Містычная гісторыя, як у Гомелі не з’явіўся трамвай

by ZB

За апошнія сто год трамваі ў Гомелі мусілі з’явіцца як мінімум тры разы. Аднак кожны раз здараліся нейкія катаклізмы, якія не давалі магчымасці рэалізаваць задуму.

 

Першы раз ідэя з’явілася ў пачатку ХХ стагоддзя. Як адзначаў Леў Вінаградаў у кнізе “Гомель. Ягонае мінулае і сучаснае: 1142-1900”, “з 1901 года галоўныя вуліцы горада планавалася нават асвяціць электрычнасцю і пакрыць сеткай ліній электрычнага трамвая; урадам дазволена заключыць кантракт на гэтую задуму з кіеўскім капіталістам Б.” Спачатку пачалася Першая сусветная вайна. А  ў 1917 годзе адбыўся бальшавіцкі пераварот і планы на трамвай былі адкладзеныя. Капіталісты па зразумелых прычынах зніклі, а трамвай так і не з’явіўся.

Дарэчы, у літаратуры нават захавалася сведчанне пра тое нерэалізаваныя планы па будаўніцтве трамвайных ліній. У забароненай у савецкія часы кнізе пісьменніка Іллі Эрэнбурга „Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” адзначаецца: „Як ніяк, у Гомелі мноства асветных пачынанняў, два тэатры, цырк, не кажучы ўжо пра кіно (…). У парку, былым Паскевіча, сядзіць на ланцугу сапраўдны воўк і палохае выццём наіўных дзетак. А цалкам распрацаваны праект трамвая? Не, у культурных адносінах Гомель мала чым адрозніваецца ад сталіцы…”.

Другі раз пра трамвай загаварылі ў 1930-х гадах. У генплане рэканструкцыі Гомеля, які распрацоўвалі ў 1932-1934 гадах, прадугледжвалася з’яўленне трамвайнага руху па пр. Леніна, вуліцы Савецкая ў кірунку Навабеліцы. Аднак і гэтым планам не лёс быў здзейсніцца, бо пачалася ІІ Сусветная вайна.

У пасляваенным Гомеле з’явіўся новы Генеральны план па адбудове горада. Яго абмяркоўвалі ў жніўні 1946 года на пашыраным пасяджэнні Гомельскага гарвыканкама. Тады зноў узнік праект пабудовы трамвайных ліній. Намеснік начальніка Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ БСССР Леў Мацкевіч, сыходзячы пратакола пасяджэння, казаў: “Трамвай намечаны правільна, але па Савецкай вуліцы яго пускаць не трэба. У дадатак да трамвая па цэнтральнай частцы горада неабходна праектаваць тралейбус”.

Аднак і гэтыя планы не атрымалася рэалізаваць. У Гомельскай вобласці, як і ва ўсёй краіне здарыўся голад. У БССР у 1946-1947 гадах панаваў страшэнны голад, выкліканы пасляваеннай разрухай і палітыкай уладаў. Як адзначаецца ў манаграфіі Зіма “Голад у СССР 1946-1947 гадоў”, голаду 1946-1947 гадоў магло б не быць, бо дзяржава валодала дастатковымі запасамі зерня. Адна частка запасаў экспартавалася, а другая ніяк не выкарыстоўвалася і проста псавалася. “Дзяржава эканоміла на дапамозе людзям, якія пакутавалі і паміралі ад голаду”.

Голад і прыцясненне вёскі прывялі да міграцыі ў горад. У тым ліку, і ў Гомель. Горад імкліва рос. І праз 15 год пасля першага пасляваеннага генплану  колькасць жыхароў у Гомелі стала нашмат большая, чым планавалі ў 1946 годзе. Узнікла неабходнасць новага генплана. У 1964 годзе быў зацверджаны другі пасляваенны план Гомеля. Аднак там пра трамвай ужо не згадвалі. Тым болей, за два гады да гэтага было адкрыта тралейбуснае спалучэнне. 20 мая 1962 года першы тралейбус праехаў па маршруце “Вакзал” – “Тралейбусны парк”. Замест трамвая ў горадзе развіваецца тралейбусны транспарт.

У 2014 годзе загаварылі ўжо не пра трамвай, а пра праект “лёгкага метро”. Начальнік Дырэкцыі па будаўніцтва Мінскага метрапалітэну Павал Царун распавёў журналістам пра тое, што прапрацоўваецца дадзеная ідэя. Чыноўнік спаслаўся на замежны досвед, калі ў гарадах з насельніцтвам у паўмільёна чалавек будуецца так званае лёгкае метро працягласцю ў 30 км. Аднак і гэтыя планы засталіся пакуль на ўзроўні ідэі.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png