Кіно на выходныя

by homieldays

“Мая запаветная мара” (“Der ganz große Traum”, Германія, 2011) – стужка для дзяцей і падлеткаў, якая прымусіць шмат над чым задумацца і дарослых. Бо гэта не проста кіно пра школу, стасункі паміж аднакласнікамі і… футбол.

Заснаваны на рэальных падзеях, фільм дазваляе адчуць, якім было жыццё немцаў напрыканцы ХІХ ст. І, магчыма, знайсці для сябе адказ на няпростае пытанне: як сталася, што мільёны немцаў далі прапагандзе падмануць сябе настолькі, што дазволілі сваёй краіне развязаць не адну, а ажно дзве сусветныя крывавыя бойні на працягу адносна невялікага гістарычнага перыяду.

Канешне, Гітлера і ягоных прыспешнікаў нельга аднесці да нармальных людзей. Але на нацысцкую прапаганду ў вялікай колькасці павяліся звычайныя, цалкам адэкватныя людзі, не вар’яты ці вычварэнцы. Аднак да моманту прыхода да ўлады нацыстаў глеба нацыянальнай свядомасці была добра падрыхтаваная. Якім чынам? Народ прывучылі жыць у сталым адчуванні выключнасці сваёй нацыі і верыць, што навокал – ворагі, якія табе зайздросцяць і мараць знішчыць тваю краіну. Усё замежнае трэба вынішчыць. Бачыць свой край лепшым на свеце цалкам нармальна, але па-імперску лічыць сябе лепшым за іншых – прамы шлях да катастрофы, якая папсуе жыццё іншым краінам, але ўрэшце разбурыць і тваю ўласную.

Як гэта ўсё звязана з сюжэтам фільма? У школу ў якасці эксперыменту запрашаюць настаўніка ангельскай мовы. Але калі гэты факт грамадскасць яшчэ неяк перажыла, то захапленне дзетак футболам – варварскай прыдумкай англічан – успрымаецца як пагроза ўсёй стабільнасці краіны. Яно і не дзіўна – гульня куды цікавей, чым заняткі, дзе ідэалогіі больш, чым новых ведаў, шмат хлусні і перапісанай гісторыі. Падчас матчу ты можаш быць самім сабою, а не маленькім бездакорным жаўнерам, які нічога не бачыць у жыцці, акрамя муштры.

Пры тым, што кіно можа прывесці да сур’ёзных філасофскіх разважанняў, яно вельмі лёгкае і прыемна кранальнае. Раім для сямейнага прагляду. Сюжэт зацікавіць малодшае пакаленне, а гістарычныя рэаліі (як палітычныя, так і футбольныя) – старэйшых.

На Youtube фільм ёсць на нямецкай, польскай (Lekcja marzeń), італьянскай (Lezioni di sogni), іспанскай (Unidos por un Sueño) і расейскай (Моя заветная мечта) мовах.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png