Ураджэнец Рэчыцы Барыс Давід Балтэ ўжо шмат гадоў жыве ў Ізраілі. Мова Гомель распытала яго пра традыцыі свята Суккот, а таксама пра тое, як гэта свята ў свой час адзначалі ў Рэчыцы.
У Ізраілі сёлета Суккот адзначаюць з 29 верасня да канца 7 кастрычніка, а ў выгнанні (у дыяспарах) крыху іначай. У Суккот ёсць такая асаблівасць, што ў выгнанні першы дзень свята ідзе два дні, і апошні дзень таксама два дні.
“Гэта адно з чатырох свят, пра якое напісана ў Бібліі”, – тлумачыць нам Барыс Давід Балтэ:
– Усе яўрэйскія святы дзеляцца на тры часткі. Гэта рэлігійныя святы, іх чатыры і яны прапісаны ў Бібліі. Потым нацыянальныя святы, якія не напісаны ў першых пяці кнігах Бібліі, то бок пра іх не напісана ў Торы. Гэта святы, якія не былі дадзены нам Богам, а людзі самі іх завялі. І трэцяя група – дзяржаўныя святы як Дзень Незалежнасці.
Суккот – рэлігійнае свята, перакладаецца з іўрыта як свята кучак. Гэта дзень, калі мы ўзгадваем наш выхад з Егіпта. Тыя людзі, якія ратаваліся з егіпецкага рабства і 40 гадоў хадзілі па Сінайскай пустыні, будавалі сабе шалашы. І мы цяпер будуем шалаш кучак, які называецца сукка. Шалаш будуецца на адкрытым паветры, над ім павінна быць адкрытае неба, таму дах суккі робяць з пальмавых лістоў, каб можна было ноччу бачыць зоры. Суккот доўжыцца тыдзень, але асноўныя, найбольш святочныя дні, гэта першы і апошні, у іх па рэлігійным законе нельга працаваць, нічога рабіць. Саму сукку трэба ўпрыгожваць, запрашаць у яе гасцей, есць, піць, спяваць, святкаваць.
Таксама на Суккот чакаюць і незвычайных гасцей, нябесных, ушпізін. Ушпізін усяго сем, таксама як сем дзён Суккот. Гэта Аўраам, Іцхак, Якаў, Мошэ (Майсей) і яго брат Аарон, першасвятар, таксама гэта Іосеф і цар Давід. Кожны з іх сімвалізуе адну з сямі духоўных якасцей. Ушпізін прыходзяць у сукку кожны вечар свята Суккот.
Апошні, восьмы дзень свята, гэта выходны дзень, і тады святкуюцца ажно два святы, кажа Барыс Давід Балтэ:
– Першы – гэта Шміні Ацэрэт, дзень малітвы аб дажджы, лічыцца, што пасля гэтага свята павінна наступаць восень, хоць у Ізраілі яна прыходзіць пазней, але гэты дзень завяршае летні цыкл і пачынае зімовы цыкл малітваў. І другое свята, адно з самых прыгожых, – гэта Сімхат-Тора, або “Радасць Торы”, гэта дзень, калі завяршаюць чытаць Тору, якую чытаюць цэлы год, і ў гэты ж дзень яе пачынаюць чытаць нанова, каб працэс быў няспынным. У гэты дзень выклікаюць да чытання Торы нават хлопчыкаў да 13 гадоў, бо звычайна Тору чытаюць дарослыя. Пры гэтым Тору не проста чытаюць, а як бы “заспяваюць”. Калі дзеці скончаць чытанне, у іх кідаюць цукеркамі, потым выходзяць са скруткам Торы (які стаіць у Святой шафе) і з танцамі, песнямі, сем разоў абыходзяць будынак сінагогі. Пасля гэтага лічыцца, што прыйшоў зімовы перыяд.
Дарэчы, раней на Сімхат-Тора дзецям рабілі двукутныя сцяжкі, на якіх малявалі скруткі Торы і размалёўвалі як хто хацеў. На старадаўніх малюнках можна пабачыць, як дзеці ходзяць з гэтымі сцяжкамі. Агулам такую карціну можна было пабачыць у кожным беларускім горадзе, дзе жылі яўрэі, а гэта значыць, што фактычна паўсюль.
СУККОТ У РЭЧЫЦЫ
Вы нарадзіліся ў Рэчыцы. Ці былі ў вас сямейныя традыцыі святкавання? Што захавалася ў памяці?
– Мы святкавалі не ў сям’і, а ў мясцовай яўрэйскай грамадзе. Там рабілі свята для дарослых асобна і для дзяцей асобна, каб заклікаць іх да яўрэйскай традыцыі, гісторыі, культуры. Канечне, у Беларусі ў верасні-кастрычніку не збудуеш шалаш, каб там есці або начаваць. Таму гісторыі пра шалаш у мяне няма, але ёсць пра такі “паўшалаш”. Прыгадваю, як мы жылі ў Рэчыцы, у нас на кухні было шмат раслін, як сапраўдны сад кухня выглядала, таму мы зрабілі “напаўсукку”, то бок мы неба бачыць не маглі, але вось мы ў садзе на кухні як у кучках былі. Там і спалі, і елі, тыдзень праводзілі жыццё ў асноўным на кухні і спалі там. Знайшлі такое выйсце, каб можна было святкаваць.
Вы выехалі з Рэчыцы ўжо даўно?
– Так, выехаў у 2005 годзе.
А як цяпер жыццё яўрэйскай грамады ў Рэчыцы выглядае, вы неяк сочыце за тым, што там адбываецца?
– Вось як мы выехалі, то гэтае жыццё пачало паступова занікаць. Такое пачуццё было, што мы забралі з сабою проста гэта жыццё. Старыя людзі вельмі хутка памерлі, маладыя вельмі хутка асімілююцца. Ёсць арганізацыі, якія прыходзяць з гуманітарнай дапамогай. Памятаю, нам ад амерыканскага яўрэйства прыходзілі некалькі разоў у год пасылкі са святочнай ежай. Цяпер жыццё практычна знікла, няма і будынка, дзе некалі мы рабілі святы… Гэта такія салодкія ўспаміны пра тую грамаду, там было весела, я адчуваў сябе там вельмі добра, на сваім месцы, вельмі прыгожы і прыемны ўспамін.
Распавядзіце пра вашу яўрэйскую грамаду ў Рэчыцы…
– Яўрэйская грамада ў Рэчыцы пачала фарміравацца ў часы перабудовы, бо ў савецкія часы яе існаванне было немагчымым. То бок яна існавала ў падпольным стане, калі, напрыклад, пяклі мацу на Песах. Усе ведалі зразумела, хто ёсць кім, бо прозвішчы і імёны самі за сябе казалі, “хто ты гэткі”. А ў часы Перабудовы пачалося адраджэнне грамады, з’явіліся ініцыятыўныя людзі, якія гэтым займаліся, у 1993 годзе была зарэгістравана мясцовая грамада, у сярэдзіне 1990-х высілкамі грамады нават збудавалі помнік ахвярам Рэчыцкага гета, які пазней перад Дажынкамі знеслі, на яго месца паставілі нейкі новы помнік, невядома чаму так адбылося, бо яўрэйскія могілкі не былі ў цэнтры горада, ніякім старшыням калгасаў яны не заміналі. І так грамада існавала недзе да 2007-2008 года, а потым пачала занікаць.
Гэта была вялікая супольнасць?
– Мы займалі звычайны дом у прыватным сектары, дык калі мы збіраліся, то поўны дом людзей набіваўся.
ДАВЕДКА: У 1847 годзе ў Рэчыцы пражывалі 2080 яўрэяў, функцыянавала сінагога і тры малітоўныя дамы. Паводле перапісу 1897 года яўрэяў было 5334 чалавек (57,5% насельніцтва). У 1939 годзе колькасць яўрэяў складала 7237 чалавек (24% насельніцтва).
ЦІКАВОСТКА 1. Як падаць “апеляцыю” Богу.
Суккот уваходзіць у шэраг навагодніх свят: Новы год (Рош а-Шана), Іом-кіпур і праз тыдзень Суккот.
– Ад Новага года да Іом-кіпура на небе разглядаецца наша справа, потым нам выносяць вырак, а на Суккот мы можам падаць “апеляцыю” на наш вырак на наступны год. То бок на Новы год трэба не проста пагуляць, а падумаць пра сябе, што ты зрабіў, папрасіць прабачэння, выправіць памылкі да Іом-кіпура, але калі не паспеў гэтага зрабіць, то маеш “бонусны” час да канца свята Суккот. Гэта божая міласэрнасць, што табе даюць шанец давесці, што ты можаш змяніцца і паказаць, як ты змяніўся, каб наступны год быў сапраўды добры.
ЦІКАВОСТКА 2. Этрог, лулаў, мірт, іва.
– Ёсць чатыры расліны. Кожная з іх паказвае чатыры характары яўрэйскіх людзей. Тут важныя дзве рэчы: пах і смак. Расліны, якія маюць і пах, і смак (этрог), абазначаюць людзей, якія выконваюць усе абрады і ў якіх чыстая душа, гэта праведнікі. Калі ёсць смак, а няма паху (лулаў) – гэта людзі, якія выконваюць абрады, але душа ў іх “так сабе”. Калі няма смаку, а ёсць пах (мірт) – не выконваюць абрады, але жывуць праведным жыццём. Расліны без смаку і паху (іва) – гэта людзі, якія і не выконваюць ніякіх абрадаў, і жывуць кепска. Вось гэта характарызуе чатыры віды яўрэйскіх людзей.
Як жыццё ў вашым горадзе Ашкелон выглядае цяпер?
– Жыццё звычайнае, але змяняецца тое, што некаторыя людзі на сваіх месцах для паркінгу паставілі шалашы, а машыны адвезлі ў іншае месца, некуды ў поле. Але ў Іерусаліме пабачым, што на балконах людзі ставяць шалашы, там шмат старых дамоў, якія маюць вялікія балконы.
Агулам жа Суккот – гэта радаснае свята, бо людзі, выходзячы з Егіпту, пазбаўляліся рабства, рабскага стану, таму і трэба святкаваць, прыгадваючы падзеі, калі людзі “выбівалі з сябе раба”.