Квіткі лоўкост-кампаніі Ryanair могуць падаражаць

Рашэнне, вынесенае суддзёй невялічкага гарадка Vitigudino у Іспаніі, можа зрабіць бюджэтны адпачынак даражэйшым для значнай колькасці асоб.

У траўні 2025 года ў правінцыі Саламанка завяршыўся судовы працэс паміж пасажыркай і авіякампаніяй Ryanair. Жанчына была незадаволеная тым, што падчас падарожжаў у 2019-2024 гадах ёй давялося заплаціць 147 еўра за ручны багаж. Суд стаў на бок спажыўца і абавязаў перавозчыка кампенсаваць суму. Аргументавана такое рашэнне тым, што ручная паклажа павінна быць неад’емным элементам пасажыраперавозак. Абскардзіць прысуд магчымасці няма.

Актыўны ўдзел у працэсе прыняла арганізацыя FACUA, якая даўно змагаецца з практыкай аплаты за ручную паклажу на рэйсах розных лоўкост-кампаній. Для іх гэта пяты паспяховы працэс.

Аднак такая барацьба можа прынесці нечаканы вынік. Авіякампаніі з таннымі пералётамі, баючыся, што такія судовыя працэсы стануць масавай практыкай, могуць пачаць адразу дадаваць кошт ручной паклажы да цаны квітка. Такім чынам, для тых, не мае значнай колькасці рэчаў, квіткі стануць даражэйшыя.

Прынцып лоўкост-кампаніі Ryanair якраз палягаў на тым, каб даць пасажырам магчымасць выбару: можна ляцець з мінімальнай колькасцю паслуг па мінімальным кошце, альбо дакупіць асобныя неабходныя паслугі. Насамрэч нават пры мінімальнай цане білета кожны пасажыр, без дадатковай аплаты, мог пранесці на борт адну торбу памерам да 40х20х25 см вагой да 10 кг і размясціць я ў салоне пад сядзеннем. Тым, хто едзе ў падарожжа на пару дзён, гэтага цалкам дастаткова, каб узяць неабходнае. Дадаткова трэба было аплачваць валізку ці заплечнік памерам 55х40х20 см, які размяшчаецца на палічках над сядзеннямі.

У 2024 годзе Ryanair перавёз больш за 200 млн пасажыраў. Нядаўна кампанія абвясціла аб павышэнні тарыфаў у сувязі з падзеннем прыбытку. Цалкам магчыма, што іспанскі судовы прэцэдэнт змусіць кампанію яшчэ раз перагледзець тарыфы.

 

Штодзень

 

Слайдар пастоў