Жыхары мясцовага дачнага пасёлка змагаюцца за вадаём ужо не першы год. Праблема ўзнікла пасля таго, як яго здалі ў арэнду і абвастрылася гэтым летам, калі часовы ўласнік урэшце пачаў нешта рабіць з тэрыторыяй.
Як сцвярджаюць дачнікі, вадаём – гэта возера, і паказваюць дакументы з пацвярджэннем, што яно праточнае. Копанкай яго называюць мясцовыя ўлады, якія хочуць здаць яго ў арэнду любым коштам, а таксама арандатар, які ўсур’ёз вырашыў выйграць «вайну».
Справа ў тым, што возера здаваць у арэнду нельга, а штучны вадаём – так. Дачнікі ж хвалююцца, што на арандаваным вадаёме больш нармальна адпачываць не атрымаецца.
Як пісаў «Штодзень», дачнікі развярнулі ў абарону свайго «возера Цыкуны» цэлую кампанію. У тым ліку ў жніўні збіралі подпісы, пашыхтаваліся ў ланцуг каля яго і заклікалі: «Не, арэндзе!». Усё гэта знялі і выклалі ў сацсеткі для большага распаўсюду.
У верасні ўлады сабралі дачнікаў, каб распавесці, што ніводнае іх патрабаванне выкананае не будзе. Паралельна, як стала вядома «Флагштоку», справай займалася міліцыя, выклікі туды ідуць са жніўня. Зразумела, што на мэце стаіць пакаранне ўдзельнікаў, як яны лічаць, за несанкцыянаванае пікетаванне. Дачнікі лічаць такую кваліфікацыю несправядлівай, бо «ніякіх палітычных мэтаў перад сабой не ставілі».
Але пакуль што судоў не было, пракуратура вярнула справу ў міліцыю на дапрацоўку.