Амаль усе артыкулы і навіны ў дзяржаўных раённых выданнях Гомельскай вобласці выходзяць па-расейску. Матэрыялы па-беларуску сталі настолькі рэдкімі, што чачэрскае выданне зрабіла спецыяльную рэмарку пра тое, што тэкст на роднай мове ім даслаў у такім выглядзе аўтар.
Не зусім зразумела, ці такім чынам яны выхваляліся, ці прасілі прабачэння ў сваіх чытачоў. Артыкул быў прысвечаны бабулі Уладзіміра Караткевіча, якая, як аказалася, паходзіць з Чачэрскага раёну.
«Інфармацыю пра тое знайшоў у пэўных вытоках былы настаўнік Нісімкавіцкай школы, член раённага аб’яднання краязнаўцаў «ЧАК» Аляксандр Ганчароў. Згодна атрыманым дадзеным, пасля заканчэння жаночай духоўнай семінарыі Ганна Францаўна Пашкевіч у 1883 годзе працавала настаўніцай Нісімкавіцкага пачатковага вучылішча», – паведамляе раёнка.
Паводле Ганчарова, у дзядулі і бабулі Караткевіча было чацвёра дзяцей: Сяргей 1891 года нараджэння не вярнуўся з Першай сусветнай вайны; Надзея – маці Уладзіміра Караткевіча; Яўгенія і самая малодшая Ніна, якая памерла ў 1993-м ва ўзросце 89 гадоў. Самой жа Ганны Францаўны не стала ў жніўні 1906 года, яна была пахавана на старых могілках у Рагачове.
Менавіта ад дзеда Караткевіч пачуў легенду «Мать Ветра» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў. Таксама ён жа стаў прататыпам аднаго з герояў рамана “Каласы пад сярпом тваім”.
У такой сітуацыі заўсёды цікава, як на падобную сітуацыю з беларускай мовай у раёнках адрэагаваў бы сам Уладзімір Караткевіч. Хацелася б, каб падобным пытанням задаліся і рэдакцыі дзяржаўнай прапаганды: нават калі ім і спускаюць тэмы “зверху”, то, відавочна, мову артыкулаў яны абіраюць самі.