Лёс тыповых праектаў кінатэатраў Зоі Брод на постсавецкай прасторы

by ZB

З усіх кінатэатраў, пабудаваных па праекце Зоі Брод (пра ўзведзеныя па ім гомельскія будынкі “Штодзень” пісаў раней), хацелася б распавесці пра некалькі. Іх лёсы сапраўды вартыя асобнага артыкула.

Прыкладаў, каб горад губляў будынак, гісторыя ведае багата. Але выпадак, калі будынак згубіў цэлы горад, трагічна ўнікальны. Гаворка пра былы кінатэатр “Спартак” ва ўкраінскім горадзе Ізюм.

Кінатэатр “Спартак” (г. Ізюм) у савецкія часы. Фота: novy-izyum.at.ua

 

Пакуль яшчэ кінатэатр (2010-я гады). Фота: wikimapia.org

 

Палац культуры. 2019 год. Фота: wikimapia.org

 

2023 год. Фота: city-izyum.pp.ua

Будове пашчасціла захаваць сваю першапачатковую функцыю ў няпростыя 1990-я., але не надоўга. Пасля невялічкага перыяду занядбання ў 2010-х яго адрэстаўравалі і зрабілі палацам культуры. Мяркуючы па здымках, датаваных 2023 годам, сур’ёзныя пашкоджанні абмінулі “Спартак”. Але разбурэнні, якія спазнаў увесь горад, робяць палац культуры на дадзены момант мала каму патрэбным. У Ізюме – адным з найбольш пацярпелых ад вайны гарадоў Украіны – разбураны жылыя дамы, сядзібы адукацыйных і грамадскіх устаноў, крамы… Праз які час атрымаецца аднавіць горад настолькі, каб “Спартак” зноўку стаў неабходны жыхарам, невядома.

 

Незвычайную трансфармацыю перажылі тыповыя кінатэатры ў Пінску, украінскіх Запарожжы і Камсамольскім, расейскай Уфе. Тутэйшыя жыхары і зараз прыходзяць сюды паглядзець і паслухаць, толькі не кіно, а святароў. Бо колішнія кінатэатры перабудавалі ў цэрквы.

Кінатэатр імя Шаўчэнка, пазней – Андрэеўскі кафедральны сабор у Запарожжы

У Свята-Мікалаеўскім храме г. Камсамольска (Украіна) пазнаецца тыповы праект кінатэатра аўтарства Зоі Брод

Гэтыя рэнавацыі ХХІ стагоддзя з’яўляюцца адгалоскам трагічных падзей першай паловы ХХ ст., калі культавыя забудовы ў мэтах атэізацыі насельніцтва ў лепшым выпадку прыстасоўвалі пад іншыя патрэбы (так Гомельскі сабор святых Пятра і Паўла з 1962 па 1985 гады выконваў функцыю планетарыя), ці ўвогуле руйнавалі.

 

 

З падзеннем савецкага рэжыму, калі людзі актыўна пачалі вяртацца да веры, цэркваў, касцёлаў ды мячэцяў стала востра бракаваць. Таму ў апошняе трыццацігоддзе культавыя забудовы давялося тэрмінова ўзводзіць, ці перарабляць з нейкіх іншых будынкаў.

Кінатэатр "Шахцёр" і Царква Ражства Хрыстова ў Сафонава (Смаленская вобласць)

 

Кінатэатр "Луч" і мячэт ва Уфе

Царква ў Запарожжы выглядае даволі арганічна, чаго не скажаш пра пінскі былы кінатэатр. Зразумела жаданне вернікаў мець царкву на яе гістарычным месцы (у 1667 годзе тут узвялі дамініканскі касцёл, які пазней адышоў да праваслаўнай царквы і быў  знесены ў 1950-я гг.). Але, здаецца, лепей было б пабудаваць новы густоўны храм у іншай лакацыі, а гістарычны будынак кінатэатра захаваць у першасным выглядзе.

Фёдараўскі сабор (раней – Дамініканскі касцёл) у Пінску

 

Былы пінскі кінатэатр, “упрыгожаны” цыбулінамі. Фота: glidernet.livejournal.com

 

Штодзень 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png