“Спім у касцюмах і шкарпэтках”: гамяльчане патрабуюць цяпла, улады прапануюць чакаць

Гамяльчане скардзяцца на холад і сырасць у кватэрах і патрабуюць уключыць ацяпленне. У адказ гарадскія ўлады нагадваюць пра тэмпературны парог і паведамляюць, што цяпло пададуць “пры наяўнасці падстаў”. Даты пачатку ацяпляльнага сезона ў жылых дамах пакуль не называюць.

“Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт, уключыце ацяпленне ў жылым фондзе! Я не магу ніяк паўплываць на сітуацыю, акрамя як вынесці на ўсеагульнае абмеркаванне”, — напісала ў сацсетках гамяльчанка.

Паводле яе, удзень тэмпература ў кватэры падымаецца да +19 °C, а ўначы апускаецца ніжэй. На вокнах пастаянна збіраецца вада. Жанчына патэлефанавала ў прыёмную, дзе ёй адказалі: ацяпленне ўключаць пасля трох дзён з сярэднясутачнай тэмпературай ніжэй за +8 °C.

Іншыя ўдзельнікі абмеркавання паведамляюць пра падобныя ўмовы.

“То вада забруджаная, то ў сырасці і холадзе сядзі, пакуль не пажадаюць цяпло падаць. Бялізна не сохне, спаць даводзіцца ў касцюме, шкарпэтках і пад ватнай коўдрай, але прачынаешся — усё роўна нос і рукі халодныя. І гэта новабудоўля”, — падзялілася іншая жыхарка.

“У бальніцах спёка, а дома мароз. Тыя ж дзеці прыходзяць у халодныя кватэры. Гомель — як “кролікі” для доследу?” — абурылася яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі.

На фоне скаргаў у канале “Гомель афіцыйна” апублікавалі тлумачэнне: падставай для запуску ацяплення ў жылым фондзе стане сярэднясутачная тэмпература +8 °C і ніжэй на працягу трох дзён запар. Рашэнне прымаюць выканкамы з улікам тэмператур і прагнозаў Белгідрамета.

“Службамі горада вядзецца штодзённы маніторынг сярэднясутачнай тэмпературы паветра. Пры наяўнасці падстаў ацяпленне ў абласным цэнтры будзе ўключана”, — гаворыцца ў паведамленні.

Такім чынам, на скаргі пра сырасць, мокрыя вокны і халодныя ночы жыхары атрымалі бюракратычнае тлумачэнне без канкрэтнай даты. Больш за тое, улады папярэдзілі: пасля запуску ацяплення выхад сістэмы на нармальныя параметры і развоздушванне стаякоў могуць заняць да дзесяці дзён. У тым жа паведамленні нагадваецца, што падчас ацяпляльнага сезона тэмпература ў жылых памяшканнях павінна складаць ад +18 да +24 °C. Калі гэты сезон пачнецца для гамяльчан, якія ўжо мерзнуць у сваіх кватэрах, — пытанне застаецца адкрытым.

Related posts

У Год беларускай жанчыны — з граблямі: ГЗЛіН пахваліўся прыборкай, на відэа якой толькі жанчыны

“Як у басейне, аж вочы шчыпле”: гамяльчане скардзяцца на рудую ваду з пахам хлоркі

Дзюны, грыбы і лясная рамантыка: гомелец паказаў востраў на Сожы непадалёку ад горада