“Калі я праехаў беларускі кардон, то ў мяне навярнуліся слёзы”. Эксклюзіўнае інтэрв’ю з Іллём Міронавым

by ZB

Ілля Міронаў — адзін з нямногіх беларусаў, які ва ўмовах без пяці хвілін таталітарнай сістэмы працягваў публічную грамадскую дзейнасць. Ён хадзіў на палітычныя суды, падтрымліваў палітзняволеных і  намагаўся прыцягнуць да адказнасці бесцырымонных прапагандыстаў Мукавозчыка і Азаронка. Ягоная актыўнасць была прычынай шматлікіх фактаў пераследу з боку так званых уладаў, якія кідалі грамадзяніна за краты, пагражалі расправай і пераследвалі блізкіх. Пасля таго, як Ілля апынуўся ў вольнай краіне, ён падрабязна падзяліўся сваімі думкамі наконт бягучай сітуацыі.

Штодзень: Ілля, што стала апошняй кропляй для таго, каб ты пакінуў краіну?

Ілля Міронаў: Рашэнне пра ад’езд было прынятае імгненна. Я не збіраўся з’язджаць так хутка. У сераду, 7 чэрвеня, я паехаў у Менск па справах. У мяне былі планы схадзіць на канцэрты да сяброў з аднаго музычнага гурта. І ў той дзень я дазнаўся, што адзін з апошніх легальных незалежных парталаў “Штодзень” быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”, прычым зроблена гэта было “заднім чыслом”. Паколькі я даў інтэрв’ю вашаму парталу ўжо пасля ўнясення яго ў спіс “экстрэмістаў”, то зразумеў, што ў мяне засталіся лічаныя дні да моманту, калі мяне арыштуюць. Адпаведна, было прынятае рашэнне хутка з’язджаць.

Наколькі цяжка далося рашэнне пра ад’езд?

Вельмі цяжка было з’язджаць. Я не хацеў пакідаць Беларусь па некалькіх прычынах. Па-першае, я хацеў дачакацца адказаў наконт прапагандыстаў Мукавозчыка і Азаронка з Міністэрства інфармацыі. Я не хацеў кідаць гэтую справу на палове дарогі. І хоць я разумеў, што мог дачакацца адказаў у любой краіне свету, але хацелася быць у гэты час у Беларусі. Аднак рацыянальна разумеў, што мяне маглі арыштаваць у любы момант. І закінуць альбо ў СІЗА на Валадарцы, альбо, калі б я вярнуўся у Гомель, то ў Гомельскае СІЗА. Я разумеў, што мне неабходна вырашаць пытанне з ад’ездам, хоць, падкрэслю, гэта было вельмі балюча, бо мяне ўспрымалі ў родным горадзе як сімвал. Калі я сядзеў у ІЧУ, то многія калегі па няшчасці мне тады гаварылі: “Ілля — ты наш сцяг”.  І я б хутчэй сеў у СІЗА паўторна, але логіка падказвала дзейнічаць інакш. Я разумеў, што на волі зраблю куды больш, чымся ў засценках. Акрамя гэтага, я непакоіўся за сваіх блізкіх людзей, якія вельмі перажываюць за мае “прыгоды”. Маёй маці ўжо 73 гады. У гэтым узросце хваляванні за сына вельмі небяспечныя, адмоўна адбіваюцца на сэрцы.

Як прайшоў мяжу?

Ніякіх праблем з перасячэннем мяжы не было. Усё прайшло вельмі хутка. Толькі на літоўскай мяжы мяне памежнік спытаў, куды я накіроўваюся. Я яму паведаміў, што еду ўладкоўвацца на працу і, акрамя гэтага, з’яўляюся былым палітвязнем. Літоўскі афіцэр адразу прапанаваў мне дапамагчы, пачаў гаварыць пра магчымасць атрымаць палітычны прытулак. Я яму падзякаваў за ўвагу. Ён мне пажадаў добрага шляху. Так я апынуўся ў Літве.

Канешне, калі я праехаў беларускі кардон, то ў мяне навярнуліся слёзы. Я падумаў, што, магчыма, я не хутка змагу трапіць дадому, убачыць родных людзей, паколькі мяне проста не пусцяць. Я ўзгадаў чамусьці гісторыю экс-кіраўніка беларускага касцёла Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пускалі праз мяжу працяглы час. Эмоцыі мяне накрылі. Але я перасёк мяжу, апынуўся ў бяспечным месцы. Прыехаў на вакзал у позні час.

Ілля Міронаў на віленскім вакзале

Беларуская салідарнасць — гэта не пусты гук?

Ні ў якім разе. Беларуская салідарнасць — гэта не пусты гук. Магу гэта давесці на ўласным прыкладзе, калі я апынуўся ў незнаёмым для мяне горадзе познім вечарам, адчуў на сабе цэлую хвалю людской падтрымкі. Я напісаў пост прама з віленскага вакзалу з просьбай аб падтрымцы. І тады на мяне пасыпаліся сотні прапановаў з розных краін і гарадоў. Людзі раілі недарагія хостэлы, дзе спыняліся раней. Некаторыя прапанавалі грошы перавесці. Хтосьці быў гатовы мяне сустрэць у іншым горадзе. Але сапраўдны цуд здарыўся праз 10 хвілін псля размяшчэння майго паведамлення. На машыне ў нядзельны вечар прыехала жыхарка Вільні, прадстаўнічка арганізацыі Dapamoga Наталля Калегава, якая забрала мяне да сябе. Мяне абагрэлі, накармілі і ўклалі спаць. Я гэтую жанчыну ведаў толькі па перапісцы раней. Гэта сапраўдны цуд! Але разумею, што “немедыйным асобам”, якія б апынуліся ў падобнай сітуацыі, было б куды складаней знайсці дах над галавой так хутка. І гэта, дарэчы, праблема, паколькі многія беларусы ўцякаюць з краіны літаральна з пустымі рукамі і без папярэдніх дамоўленасцей.

Чым плануе займацца?

Я з’ехаў у Вільню з мноствам ідэй адносна далейшай дзейнасці. Па-першае, планую пачаць займацца арганізацыяй канцэртаў беларускіх выканаўцаў, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. Па-другое, буду ствараць электронны рэсурс, прысвечаны гісторыі папулярнай музыкі Гомельшчыны. Я лічу, што культура — гэта рухавік грамадскіх перамен. Нагадаю, што андэграўндныя музыкі ў 1980-х гадах адыгралі вялікую ролю ў дэмакратызацыі камуністычнай дзяржавы і падрыхтавалі грамадства да трансфармацыі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png