Музыка Алесь Чумакоў выканаў вядомую польскую песню пра Гомель па-беларуску

Над стварэннем беларускай версіі кранальнай песні “Gdzie jest mój Homel” працаваў майстар-гусляр Алесь Чумакоў, а адаптаваў тэкст бард Сяржук Сокалаў-Воюш.

Песня “Мой любы Гомель” распавядае пра жыццё горада над Сожам у першай палове ХХ стагоддзя. Тады значную частку жыхароў Гомеля складала менавіта габрэйскае насельніцтва. Гэты спеў быў створаны па матывах культавага твору пісьменніка Іллі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванца” — вядомага ў свеце сатырычнага твору, які не саступае раману Яраслава Гашака пра прыгоды бравага ваякі Швейка.

Лазік Ройтшванец, ад імя якога выконваецца песня, — кравец з Гомеля, які ўвесь час трапляе ў абсурдныя сітуацыі і, знаходзячыся ў розных краінах, прызнаецца ў любові да свайго роднага гораду. Раман Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванца” выйшаў у 1928 годзе ў Парыжы. У СССР гэтая кніга была забароненай да 1989 года.

Арыгінальная песня “Gdzie jest mój Homel” выконвалася рознымі польскімі спевакамі ў знакамітым кракаўскім кабарэ “Падвал пад баранамі”. Але найбольш вядомыя выканаўцы — Алёша Аўдзееў і Тадэвуш Квінта.

Штодзень

 

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі

У турму за музыку: год, як рагачоўскаму Tor Band прысудзілі вялізныя тэрміны за іх творчасць