Якая сувязь паміж фінскім баронам і гомельскім раёнам Манастырок. Гістарычнае даследаванне Штодня

by ZB

На адной з вуліц Манастырка можна пабачыць самотны кавалак тратуарнай пліткі з кляймом Завода керамічных вырабаў, заснаванага Эдуардам Бергенгеймам, асобай з незвычайнай біяграфіяй.

Эдуард Бергенгейм. Фота: Вікіпедыя

Эдуард Бергенгейм нарадзіўся 17 студзеня 1844 г. у фінскім горадзе Аба (зараз – Турку). З дзяцінства марыў аб вайсковай кар’еры. Скончыў Фінскі кадэцкі корпус, затым – інжынерныя курсы пры Адэскай ваеннай вучэльні.

Падчас працы на будове Курска-Харкаўска-Азоўскай чыгункі малады спецыяліст звярнуў увагу на залежы гліны і вугалю на Данбасе. Пры гэтым актыўная разбудова чыгуначных ліній патрабавала масавага ўзвядзення новага тыпа грамадскіх месцаў – вакзалаў. Для іх аздаблення надзейную і якасную плітку даводзілася завозіць з-за мяжы, што значна павялічвала кошт будаўніцтва. Прааналізаваўшы ўсё гэта, у 1876 г. Бергенгейм стварае завод па вытворчасці тэракотавых вырабаў (першапачаткова кафлі і пліткі для падлогі). На поўдні Расейскай імперыі такое прадпрыемства было створана ўпершыню.

Кафля ў музеі ў Харкаве. Фот: moniacs.kh.ua

Прадпрымальнік быў адначасова дэпутатам гарадской Думы і добра бачыў праблемы, якія стварала няўмольная ўрбанізацыя. Таму пазней у асартымент дадаліся такія ўтылітарныя рэчы, як тратуарная плітка, керамічныя каналізацыйныя трубы, дахоўка і інш.

Вырабы ад фінскага прадпрымальніка карысталіся шалёным попытам, бо іх якасць не саступала замежным, а кошт быў значна меншы. Так, на пачатку ХХ ст. завод вырабляў да 1 000 000 вогнетрывалай цэглы, 7,5 тыс. пудоў керамічных труб і да 4 000 000 шт. кафлі ў год. Кафля і дагэтуль захавалася ў дамах Харкава, Кіева, Дняпра, Адэсы, у Лівадыйскім палацы. Нават у Чэлябінску, які знаходзіцца больш за 2 000 км ад Харкава, мясцовыя краязнаўцы знаходзяць вырабы ад Бергенгейма.

Канешне ж, завозілася гэтая плітка і на беларускія землі. Так, харкаўскай пліткай, такой жа, як у Манастырку, была выкладзена падлога ў так званым палацы-прывідзе Святаполк-Мірскіх (будынак не захаваўся), што знаходзіўся непадалёк ад Мірскага замка.

 

Знаходкі з археалагічных раскопак рэштак былога палаца Святаполк-Мірскіх, 2016 г. Фота: www.belta.by

Кошт пірагранітнай 8-граннай пліткі быў 63 рублі за 1000 шт. Дастаўка ў Гомель чыгункай вымагала каля 67,05 руб. за вагон (90 пудоў).

З прэйскуранта вырабаў завода Бергенгейма, 1911 год. Фота: brick-stamps.livejournal.com

Знайсці больш чым стогадовую плітку ў памяшканні даволі складана. Але тое, што можна напаткаць яе пасярод вуліцы, варта лічыць чымсьці неверагодным! Колькі разоў за гэты час мянялася пакрыццё, нават трывалая брукаванка схавалася пад асфальтам. Падобна, што рэкламе пачатку ХХ ст., якая сцвярджала, што цвёрдасць пліткі па шкале Моаса 9-10 (як у карунд-алмазу), можна давяраць. Дзіўна, што сучасная тратуарная плітка, пры ўсёй развітасці тэхналогій, не заўсёды вытрымлівае нават 10 год эксплуатацыі.

Характарыстыкі тратуарнай пліткі ад Бергенгейма. Фота: brick-stamps.livejournal.com

Савецкая прапаганда стварыла міф, што ўсе капіталісты былі засяроджаны выключна на атрыманні прыбытку і зусім не клапаціліся пра супрацоўнікаў. Канешне, працоўнаму класу жылося цяжка, і рэвалюцыя ўзнікла не на пустым месцы. Але асоба Бергенгейма – яскравы прыклад таго, што частка дарэвалюцыйных прадпрымальнікаў мела прагрэсіўнае мысленне і пачала ствараць годныя ўмовы для простых людзей задоўга да ўзнікнення прафсаюзаў і галіны аховы працы. На прадпрыемстве ўвесь час клапаціліся аб паляпшэнні ўмоў працы, пры заводзе працавалі бальніца, школа і садок для дзетак рабочых, сталоўка, крама з аптовымі, таннейшымі, чым у іншых гандлёвых кропках, цэнамі; будавалася жыллё, створана каса ўзаемадапамогі. У перапынках паміж працай можна было адпачыць у велізарным садзе, арганізаваным непасрэдна на тэрыторыі завода.

Нельга абмінуць яшчэ адзін гістарычны факт. Бергенгейм атрымаў тытул барон Вялікага княства Фінляндскага – генерал-губернатарства ў складзе

Расейскай імперыі. Пры гэтым цалкам магчыма, што без дапамогі прадпрымальніка Фінляндыя магла б і не атрымаць незалежнасць і ў перспектыве стаць яшчэ адной савецкай рэспублікай.

Справа ў тым, што пляменнік Эдуарда, свавольнік і гарэза, быў адлічаны з Фінскай кадэцкай вучэльні за дрэнныя паводзіны і парушэнні дысцыпліны. Ганарысты юнак паабяцаў былым настаўнікам, што працягне адукацыю ў больш прэстыжнай Нікалаеўскай вучэльні ў Пецярбургу. З гэтых словаў пасмяяліся, бо хлопец не мог пахваліцца ні добрымі адзнакамі, ні належным валоданнем рускай мовы, ні адпаведнымі кавалерыйскімі навыкамі. Каб рэалізаваць запланаванае, трэба было шмат займацца з прыватнымі настаўнікамі, што вымагала грошай. Тады вучань-небарака напісаў да багатага дзядзькі і папрасіў фінансавай дапамогі. Звалі пляменніка Карл Густаў Манэргейм.

Карл Густаў Манэргейм, 1941 год. Фота: Вікіпедыя

Бергенгейм вырашыў дапамагчы, але разумеў, што даваць грошы такому вісусу небяспечна. Таму вучыцца будучаму фінскаму ваеннаму і дзяржаўнаму дзеячу, генералу, фельдмаршалу, маршалу, а затым і прэзідэнту незалежнай Фінляндыі давялося ў Харкаве, пад пільным наглядам родзіча.

Завод Бергенгейма ў Харкаве, пачатак ХХ ст. Фота: uk.wikipedia.org

Пасля смерці прадпрымальніка ў 1893 годзе завод паспяхова працягнуў працу. Па словах харкаўскіх гісторыкаў, нейкі час пасля рэвалюцыі прадпрыемства яшчэ працавала. На жаль, дакладная дата спынення дзейнасці невядомая. Але традыцыі вытворчасці кафлі, закладзеныя Бергенгеймам, не загінулі.

У 1936 годзе быў збудаваны Харкаўскі завод керамічнай пліткі. Але запусціць вытворчасць не паспелі, пасля вайны ўсё давялося адбудоўваць. Выпуск прадукцыі пачаўся ў 1946 г. Тутэйшай пліткай абліцаваны Марыінскі тэатр у Кіеве і некалькі савецкіх маскоўскіх высотак. У 90-я прадпрыемства прыйшло ў заняпад. У 2004 годзе яно было прыватызаванае, і з гэтага часу пачаўся новы этап развіцця. Пасля поўнай мадэрнізацыі завод павялічыў аб’ёмы вытворчасці ў 20 разоў у параўнанні з савецкім часам і стаў пастаўляць кафлю, керамаграніт і іншыя вырабы ў 43 краіны. Спадзяемся, прадпрыемства перажыве ўсе цяжкасці сённяшніх дзён і гомельцы яшчэ пабачаць харкаўскую плітку на палічках нашых крамаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png