Мова Гомель распавядае пра жыццё і навуковую дзейнасць “некласічнага псіхолага” Льва Выгоцкага, але таксама пра некаторыя цікавосткі біяграфіі вядомага суайчынніка.
Паходзіў з заможнай яўрэйскай сям’і
Леў Сімхавіч Выгоцкі нарадзіўся 17 лістапада 1896 года ў Оршы, але ўжо праз год сям’я пераехала ў Гомель, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага вучонага. Ён быў другім з васьмярых дзяцей у сям’і намесніка кіраўніка Гомельскага аддзялення Аб’яднанага банка, купца Сімхі Лейбавіча Выгодскага і яго жонкі Цэцыліі Майсееўны Выгодскай. Сям’я была заможнай, разам са сваякамі памерлага брата Сімхі Лейбавіча яны валодалі домам у Гомелі.
Леў рос вельмі адораным хлапчуком. Спачатку яго адукацыяй займаўся прыватны настаўнік Шолам Мардухавіч Ашпіз, а потым Леў экстэрнам здаў экзамены і трапіў адразу ў шосты клас казённай гімназіі, праўда, апошнія два класы скончыў ужо у прыватнай яўрэйскай мужчынскай гімназіі імя Ратнера. Ужо тады Леў вучыў старажытныя яўрэйскую і грэцкую мовы, а таксама латынь і англійскую мову, самастойна вывучаў мову эсперанта.
Яшчэ падлеткам захапляўся філасофіяй, літаратурай, а пазней і тэатрам. Нават ладзіў аматарскія тэатральныя прадстаўленні і сам удзельнічаў у іх як акцёр. Вялікі ўплыў на будучага псіхолага аказаў яго дваюрадны брат Давід Ісаакавіч Выгодскі, вядомы ў далейшым літаратурны крытык і перакладчык.
Вельмі добрая адукацыя і некалькі ўніверсітэтаў
Не дзіва, што гімназію ў Гомелі Леў Выгоцкі скончыў на выдатна, і ў 1913 годзе паехаў вучыцца ў Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт спачатку на медыцынскі факультэт, а потым перавёўся на юрыдычны. Адначасна “даў волю” свайму захапленню літаратурай, друкаваўся як аўтар артыкулаў у тым ліку ў часопісе “Новый путь”, шмат пісаў на тэмы яўрэйскай гісторыі і культуры. У яго артыкулах, напісаных да 1917 года, прасочвалася непрыняцце антысемітызму і негатыўнае стаўленне да ідэй сацыялізму і камунізму.
Дарэчы, вучоба на юрыдычным факультэце дазваляла яўрэйскаму хлопцу атрымаць дазвол на пражыванне па-за мяжой аседласці. Аднак, захапляючыся літаратурай і філасофіяй, адначасна ён паступіў на гісторыка-філасофскі факультэт Народнага ўніверсітэта імя Шаняўскага, у якім дзякуючы выбітным выкладчыкам зацікавіўся псіхалогіяй, што вызначыла яго далейшы навуковы шлях. Яго дыпломная работа ў Народным універсітэце мела назву “Трагедыя аб Гамлеце, прынцы Дацкім, У. Шэкспіра”.
Забягаючы крыху наперад, адзначым, што ўжо будучы прафесарам, у 1931 годзе Леў Выгоцкі паступіў завочна на медыцынскі факультэт Украінскага навукова-даследчага псіханеўралагічнага інстытута ў Харкаве.
Гомельскі перыяд, выкладчыцкая дзейнасць і тэатр
Скончыўшы вучобу ў Маскве, у 1917 годзе Леў Выгоцкі вяртаецца ў Гомель, дзе жылі яго бацькі. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а таксама псіхалогіі ў розных месцах і на розных курсах, даваў і прыватныя ўрокі.
У Гомелі Леў Выгоцкі праявіў і сваю любоў да тэатра, а таму заняўся арганізацыяй тэатральнага жыцця горада, нават быў загадчыкам тэатральнага пададдзела Гомельскага аддзела народнай адукацыі, а потым кіраваў мастацкім аддзелам Губернскага аддзела народнай адукацыі. Таксама шмат друкаваўся як аўтар тэатральных рэцэнзій, якіх выйшла больш за 80. Займаўся выдавецкай дзейнасцю, ладзіў тэатральныя гастролі, праводзіў заняткі ў тэатральнай студыі. Шмат у чым дзякуючы яму ў пачатку 1920-х гадоў Гомель стаў вядомы сваім тэатральным жыццём.
У 1922 годзе Леў Выгоцкі пачаў выкладаць логіку і псіхалогію ў Гомельскім педагагічным тэхнікуме, дзе стварыў псіхалагічны кабінет для правядзення даследчыцкай і вучэбнай працы. Яго даследаванні і даклады прыцягнулі ўвагу спецыялістаў, таму Леў Выгоцкі атрымаў запрашэнне на працу ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут эксперыментальнай псіхалогіі. У 1924 годзе ён пераехаў у Маскву, дзе пачаўся найбольш плённы этап яго навуковага жыцця.
Славуты псіхолаг і вучоны
Пасля 1924 года пачаўся “зорны час” Льва Выгоцкага як навукоўца. Ён стаў стваральнікам навуковай школы некласічнай культурна-гістарычнай псіхалогіі, якая атрымала вялікі рэзананс у сусветнай псіхалагічнай навуцы, заснавальнікам дэфекталогіі і педалогіі.
Як вучоны Леў Выгоцкі падверг крытычнага аналізу шэраг філасофскіх і большасць сучасных яму псіхалагічных канцэпцый. Сваю ўвагу засяродзіў на даследаванні праблем педагагічнай псіхалогіі і дэфекталогіі, кіраваў аддзелам адукацыі псіхічна і фізічна адсталых дзяцей пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У 1925 годзе нават удзельнічаў у Міжнароднай канферэнцыі па адукацыі глуханямых дзяцей у Лондане. Гэта была першая і адзіная яго замежная паездка.
Аўтар больш як 270 навуковых прац, але пры жыцці Выгоцкага многія з іх заставаліся ў рукапісах. У 1936 годзе ўсе працы вучонага ўвогуле забаранілі, і яны заставаліся ў “падполлі” да другой паловы 1950-х гадоў, калі сталі даступныя шырокай навуковай грамадскасці. Яго пачалі цкаваць яшчэ пры жыцці за нібыта шкодныя працы па педалогіі, “буржуазныя падробкі”.
На сёння працы Льва Выгоцкага выдадзеныя ў больш як 20-ці краінах свету, ён уваходзіць у дзясятку самых вядомых псіхолагаў свету. Адна з найбольш вядомых яго фундаментальных прац “Мысленне і маўленне” была напісаная незадоўга да смерці. Яго ідэі і тэорыі крыху апярэдзілі час, але стварылі фундамент для шматлікіх сучасных методык. Ён пакінуў таленавітых вучняў, так званую знакамітую “васьмёрку”. Яго надалей друкуюць і цытуюць.
Асабістае і цікавосткі
Леў Выгоцкі ажаніўся ў 1924 годзе з Розай Ноеўнай Смехавай (1899 – 1979). Яны мелі дзвюх дачок: у 1925 годзе нарадзілася Гіта, будучы псіхолаг і дэфектолаг, а ў 1930 годзе – Ася, будучы кандыдат біялагічных навук.
У біяграфіі вучонага ёсць цікавыя акалічнасці. Па-першае, ён змяніў сваё імя па бацьку з Сімхавіча – на Сямёнавіча. Па-другое, каб адрознівацца ад свайго вядомага дваюраднага брата Давіда Выгодскага, у 1923 годзе змяніў у напісанні прозвішча адну літару, таму на рускай мове яго прозвішча пісалі “Выготский”.
Яшчэ за год да смерці Выгоцкі пачаў курыць, хоць некаторыя і палічылі гэта самагубствам. Ён быў жыццялюбным чалавекам, які любіў эксперыментаваць усюды і заўсёды, умеў заражаць іншых сваёй цікавасцю да жыцця.
Пахаваны на Новадзявочых могілках
У пачатку 1934 года Леў Выгоцкі быў запрошаны ва Усесаюзны інстытут эксперыментальнай медыцыны, які ствараўся ў Маскве, для арганізацыі ў ім сектара псіхалогіі. Але ў маі таго года “нагадаў” пра сябе туберкулёз, з якім ён беспаспяхова змагаўся яшчэ з маладосці. Таму Выгоцкага адвезлі ў санаторый у Сярэбраны бор і перавялі на пасцельны рэжым. 11 чэрвеня ён памёр, пражыўшы ўсяго 37 гадоў. Нібыта ў санаторый ён узяў з сабою кнігу “Гамлет” Шэкспіра, пра якую ў сваёй ранейшай працы пісаў так: “Не рашучасць, а гатоўнасць – гэта стан Гамлета”. І нібыта яго апошнімі словамі былі: “Я гатовы”.
Урна з прахам Льва Выгоцкага пахаваная на Новадзявочых могілках. Яго імя носіць Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж, на будынку якога ўсталяваная мемарыяльная шыльда.
Выкарыстаныя матэрыялы: bis.nlb.by, novayagazeta.ru, адкрытыя крыніцы.