У Беларусі працягваюцца крывыя вечары

by homieldays

А ў Гомелі чакаюць на калядоўшчыкаў.

Дарэчы, яшчэ параўнальна нядаўна, у савецкія часы, хадзіць шчадраваць было забаронена. У вясковых школах класныя кіраўнікі палохалі вучняў, каб не ішлі па хатах калядаваць. Інакш можна было патрапіць на насценную газету, дзе калядоўшчыкаў выстаўлялі жабракамі.

Каляды – гэта не адзін дзень, калі пакалядвалі і разышліся. Гэта цэлы цыкл святаў, які пачынаўся ад Раства і заканчваўся на Вадохрышча. Гэтыя дні ў некаторых рэгіёнах называлі крывымі вечарамі. У гэты час нельга было ні ткаць, ні прасці, ні вышываць. Лічылася, што калі будзеш шыць у гэтыя дні, то жывёла можа нарадзіцца з зашытым ротам ці без вока, ці з пятай нагой. Лічылася, што ў гэтыя вечары трэба гуляць і адпачываць.

Раней, на крывыя вечары, моладзь наймала хату і музыкаў. Ім плацілі яйкамі ці якой-небудзь іншай ежай. Таксама ў гэтыя дні ў гульнях моладзі прысутнічалі элементы карнавалу з пераапрананнямі: хлопца пераапраналі ў дзяўчыну, а дзяўчыну – у хлопца.

У некаторых рэгіёнах на крывыя вечары калядоўшчыкі маглі пахуліганіць, мяняючы, напрыклад, лаўкі ў суседзяў. Альбо моладзь лазіла на дахі і затыкала комін. У выніку зранку, калі жанчына пачынала распальваць печ, то не разумела, чаму ўвесь дым ідзе ў хату. І ўсе гэтыя “прышпілы” ўспрымаліся як жарт. І ніхто б не падумаў пайсці ў міліцыю заяву напісаць.

Увогуле, як гавораць фалькларысты, найбольш багатая калядная абраднасць фіксуецца менавіта на Гомельшчыне. Тут і цікавыя персанажы і нават карагоды, якія вадзілі на Каляды.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png