Юнэска унесла ўкраінскі боршч у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. І гэтым, можна сказаць, была пастаўленая кропка ў расейска-ўкраінскай спрэчцы на тэму “Чый боршч?”. У беларусаў гучных кулінарных спрэчак з іншымі народамі не было. Але і некаторыя беларускія стравы прызнаныя нематэрыяльнай культурнай спадчынай Юнэска. Не паверыце, але гэта не дранікі.
Падавалася, няўжо цэлыя народы могуць вясці вайну за стравы. Аказваецца, могуць. З нядаўняга: міністр культуры Украіны Олександр Ткачэнка напісаў у сваім фэйсбуку: “Перемога у війні за борщ – наша!”. А пачалося ўсё пасля таго, як у красавіку прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава абвінаваціла Украіну ў тым, што там не хочуць дзяліцца рацэптам баршчу. Пытанне “Чый боршч” з’яўляецца такім жа трыгерам, як і пытанне “Чый Крым?”.
Пакуль што самая папулярная дыскусія наконт беларускіх страваў адбываецца паміж самімі беларусамі. Задай у сацыяльных сетках пытанне, як правільна гатаваць дранікі – і атрымаеш кучу спрэчак і каментароў. Самае галоўнае пытанне вакол дранікаў: з мукой ці без. І яно зразумела. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры зафіксавала ажно 235 народных рэцэптаў страў з таркаванай бульбы.
Беларускім стравам пакуль не ўручаюцца міжнародныя сертыфікаты як, напрыклад, з пао цай (марынаваная капуста з кітайскай правінцыі Сычуань). Дарэчы, праз гэтую капусту нават дыпламатычныя спрэчкі былі паміж Кітаем і Паўднёвай Карэяй. Беларускасць дранікаў пакуль ніхто пад сумнеў не ставіць. Аднак акрамя дранікаў ёсць і іншыя стравы ў беларусаў, якія варта папулярызаваць у першую чаргу паміж самімі беларусамі. Грыбны квас (не блытаць з Лідскім), граматка, верашчака, пячысты, крамбамбуля, наліснікі, паляндвіца – пра ўсе гэтыя стравы варта памятаць, калі гаворка ідзе пра беларускія стравы.
Пакуль што некалькі беларускіх страваў увайшлі ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Сярод якіх – масляны баран і аржаны хлеб з Глыбоцкага раёна Віцебшчыны, поразаўская “банкуха” – незвычайны галінасты пірог са Свіслацкага раёна. А масляны баран і аржаны хлеб прызнаныя нематэрыяльнай культурнай спадчынай Юнэска. А вось дранікі і бабка толькі збіраюцца ўключыць у спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці. Міністэрства культуры абаяцала ў бліжэйшы час уключыць стравы з таркаванай бульбы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
А якія беларускія стравы гатуеце вы? Дзяліцей з намі ў каментарах альбо пішыце ў бот: @Sztodzien_bot
І ўсё-такі: дранікі з мукой ці без?
Штодзень