які не нанёс шкоды, абыйдзецца прыкладна ў 12 базавых велічынь, а гэта 444 рублі (1 базавая велічыня складае 37 рублёў – Рэд.). Ну а калі ад вашых дзеянняў у лесе пачнецца пажар – ад 30 базавых велічынь (ад 1 110 руб. – Рэд) да крымінальнага пакарання, у залежнасці ад маштабаў нанесенай шкоды.
Афіцыйная прычына забароны на наведванне лясоў – высокі клас пажарнай небяспекі (III-IV). Усталявалася сухое надвор’е, мала ападкаў, і пажар можа ўспыхнуць нават ад маленькай іскры.