Магія Падляшша: шляхам разьбянага дэкору

Падляшша – усходні рэгіён Польшчы, найбольш заселены этнічнымі беларусамі, які славіцца і сваёй драўлянай архітэктурай. Гэта і шматлікія цэрквы, і пабудовы грамадскага карыстання, і хаты на вёсках. Менавіта пра гэтыя хаты і будзе размова, бо яны захавалі ў сваім знешнім выглядзе гісторыю насельнікаў гэтай зямлі.

Мова Гомель запрашае ў невялікую вандроўку па падляшскі вёсках, каб глянуць, як можна спалучыць сучаснае і мінулае.

magiapodlasia.pl, фота: Павел Тадэйка

 

КРАІНА АДКРЫТЫХ АКАНІЦ

Падляшша славіцца сваімі турыстычнымі шляхамі, якія не абмінулі і драўляную архітэктуру гэтага рэгіёну. Турыстам можна доўга не думаць, а толькі выбіраць са шматлікіх прапанаваных варыянтаў, сярод якіх ёсць і “Краіна адкрытых аканіц”. Зрэшты, на рэкламных буклетах амаль паўсюдна можна пабачыць драўляныя хаты з разьбяным дэкорам і аканіцамі, якія сустрэнеш на падляшскіх беларускіх вёсках.

Чаму беларускіх? Справа ў тым, што большасць насельніцтва гэтых вёсак – этнічныя беларусы, якія пасля Другой сусветнай вайны аказаліся па іншы бок граніцы, і сталі воляю лёсу “польскімі беларусамі”. Але вандруючы па гэтых вёсках, лёгка пераканацца, што старэйшыя іх насельнікі яшчэ гавораць “па-свойму”, то бок на мясцовым дыялекце беларускай мовы, які часта пераклікаецца з гаворкамі беларускага Палесся. Захавалі мясцовыя жыхары і сваю праваслаўную веру.

“Краіна адкрытых аканіц” ахоплівае толькі тры вёскі ў даліне ракі Нарва: Сацы, Пухлы і Трасцянка (хоць аднесці да такога маршруту можна Рыбалы, Целушкі, Плюцічы, Войшкі і шматлікія іншыя). Што іх спалучае, акрамя геаграфічнай блізкасці? Аканіцы і ўпрыгожанні дамоў.

shewasthere.pl, вёска Плюцічы

 

ЯК НА ПАДЛЯШСКІХ ХАТАХ З’ЯВІЛІСЯ АЗДОБЫ?

Калі ідзе гаворка пра крыніцы натхнення для мясцовых майстроў-разьбяроў, то заўсёды называюцца дзве асноўныя.

Самая пашыраная версія таго, адкуль на падляшскіх вёсках з’явіліся драўляныя аздобы на дамах, пераносіць нас у часы Першай сусветнай вайны (1915-1922) і бежанства. Гэта было масавае перасяленне насельніцтва з заходніх тэрыторый Расійскай імперыі часта ў самы глыб Расіі. Бежанства было выклікана страхам перад жорсткасцю надыходзячай нямецкай арміі, якая летам 1915 года прарвала лінію фронту ў ваколіцах Варшавы і такім чынам рухалася на ўсход. Трэба сказаць, што Расійская імперыя свядома пашырала чуткі пра “страшных немцаў”, выкарыстоўваючы стратэгію так званай “выпаленай зямлі”: няма людзей, няма ежы, і ворагу будзе цяжэй праводзіць свае наступальныя дзеянні.

robimypodroze.pl, вёска Сацы

 

warsztatpodrozy.com, вёска Сацы

 

Гэтая стратэгія паламала лёс незлічонай колькасці людзей, вярнуліся пазней з бежанства далёка не ўсе. Але тыя, якія вярнуліся, прывезлі з сабою досвед не толькі трагічны, але і практычны, “наглядзеўшыся” на багатыя ўпрыгожанні расійскіх хат. Прывядзём тут меркаванне гомельскага гісторыка Яўгена Малікава, якое ён выказаў у размове з беларускай фалькларысткай Аленай Ляшкевіч для “Будзьма”:

– Сапраўды, шырокі росквіт драўлянага разьбянага дэкору на Падляшшы пачынаецца ў 1920-х — 1930-х гадах, пасля вяртання мясцовых жыхароў з бежанства. І гэта сапраўды ўсходні ўплыў, а Расія — частка шырока зразуметага Усходу. Але што гэта за Расія? Мой родны Гомель да 1926 года знаходзіўся ў складзе РСФСР. Розныя групы бежанцаў маглі спыніцца дзе заўгодна, ад Гомеля да Томска. Яны пабачылі ўпрыгожаныя драўляныя будынкі, вярнуліся дадому і ўзнавілі тое, што ім спадабалася. І на маю думку, падляшскія разьбяныя аздобы больш падобныя да гомельскіх, чым да больш усходніх традыцый, пра якія ў нас кажуць “расійскі дэкор”…

І такім чынам, у міжваенны час, пачалося актыўнае аздабленне падляшскіх хат конікамі, птушкамі, кветкамі і рознымі іншымі ўзорамі. Зразумела, што кожны майстар прыўносіў у працу нешта сваё аўтарскае і таксама нешта мясцовае. Таму і дэкор падляшскіх хат набыў свой уласны, унікальны каларыт.

andrzej-banach.eu, вёска Целушкі

 

Другі шлях паходжання разьбянага дэкору на Падляшшы — гэта капіраванне дэталяў царскіх урадавых будынкаў ХІХ стагоддзя. Тут найперш гаворка пра мясцовасць Белавежа, дзе мясціўся царскі палац і іншыя пабудовы таго часу. Частка з іх захавалася.

Aneta Gałaburda, двор гродзенскага губернатара ў Белавежы з сярэдзіны 19 ст.

 

МАТЫВЫ РАЗЬБЯНАГА ДЭКОРУ

Матывы разьбянага дэкору на Падляшшы можна сустрэць самыя розныя. Найчасцей – геаметрычныя (квадраты, трохкутнікі, прамавугольнік і так далей) і раслінныя выявы. Таксама шмат можна сустрэць выяваў жывёл і птушак (галубы, пеўні, вавёркі, зайцы, конікі і так далей). І толькі рэдка можна сустрэць выявы чалавека.

А што ўпрыгожвалі? Найперш вуглы хат, якія бываюць багата ўпрыгожанымі. Асобную ўвагу надавалі вокнам: тут і аканіцы, і ліштвы. Да найбольш аздобленых частак хаты адносяцца і ганкі (цяпер часцей можна сустрэць веранды). Таксама абавязкова ўпрыгожвалі шчыт хаты, дый увогуле тут вялікае поле для творчасці.

renata-fotografia.blogspot.com, вёска Сацы

 

kontakt24.tvn24.pl, вёска Войшкі

 

Многія сучасныя жыхары падляшскіх вёсак імкнуцца захаваць дэкор бацькоўскіх і дзядоўскіх хат. З’явіліся і новыя майстры, здольныя ствараць такія ўпрыгожанні і надаваць ім новыя акцэнты. Часам за захаванне драўлянага дэкору і архітэктуры бярэцца дзяржава. Да прыкладу, цэлая вёска Сацы ахопленая такой аховай як каштоўнасць. Праўда, некаторыя мясцовыя жыхары часам і наракаюць на гэта, бо цяпер без спецыяльнага дазволу рамонтам хаты не зоймешся. Але ж тут гаворка ідзе пра агульную карысць.

Мова Гомель адмыслова для Штодзень.

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары