Навіны горада

Капітальнай рэканструкцыі пешаходнага маста праз Сож не было пасля пабудовы ў 1960-х

Увечары пешаходны мост цераз Сож прыемна зіхаціць рознакаляровымі агеньчыкамі. Канешне, такі дэкор робіць яго турыстычнай цікавосткай. Але ўпрыгожанне не заменіць рамонт.

“Галоўны шлях” да зарэчнай зоны адпачынку пабудавалі ў 60-х гг. ХХ ст. За дзесяцігоддзі эксплуатацыі розныя элементы здрахлелі. Некалькі разоў (у 2009, 2011 і 2021 гадах) мост перакрывалі, бо надзейнасць канструкцыі выклікала трывогу. Але паколькі сродкі на капітальную рэканструкцыю так і не былі знойдзеныя, пасля латання дзір у асфальтавым пакрыцці, пешаходным мостам дазвалялі карыстацца.

Даўно вядома, што, каб ашчадзіць сродкі на нешта вялікае, трэба адмаўляць сабе ў дробязях, без якіх можна і абысціся. Але ў тых, хто распараджаецца гарадскім бюджэтам, відаць, іншы падыход. Сродкі бясконца марнуюцца на святочны дэкор і ілюмінацыю, салюты, сцягі на кожным будынку і г.д. Таму на сур’ёзныя рэчы кшталту рамонту моста фінансаў не хапае.

Штодзень