Навіны горада

Капуста пагніла! 225 тон гародніны згнілі на складах Гомеля

Гэта палова ўсіх запасаў, а, значыцца, бліжэйшым часам у Гомелі будзе дэфіцыт капусты. Як паведамляе рэгіянальнае выданне «Рагачоў Анлайн», выпадак адбыўся на складах стабілізацыйнага фонду Гомеля «Камбінат «Усход».

Ілюстрацыйнае фота

Вядома, што работнікі прадпрыемства не раз паведамлялі кіраўніцтву пра праблемы захоўвання капусты – на працягу некалькіх месяцаў пісалі з гэтай нагоды дакладныя. Гародніну няправільна і несвоечасова падрыхтоўвалі да захоўвання. Акрамя таго, былі парушаныя неабходныя тэмпературныя рэжымы. Але аніякіх мер для вырашэння праблемы за гэты час ніхто так і не прыняў.

Вынік – 224 тоны згнілай капусты і шкода ў 83 тысячы рублёў.

Пачатая крымінальная справа па арт. 425 КК (бяздзейнасці службовай асобы). Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 5 гадоў пазбаўлення волі. Але калі кіраўнік пакрые нанесеную шкоду, прысуду ён можа пазбегнуць.

Што тычыцца няшчаснай белакачаннай капусты, то вядома, што на прадпрыемстве ўжо аднавілі ахалоджванне ў камерах захоўвання, а супрацоўнікі экстранна перабіраюць усю капусту, выдаляюць згнілыя часткі і спрабуюць захаваць тое, што яшчэ можна прадаць. Начальнік складоў захоўвання і перапрацоўкі плодаагародніннай прадукцыі ААТ «Камбінат» Усход» Надзея Гуцава адзначае, што ўдалося захаваць прыкладна палову запасаў капусты.

Штодзень