Калі будзе, невядома: у Мазыры бліжэйшым часам не плануюць уключаць ацяпленне

Пакуль у Мінску і абласных цэнтрах рапартуюць пра паступовае ўключэнне ацяплення, у рэгіёнах зусім іншая сітуацыя. У Мазыры, напрыклад, прайшлі чуткі, што цяпло ў дамах з’явіцца да канца тыдня. Гэтую дату ўлады абверглі, а новая і не называецца.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар: БЕЛТА

Мясцовыя камунальнікі паабяцалі пачаць уключаць ацяпленне ў дзіцячых садках, школах, паліклініках і лякарні, музеях, архівах і бібліятэках. А ў кватэрах – толькі калі сярэднесутачная тэмпература будзе не вышэй за +8.

Калі паглядзець доўгатэрміновы прагноз надвор’я, гэта адбудзецца недзе ў апошнюю дэкаду кастрычніка, калі чакаецца ніжэй за +10 удзень.

Гэта выклікала рэзкую крытыку жыхароў горада.

«На вуліцы пацяплела, радуйцеся», – піша Ю. Ён раіць больш гуляць, дыхаць, «зіма прыйдзе нечакана».

«А дома як у пограбе, жыць на вуліцы?» – пытаецца В.Б.

«Да канца тыдня ноччу +3, днём +12, пацяплее на пару дзён, а там будзе рэзкае пахаладанне, у кватэры холадна, а як жа малыя, старыя. Чакаем, калі ўсе масава пойдзем у паліклініку, хто з дзецьмі, хто сам», – адзначае іншы гараджанін. Іншыя скардзяцца, што дзеці ўжо хварэюць.

Ёсць і тыя, хто падтрымлівае рашэнне ўладаў. «Ну і правільна, ну і добра – болей сродкаў сэканомім з бюджэту на іншыя карысныя расходы!» – піша ПК. Ён раіць ісці ў музей (там ацяпленне хутка будзе) і «пацікавіцца, як жылі нашы продкі на гэтым месцы шмат тысяч год таму».

Пры гэтым гараджане паведамляюць, што няма ацяплення пакуль і ў школах. «У школе, як на вуліцы», – піша М.

А іншыя кажуць, што эканомія на адсутнасці цяпла эфемерная, бо кошт электрычнасці ад уключаных абагравальнікаў яе пяройдзе. Не абышлося і без дыскусіі, колькі працэнтаў ад кошту камунальных аплачваюць беларусы: «Толькі разлікаў, што ўключана ў гэтыя 100% ніхто не бачыў. Таму я лічу, што аплаціў усё, а лакшыну з працэнтамі хай вешаюць камусьці яшчэ».

Камунальная драма пад назвай «Уключэнне ацяплення» знаходзіцца ў топе разам з «Адключэннем гарачай вады». Яе сюжэт завязаны напрамую на неэфектыўнасці ўсёй сістэме і наплявацельскім стаўленні чыноўнікаў да патрэбаў людзей. Была б у іх залежнасць ад меркавання людзей, праблема даўно была б вырашаная.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары